Сумная навіна кранула ў гэтыя студзеньскія дні жабінкаўцаў: на 95-м годзе жыцця ў іншы свет пайшоў Павел Іванавіч Паляшчук (1931 – 2026) – апошні ветэран, што пражываў у нашым раёне.

Бываюць людзі, што сімвалізуюць цэлую эпоху – няпросты час, пражыты пэўным пакаленнем. Да такіх асоб адносіўся Павел Іванавіч. Свой доўгі век гэты шаноўны чалавек з багатым разнастайным лёсам правёў у аграгарадку Ленінскі ў доме, на якім было пазначана: тут жыве ветэран Вялікай Айчыннай вайны.
Памятаю, як пару гадоў таму Павел Паляшчук, сустракаючы ў сваёй кватэры дарагіх гасцей, ахвотна расказваў цікавыя моманты са сваёй багатай біяграфіі.
Павел Іванавіч нарадзіўся 24 красавіка 1931 года на Далёкім Усходзе, за многія тысячы кіламетраў ад нашага палескага краю. У падлеткавым узросце яму давялося ўстаць да станка на абаронным заводзе. Юнак зведаў нішчымніцу і цяжкую працу, набліжаючы разам з іншымі работнікамі тылу яркія салюты Вялікай Перамогі. За гэта ветэран меў пашану і ўзнагароды. Апошнім па часе стаў юбілейны медаль, уручаны паважанаму Паўлу Іванавічу з нагоды 80-годдзя перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.
Калі адгучалі апошнія выбухі і стрэлы таго ліхалецця, былы працаўнік тылу штодзённымі сваімі справамі не раз станавіўся ўзорам для іншых. Зусім нездарма Павел Іванавіч любіў апранаць цяльняшку, паколькі меў за плячыма не адну марскую адысею на навукова-даследчым судне “Віцязь”, што вывучала Ціхі, Атлантычны і Індыйскі акіяны.
У гэтыя студзеньскія дні прыйшоў час развітацца з чалавекам шырокай рамантычнай душы, што набліжаў, як мог, Вялікую Перамогу, а затым аддана працаваў на карысць роднай краіны. На жаль, пасля зыходу апошняга ветэрана з жыццёвага строю, яшчэ менш засталося тых, хто памятае ваеннае ліхалецце. На сённяшні дзень на Жабінкаўшчыне пражываюць пяць малалетніх вязняў фашысцкіх канцлагераў.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота з архіва аўтара
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
