Некалі Расціслаў Бензярук у аўтабіяграфічным вершы прыгадваў свае пачаткі: «На парозе вясны, сярод лютай вайны, меў я шчасце калісь нарадзіцца». І вось 27 лютага да пісьменніка, які жыве ў Жабінцы і актыўна шчыруе на творчай ніве, завітаў прыгожы юбілей – 80 год з дня нараджэння.
Калі прыходзіць такое саліднае ўласнае свята, міжволі робіш «жыцця свайго агледзіны».
І ў вершах, і ў прозе Расціслаў Мацвеевіч не раз прыгадваў сваё няпростае пасляваеннае маленства, нізка схіляючы пасівелую галаву перад матуляй Кацярынай і бабуляй Дуняй, якія выхавалі, далі адукацыю, вывелі ў вялікі свет вясковага хлапчука. У памяці і вобраз таты Мацвея Усцінавіча, што загінуў 30-гадовым у студзені сорак пятага на варшаўскім напрамку, калі малодшаму сыну і года яшчэ не было…
Але шматлікія добрыя людзі, што трапляліся на жыццёвым шляху, убачылі і падтрымалі іскрынкі маладога таленту, літаральна прымусілі паверыць сціплага юнака ў свае сілы. Так і атрымалася, што ў беларускай літаратуры аднойчы і назаўжды загучаў арыгінальны голас Расціслава Бензерука.
Вядома, у самым пачатку крыху паспрыяла ўдача. А яна ж – дама капрызная – не да кожнага ставіцца ласкава… Талент, памножаны на ўменні ды працавітасць, падтрыманыя той самай удачай, надоўга замацавалі за Расціславам Мацвеевічам высокі тытул дзіцячага пісьменніка. Нездарма яго творы паўвеку ўжо вывучаюць дзеткі ў школе! Так, пазней было ў пісьменніцкім багажы шмат кніг паэзіі і прозы, найчасцей адрасаваных дарослым. Аднак Бензеруку наканавана, як некалі Чукоўскаму ці Маршаку, заставацца перш-наперш аўтарам для самых маленькіх чытачоў, нават тых, хто яшчэ чытаць не ўмее, але ўважліва слухае маму або бабулю, выхавальніцу ці настаўніцу, што чытаюць на славу казкі дзеда Расціслава.
Таму ёсць прычына ў юбілейныя дні падрабязней расказаць, як у айчыннай літаратуры некалі нарадзіўся казачнік з Жабінкі. І адбылося гэта дзякуючы выпадковай (ці ўсё ж заканамернай?) сустрэчы ў далёкім студзені 1971 года…
Ва ўдачы было гучнае імя – Васіль Вітка – тагачасны рэдактар вядомага дзіцячага часопіса Вясёлка. Цімох Васільевіч Крысько (сапраўднае імя Васіля Віткі) прыняў маладое дараванне і прапанаваў прачытаць свае творы. У кейсе пачаткоўца, як бы цяпер сказалі, была нізка апавяданняў. Расціслаў чытаў адно, другое, трэцяе… Масціты пісьменнік слухаў, не перабіваў, але і радасці не выказваў. Калі апавяданні скончыліся, мэтр нарэшце запытаў:
– І ўсё?
Было зразумела: гэта правал. Аднак замест таго, каб пакрочыць да дзвярэй, Расціслаў Бензярук усё ж зрабіў апошнюю, адчайную спробу ўратаваць становішча.
– Ёсць яшчэ казка…
– Чытайце, – спакойна прапанаваў рэдактар.
Так упершыню прагучала казка, якая стала візітоўкай Расціслава Мацвеевіча. Яна мела назву «Зайцава футра». Аўтар чытаў, а Васіль Вітка мяняўся на вачах: стаў рухавы, твар ажывіўся, вусны заўсміхаліся, быццам паспытаў нешта вельмі смачнае, а затым сказаў упэўнена:
– Гэта лепшае, што вы сёння нам прывезлі! Але чаму «Зайцава футра»? Футра – у лісы, мядзведзя, а ў зайца – кажушок. Так-так, кажушок. Падумайце: «Зайцаў кажушок», – і Вітка дзіўна прыцмокнуў языком, мусіць, ад сваёй знаходкі.
У красавіцкім нумары за 1971 год казка з’явілася на старонках «Вясёлкі», а малады аўтар паверыў, што можа стаць пісьменнікам-казачнікам.
З лёгкай Віткавай рукі «Зайцаў кажушок» трапіў на старонкі школьных падручнікаў і дапаможнікаў, казку чыталі на абласным тэлебачанні, па яе матывах зрабілі перадачу для «Калыханкі».
Таму не дзіўна, што калі ў 2005 годзе ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» ўбачыла свет чарговая «казачная» кніга Расціслава Бензерука, яна атрымала назву «Зайцаў кажушок» і прысвячэнне «Светлай памяці Васіля Віткі». А праз год Расціслаў Мацвеевіч супольна з Вісарыёнам Крысько (сынам свайго настаўніка ў дзіцячай літаратуры) стварыў кніжку абразкоў «Жыў на свеце дзед Васіль». Абодва выданні чакаў шчаслівы лёс: «Зайцаў кажушок» быў узнагароджаны літаратурнай прэміяй Брэсцкага аблвыканкама імя Уладзіміра Калесніка, а абразкі «пра Васіля Вітку, ягоны час і сяброў» чакала прызнанне на рэспубліканскім узроўні.
Здаецца, усё… Аднак гэтая гісторыя займела нечаканы працяг у 2024 годзе. Калі я гартаў старонкі бязмежнага інтэрнэту, на вочы трапіўся невядомы «В. Бензерук». Мо, сваяк? Альбо аднафамілец?.. Адкрываю старонку, а там… казка! Нейкія паны-дабрадзеі вырашылі выкласці «ў лічбе» ўсе нумары ўсесаюзнага часопіса для школьнікаў «Костёр», і вось у № 6 за 1972 год у раздзеле «Вугалёк» – не, не «Зайцаў кажушок» – «Заячья шубка» ў перакладзе вядомага савецкага і расійскага паэта Міхаіла Яроміна. Вось як Зайку апраналі: то ў футра, то ў шубку. Але ж меў, меў рацыю мудры Вітка: кажушок найлепшы!
А таму, што слынны перакладчык няправільна «пераклаў» імя казачніка, ёсць тлумачэнне: сам не раз папраўляў тых, хто звяртаўся да мяне Анатоль Вячаслававіч:
– Бацька ў мяне Расціслаў, а я, адпаведна, Расціслававіч!
Дарэчы, яшчэ часцей, чым імёны, блытаюць нашу творчасць і літаратурныя дасягненні. Усё ж неардынарная справа, калі ў адным Саюзе пісьменнікаў Беларусі адразу два Бензерукі – і бацька, і сын: так бы мовіць, і яблыня, і яблычак…
Мабыць, каб хоць нейкім чынам прымірыць гэткі стан рэчаў з суровай рэчаіснасцю, паэтэса і празаік Зінаіда Дудзюк аднойчы напісала эпіграму «Абодвум адразу»:
Па тых шляхах,
Дзе мы хадзілі сёння,
Натхненне наша
Гойсала на ўлонні.
Яго лавіць
Заўжды з рукі
Умеюць
Два Бензерукі.
Анатоль БЕНЗЯРУК, г. Жабінка
“Які бацька – такі і сын…”
Фота з сямейнага архіва Бензерукоў
Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav
Popularity: 1%