
У летні час радуюць нас сонца, цеплыня і мора кветак. Пра тое згадвалі нашы чытачы, запрашаючы наведаць Грыцэвічы, дзе жыве Алена Рыгораўна Юрчук, а разам з ёю – безліч гожых красак, што цешаць вока. Прасілі: “Прыязджайце!” Што ж, выконваем пажаданне – едзем на сустрэчу з працавітай гаспадыняй і яе кветкамі.
Яна сустрэла нас, вядома, за працай: жанчына перабірала трускалкі, якія хутка стануць клубнічным варэннем. Дзякуй богу, яго будзе каму есці: у бабулі Алены трое дзяцей, шасцёра ўнукаў, якіх жанчына моцна апекавала, расціла, вучыла. Ёсць ўжо і праўнукі: Віця, Цімафей і наймалодшы Арцёмка. Усе яны – спадчыннікі Алены Рыгораўны і яе мужа Сяргея Барысавіча, з якім карэнная жыхарка вёскі Грыцэвічы дажыла ў згодзе да залатога вяселля.
Пытаюся: хто ж гаспадыні перадаў у спадчыну захапленне кветкамі і ўсім прыгожым? Алена Рыгораўна і хвіліны не вагаецца, згадваючы матулю Надзею Мацвееўну, якая ткала, вышывала і дачку да працы прывучала. Нездарма больш за чвэрць веку жыцця Алена Юхімук прысвяцілі Жабінкаўскаму камбінату бытавога абслугоўвання.
Ідзем па ўтульным падворку, які месціцца на вуліцы Цэнтральнай. Бабуля Алена з задавальненнем пералічвае сваіх “гадаванцаў”.
Нейкія краскі ўжо адцвілі, іншыя толькі-толькі пачынаюць цягнуць свае галоўкі да сонца. Так ўжо ўладкаваны жыццёвы калейдаскоп.
Піёны, лілеі і нарцысы, астры, геаргіны і нарцысы… Вось чырванеюць над калодзежам з празрыстай вадой яркія ружы. Вунь і беленькія гартэнзіі ўступаюць у пару квецені. Гаспадыня пазірае на свае кветачкі з любасцю і прамаўляе:
– Радуюся ім, нават размаўляю з кветкамі. Яны лечаць мяне, калі рукі напрацуюцца. Розныя тут кветачкі – усе ў радасць і мне, і людзям.
Анатоль РОСТАЎ
Фота аўтара
Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
