Выпускнікі атрымалі атэстаты і прамовілі: “Школа, бывай!”, а затым скажуць прывітальныя словы даросламу жыццю, якое чакае адразу за парогам. А вось іншыя вучні ўжо акунуліся ў мора пазітыву, якое прыносяць сонечныя канікулы. Паслухаем розныя меркаванні на гэту тэму.
Ясенія ЛОСЬ, Ленінская школа:

– Хоць лета толькі пачалося, але чэрвень ужо паспеў прынесці мне шмат запамінальных момантаў. Скажу толькі адно: вось ужо чатыры дні, як мне 17 гадоў, а значыцца, зроблены яшчэ адзін крок у дарослае жыццё. За 11 гадоў навучання маю высокі бал. Далейшы шлях – у БДУ, каб стаць інжынерам-хімікам, паколькі падабаюцца хімія, якую выкладала Наталля і Сяргееўна Філіманюк, і матэматыка (таямніцы царыцы навук адкрываў для нас Сяргей Генадзьевіч Балтрамяюк). Ад лета чакаю вялікія змены ў асабістым жыцці. Хочацца ўсім, хто працягне вучобу ў роднай школе, мець цярпенне і павялічваць багаж ведаў. Капіце іх, бо яны вельмі карысныя ў жыцці.
Ганна БАРЭЦКАЯ, Ракітніцкая школа:

– А я закончыла дзевяць класаў. Ужо цяпер вызначылася з далейшым сваім шляхам: хочацца паступіць у фізіка-матэматычны клас абласнога ліцэя імя П.М. Машэрава. Перш-наперш, гэта маё ўласнае жаданне, бо сярод усіх прадметаў душа найбольш ляжыць да матэматыкі. З ёю сябрую даўно, люблю ўсялякія матэматычныя задачы. А за тое, што яны становяцца зразумелымі, я вельмі ўдзячная сваёй настаўніцы Алене Канстанцінаўне Шыла. Увесь час адчувала яе ўвагу і дапамогу. Дзякуй хочацца сказаць за веды таксама настаўніку фізікі Вячаславу Сяргеевічу Кузьмічу і ўсім нашым педагогам.
Аляксандр ЗАЯЦ, ліцэй горада Жабінкі:

– Гэты навучальны год стаў для мяне асаблівым. Ён прынёс шмат новага, бо я перайшоў з першай гарадской школы ў ліцэй. За час, праведзены ў дзясятым класе, завязаліся новыя знаёмствы, з’явіліся педагогі, што паглыблена нам выкладаюць фізіку і матэматыку (менавіта такі профіль я абраў, калі стаў ліцэістам). Усё проста супер! Ад лета чакаю шмат падарожжаў. Хочацца зноў, як і ў мінулым годзе, разам з узорным ансамблем “Каруначкі”, у якім танцую з трох гадоў, наведаць “Артэк”.
Дзмітрый РАМАНЮК, Ленінская школа:

– Гэтым летам я развітваюся са школай, а таму наперадзе – адказны перыяд, звязанны з паступленнем у ВНУ. Мару звязаць свой лёс з памежнымі войскамі, пагэтаму спадзяюся паступіць у Інстытут пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь. Служыць на мяжы роднай краіны – даўняя традыцыя ў маёй сям’і. Прыкладам для мяне стаў дзядуля Васіль Васільевіч Крысціневіч, які пасля заканчэння Кіеўскага вышэйшага ваеннае вучылішча супрацьпаветранай абароны прысвяціў жыццё арміі. Мая мама Алена Васільеўна і зараз служыць на граніцы. Хочацца стаць прадаўжальнікам сямейнай вайсковай дынастыі.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота Кацярыны ЯКУБЁНАК
Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%