Годна сустракаюць Дзень чыгуначніка працаўнікі Жабінкаўскай дыстанцыі пуці

З таго памятнага дня, як у далёкім 1871 годзе праз нашы землі прайшоў першы паравоз, Жабінка і чыгунка паядналіся навек. За гэтыя часы тысячы землякоў звязвалі свае лёсы з “гучнай песняй сталёвай магістралі”, а Жабінкаўская дыстанцыя пуці дасюль буйнейшая і самая хуткасная на Беларускай чыгунцы. Вядома, і людзі тут надзвычай кампетэнтныя ды працавітыя – такія, як галоўны інжынер Леанід Галадзюк.

“Ад прадзедаў спакон вякоў”. І незвычайны падарунак.

50 гадоў таму ў Асіповічах узнік завод жалезабетонных канструкцый. За паўвека ён выпусціў шмат прадукцыі, карыснай для чыгункі. І вось восенню 2021-га ў цэхах Асіповіцкага ЗЖБК нарадзілася мільённая шпала, на якой з гонарам пазначылі: “1000000”.

Тэарэтычна шпала-“мільёншчыца” магла патрапіць у любы куток Беларусі, а практычна апынулася ў Жабінкаўскай дыстанцыі пуці.

У тэорыі юбілейная шпала магла быць пакладзена на любым з 775 кіламетраў, на якія раскінулася дыстанцыя, а на практыцы трапіла непасрэдна ў Жабінку.

Леаніду Галадзюку пашчасціла быць сярод тых, хто ўкладваў гэты незвычайны падарунак з Асіповічаў пры рамонце пуці паблізу чыгуначнай станцыі Жабінка. А зараз разам з манцёрам пуці Валерыем Карапацюком, які носіць званне “Ганаровы чыгуначнік Беларусі”, ды дарожным майстрам Іванам Пякарскім Леанід Аляксандравіч з задавальненнем паказвае знакамітую мільённую шпалу.

Увогуле, 2021 год стаў для яго надзвычай адметным і памятным. Леанід Галадзюк і раней працаваў з агеньчыкам, не шкадуючы сіл і часу, а тут яшчэ і перамог у рэспубліканскім конкурсе “Лепшы па прафесіі на чыгуначным транспарце”. Гэтак дзякуючы выдатнаму работніку вельмі гучна ў сталіцы прагучала назва роднай Жабінкі.

Тут адразу крышку прыадкрыем таямніцу: як пабачыце ніжэй, гэта быў яшчэ далёка не апошні вялікі поспех працаўніка з горада-спадарожніка.

Дарогі, якія мы выбіраем. І тыя, што выбіраюць нас

Рэзонна спытаць: адкуль вытокі яго дасягненняў?

А вось у гэтым якраз ніякай таямнічасці няма. Перш-наперш, Леанід Галадзюк моцна любіць тое, што робіць, і стараецца ўпэўнена ісці па жыцці дарогай, якую выбраў раз і назаўсёды.

Яшчэ школьнікам ён пачаў сур’ёзна задумвацца над галоўнымі пытаннямі: хто я і кім хачу быць? Адказ вучань Ленінскай школы знайшоў у гісторыі сваёй сям’і. Прадзед Васіль Сцяпанавіч пасля вызвалення краю ад акупантаў уладкаваўся абходчыкам пуці на адрэзку паміж Гарадцом і Кобрынам. Нават паміраючы, Васіль Галадзюк папрасіў, каб пахавалі яго каля чыгункі… Мабыць, Васілёва вернасць сталёвай магістралі праз пару пакаленняў перадалася праўнуку Лёню. Так ці інакш, але пасля дзевяці класаў юнак падаў дакументы ў Брэсцкі чыгуначны тэхнікум, які паспяхова скончыў у 2009 годзе. Да слова, мае Леанід Аляксандравіч і вышэйшую адукацыю, атрымаўшы завочна дыплом Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта чыгуначнага транспарту.

Пятнаццаць гадоў таму ён прыйшоў у нашу дыстанцыю. Прайшоў за гэты час тры прыступкі па кар’ернай лесвіцы: пачынаў манцёрам пуці, дарос да дарожнага майстра, а 7 мая гэтага года стаў намеснікам начальніка дыстанцыі – галоўным інжынерам.

Працоўная дынастыя мае ўжо працяг. Следам за Леанідам Аляксандравічам у дыстанцыю пуці прыйшоў і яго малодшы брат Аляксандр, які працуе памочнікам вадзіцеля дрызіны. Мабыць, і Саша хутка скажа ўслед за братам: “Я патрыёт роднай дыстанцыі!”

Раскрываем таямніцу. І нават не адну

Узнагарод у Леаніда Галадзюка крыху менш за мільён. Ды ўсё роўна ўнушальная ўжо калекцыя. І ўручаны яны, паверце, зусім не за прыгожыя вочкі: за кожнай граматай або дыпломам – праца, праца і зноў праца.

Самы свежы сярод поспехаў – другая перамога пуцевіка з Жабінкі ў прэстыжным рэспубліканскім конкурсе “Лепшы па прафесіі на чыгуначным транспарце”. Каб даказаць высокі ўзровень сваёй кампетэнцыі, давялося паспаборнічаць з калегамі з усёй краіны на веды правілаў тэхнічнай эксплуатацыі на Беларускай чыгунцы. Надзвычай прыемна зазначыць, што Леанід Галадзюк зноў, як і па выніках 2021-га, вясной дваццаць чацвёртага года быў прызнаны найлепшым у краіне. Ва ўрачыстай абстаноўцы напрыканцы красавіка начальнік Беларускай чыгункі Уладзімір Марозаў уручыў Леаніду Аляксандравічу грамату і нагрудны знак “Лепшы па прафесіі”.

Набліжаецца свята чыгуначнікаў, якое сёлета будзе адзначацца ў нядзелю, 4 жніўня. Гэта добрая нагода сказаць цёплыя словы падзякі работнікам і ветэранам галіны, а лепшым, хто спрацаваў на славу, уручыць заслужаныя ўзнагароды. Сёлета Дошку гонару Жабінкаўскай дыстанцыі пуці ўпрыгожаць імёны 14 пуцевікоў, у тым ліку жабінкаўцаў: інжынера вытворча-тэхнічнага аддзела Святланы Стасюк, наладчыка чыгуначна-будаўнічых машын Аляксея Ягорчанкава і аператара дэфектаскопнай цялежкі Дзмітрыя Шамецюка. Ганаровая грамата дыстанцыі папоўніць асабістыя калекцыі ўзнагарод Дзмітрыя Пукіты, Сяргея Барысюка і Дзмітрыя Куцішкі.

Аднак нават тыя, хто ў гэты год застанецца без узнагарод, будуць мець мільён прычын для радасці, адчуваючы, што робяць важную і адказную справу. За тое ім гонар і пашана ад нас, пасажыраў.

Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота Кацярыны ЯКУБЁНАК

Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.