Разбой у дружнай кампаніі: вынікі судовага разбіральніцтва

Не будзем паўтараць версію вінаватага Дзяніса П., які, каб выгарадзіць сябе, гатовы быў абгаварыць іншых, і ў першую чаргу мужа Юліі К., дый суму скрадзеных з кашалька грошай называе меншую. Аднак пацярпелая жанчына, сведкі гэтай гісторыі і праведзеныя экспертызы дазволілі суду даказаць, як усё на самой справе было, і вынесці справядлівы прыгавор.

У той вечар знаёмы запрасіў Юру і Юлю К. разам пайсці ў госці да Аляксея Е. Сабраліся каля 22-й гадзіны. Па дарозе сустрэлі Дзяніса П., які быў не супраць таксама ісці да Аляксея. Зайшлі ў магазін, каб не з пустымі рукамі заявіцца ў кватэру прыяцеля.

Дзверы адчыніла Людміла А. Здавалася, гасцям тут былі рады, і ў хуткім часе ўсе, рассеўшыся на дзвюх канапах, выпівалі, гаварылі пра жыццё-быццё, жартавалі. У кампаніі, па сведчанні ўдзельнікаў той вечарыны, панавалі весялосць і згода.

Каля гадзіны ночы, як спіртное скончылася, адправілі двух чалавек на заправачную “Беларуснафта”, дзе працаваў магазін, і тыя прынеслі яшчэ дзве пляшкі гарэлкі. Нішто, здавалася, не магло азмрочыць адпачынак маладых людзей. Дзяніс, праўда, папрасіў грошай на пахмелку, але ніхто яму не даў.

Каля трох гадзін ночы, калі адзін, як кажуць, дайшоў да кандыцыі і зараз спаў у суседнім пакоі, а трое пайшлі на балкон пакурыць, Дзяніс і Юлія засталіся ўдваіх. Хлопец зноў паўтарыў сваю просьбу даць яму грошай на пахмелку, але Юля адказала, што грошай у яе няма.

Дзяніс не паверыў і пачаў усё больш і больш настойліва патрабаваць. Юлія, баючыся, што ён сілай забярэ кашалёк, які знаходзіўся ў рукзаку, дастала яго і рушыла да мужа, які ўсё яшчэ курыў на балконе, Дзяніс раптам рэзка падхапіўся, двойчы стукнуў кулаком па галаве жанчыну, вырваў з рук кашалёк і адразу пакінуў кватэру.

Удары былі настолькі моцныя, што з раны пацякла кроў, якую не адразу змаглі спыніць. Хацелася верыць, што Дзяніс адумаецца і верне кашалёк з грашыма і дакументамі, а ён нават не адказаў. Тады муж Юрый пазваніў у міліцыю ды хуткую дапамогу і расказаў пра здарэнне.

Шкада, што ў пэўнай часткі маладых людзей бытуе думка, быццам лепшыя праводзіны часу – гэта групавы адпачынак з чаркай. Нібыта так і вечар, і ноч прыемна сустрэць! Вось калі б Дзяніс усё не сапсаваў!.. Хаця даўно ў народзе склалася прыгаворка: “Дзе п’юць, там і б’юць!”. Бо далёка не кожны, падвыпіўшы, вядзе сябе адэкватна…

Суд раёна прызнаў Дзяніса П. вінаватым у прымяненні насілля, небяспечнага для жыцця і здароўя пацярпелай з мэтай завалодання маёмасцю (што заканадаўства вызначае як разбой). Згодна з часткай 1 артыкула 207 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь суддзя назначыў злачынцу пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на чатыры гады з адбыццём у выпраўленчай калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Апроч таго, у адпаведнасці з артыкулам 933 Грамадзянскага кодэкса, суд прызнаў неабходным іск, заяўлены Юліяй К., задаволіць у поўным аб’ёме, спагнаўшы з абвінавачваемага Дзяніса П. на карысць пацярпелай 1773 рублі – гэта кошт кампенсацыі страт.

У сувязі з тым, што, паводле заключэння судова-псіхіятрычнай экспертызы, падсудны хварэе хранічным алкагалізмам і мае патрэбу ў прымяненні прымусовых мер бяспекі і супрацьалкагольным лячэнні, суд прызнаў мэтазгодным прымяніць іх у адносінах да Дзяніса П. (частка 1 артыкула 107 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь).

Віктар НОВІК, суддзя суда Жабінкаўскага раён; Анатоль РОСТАЎ

Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav
 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.