Жыццё Міхаіла Шаўчука было нялёгкім. Ён сам сабе выбраў такі шлях, калі з юнацтва пачаў барацьбу за аб’яднанне беларускіх земляў у адзіную савецкую рэспубліку, а ў час Вялікай Айчыннай вайны актыўна змагаўся з акупантамі, што захапілі радзіму.

У маім дзяцінстве хлапчукі, бывала, гулялі ў разведчыкаў. Гэтаму спрыяла папулярнасць фільмаў пра выдуманага героя Шцірліца і сапраўднага Героя Савецкага Саюза Мікалая Кузняцова. І наколькі шмат уражанняў прынеслі сустрэчы з земляком, Міхаілам Шаўчуком, які ў вайну змагаўся плячо ў плячо з легендарным разведчыкам.
Нарадзіўся Міхаіл Макаравіч 115 гадоў таму, 13 студзеня 1911-га, у вёсцы Вялікія Якаўчыцы.
– У мяне не было дзяцінства, асірацеў у шэсць гадоў, калі памерла матуля, – успамінаў пазней Міхаіл Макаравіч. – З малых гадоў вымушаны быў зарабляць сябе на пражыццё. Так званымі сялянскімі “ўніверсітэтамі” сталі праца і барацьба за справядлівасць.
Міхаіл Шаўчук сустрэў людзей мужных духам, якія марылі пра вяртанне спрадвечных беларускіх земляў. Таму ў 15 год ён стаў членам камсамола Заходняй Беларусі, а затым і сябрам КПЗБ.
Пільнае паліцэйскае вока неадступна сачыла за кожным крокам маладога падпольшчыка. Той зведаў пераслед і катаванні, некалькі разоў быў арыштаваны буржуазным польскім урадам. У 1935 годзе Міхаіл Шаўчук трапіў у Равіцкую вязніцу, дзе панавалі нечалавечыя ўмовы для шматлікіх палітзняволеных.
Аднак восенню 1939 года, калі пачалася Другая сусветная вайна і пільнасць турэмшчыкаў знізілася, наш зямляк збег з-пад варты. З вялікімі цяжкасцямі ён дайшоў да родных Якаўчыцаў. Тут вітаў прыход чырвонаармейцаў, актыўна ўдзельнічаў у павятовым Кобрыне ў стварэнні народнай гвардыі. Неўзабаве, калі ўзнікла міліцыя, Міхаіла Макаравіча запрасілі ў органы правапарадку. Навыкі, атрыманыя ў аператыўнай рабоце, вельмі спатрэбіліся Шаўчуку, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна. У першыя яе гадзіны ён разам з іншымі міліцыянерамі рушыў на ўсход. Пад Пінскам яны аб’ядналіся ў партызанскі атрад, які сустрэў конную дывізію легендарнага генерала Даватара, што здзяйсняла рэйд па варожых тылах. Даватараўцы звязаліся з Масквой, і хутка Міхаіл Шаўчук аказаўся ў сталіцы, дзе праходзіў навучанне ў якасці будучага разведчыка. Яго талент раскрыўся тады, калі група асобнага прызначэння, у якую ўключылі нашага земляка, была закінута пад Роўна.
На чале гэтай групы стаяў адважны разведчык Мікалай Кузняцоў. Мікалай Іванавіч пад імем обер-лейтэнанта Паўля Зіберта дзейнічаў у тыле ворага. Яго подзвігі паказаны ў шматлікіх газетных замалёўках і кнігах, дакументальных і мастацкіх кінастужках. Змянілі свае прозвішчы і іншыя члены групы. Наш зямляк Міхаіл Шаўчук прадстаўляўся камерсантам з Варшавы Баляславам Янкевічам. Штодзень сустракаючы невысокага пана Болека, нацысты і не здагадваліся, што гэты чалавек выконвае адказныя заданні Цэнтра. Калі Мікалай Кузняцоў сустрэўся з рэйхскамісарам Украіны Эрыхам Кохам, каб знішчыць ката, Шаўчук знаходзіўся паблізу. Кох пазбег кары ад рук савецкага разведчыка толькі таму, што выпадкова прагаварыўся пра хуткае наступленне нямецкіх войск пад Курскам. Гэта былі надзвычай важныя звесткі, якія даставілі савецкія падпольшчыкі. Так, разведка спрацавала на выдатна ў гэты і іншыя разы, што павінен быў прызнаць нават вораг. Байцы нябачнага фронту не давалі спакою гітлераўцам і іх памагатым.
Сябры па зброі характарызавалі Шаўчука як чалавека міралюбівага, добрага сем’яніна, які нарадзіўся для сялянскай працы. Так, у мірным жыцці ён бы стаў хлебаробам, бо да гэтай справы ляжала сэрца. Аднак нараджэнец Якаўчыцаў горача любіў сваю Радзіму, таму, як мог, набліжаў вызваленне. Бадай, самай значнай яго справай стаў выбух на чыгуначным вакзале ў горадзе Роўна, дзе знаходзілася шмат гітлераўцаў. У выніку за галаву смельчака нацысты абяцалі вялізныя грошы – 100 тысяч дойчмарак. Аднак іх спробы знішчыць адважнага разведчыка былі дарэмнымі. Сялянскі розум і дасціпнасць дапамагалі разведчыку ў самыя крытычныя моманты.
Пасля вайны Міхаіл Макаравіч пасяліўся ў Львове, а затым пераехаў у Забайкалле, дзе служыў аператыўным упаўнаважаным. Пасля выхаду ў адпачынак вярнуўся ў Заходнюю Украіну. Сустракаўся з жабінкаўскімі школьнікамі, што прыязджалі ў госці да знакамітага земляка. Выдатны ветэран неаднаразова ў 80-я гады мінулага стагоддзя наведваўся ў Жабінку, выступаў перад навучэнцамі гарадскіх школ і на прадпрыемствах нашага горада, ліставаўся з вучнямі роднай Якаўчыцкай школы. Яго біяграфіі прысвечаны росшукі краязнаўцаў Жабінкаўшчыны, у тым ліку Мікалая Міцковіча, Ганны Максімчук, супрацоўнікаў раённай бібліятэкі.
У сваім узнагародным арсенале Міхаіл Шаўчук меў ордэны Чырвонага Сцяга і Чырвонай Зоркі, медалі “За абарону Масквы”, “Партызану Вялікай Айчыннай вайны”, “За перамогу над Германіяй”, “30 гадоў Савецкай Арміі і Флоту”, дзяржаўную ўзнагароду Польскай Народнай Рэспублікі “Крыж адважных”. Наш зямляк неаднаразова быў адзначаны граматамі, падзякамі, залатым гадзіннікам за ўдзел у барацьбе з бандытамі. Спынілася сэрца адважнага разведчыка ў 1989 годзе. Аднак памяць пра яго застаецца жыць і ў нашы дні. Ён адзін з тых, кім ганарыцца яго малая радзіма – Вялікія Якаўчыцы, Жабінкаўскі раён і ўся Беларусь.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота з архіва аўтара
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
