ХАДАСЫ: туліцца старая вёска да сучаснага жыцця

На 44-м кіламетры, калі рухацца па “беларускім экватары” з Брэста ў напрамку беларускай сталіцы, месціцца вёска Хадасы. За смугою часу ўжо і не дазнаешся, чым быў знакаміты той Хадос ці Хвядос, які даў імя паселішчу. А даўніны тут навокал шмат: і старадаўні “курган векавечны”, і магіла ахвяр фашызму, схаваная пад шатамі высачэзных смаляністых соснаў. Тут былі жорстка закатаваны восенню 1942 года ахвяры яўрэйскага гета, што брукавалі дарогу да Кобрына. А калі яны скончылі сваю справу, сотні працаўнікоў паклалі ў магілы аўтаматныя і кулямётныя чэргі…

Памяць пра тое захоўваецца дасюль, бо без яе нельга крочыць у заўтрашні дзень.

І ўсё ж нездарма побач хуткасная шаша – старадаўняя вёска імкнецца ісці ў нагу з часам, забытай, закінутай яе ніяк не назавеш, асабліва калі зазірнеш да дбайных гаспадароў, што жывуць на вуліцы Паўночнай, або пабачыш, як забудоўваецца вуліца Хутарская. Адразу скажам: тут ёсць перспектывы для жыцця. На заклік “Вёсачка, жыві!” Хадасы адказваюць станоўча.

Цеплыня на Паўночнай вуліцы

Мо на Поўначы і сцюдзёна, а вось у доме № 15 на вуліцы Паўночнай пануе цеплыня. Яна адчувальная адразу, як пераступіш парог: печка напалена, паўсюль прыгажосць, створаная рукамі гаспадыні, і безліч кветак у кожным пакоі.

Прыселі ля грубкі з гаспадаром, каб сагрэцца і паразмаўляць. Мікалай Аляксеевіч Пукіта – чалавек неардынарны, нарадзіўся за чатыры месяцы да заканчэння вайны ў Нямеччыне, дзе бацькі апынуліся не па ўласнай волі.

Малалетні вязень фашызму Мікалай Пукіта хутка 80 гадоў як крочыць па жыцці. На той дарозе яшчэ не стаміліся ногі – ёсць пакуль сілы, каб трымаць гаспадарку і ўласнымі рукамі ды з дапамогай добрых людзей ладзіць гожую сялібу. Зусім нездарма яго падворак амаль тры гады таму прызнаны ў ліку лепшых у сельсавеце.

– Вы да нас лепш у ліпені прыязджайце, – запрашае гаспадыня Таццяна Курыга. – Вось калі хараство дык хараство! Да нас многія ездзяць улетку, каб сфатаграфавацца ля альтанкі, горкі ці стаўка са штучнымі лебядзямі. А кветак тады колькі на падворку! І водар стаіць такі, што прыцягвае і чалавека, і пчолку. Так-так, краскі не проста дываном сцеляцца – горкай узнімаюцца. Зірнеш – вока радуецца, душа міжволі адпачывае, кожны здаравее.

Сказана тое не для прыгожага слоўца, а з веданнем справы. Таццяна Рыгораўна трыццаць год адпрацавала сястрой-гаспадыняй у блізкім санаторыі “Буг”. І вось гадоў пяць таму адкрыла ў сабе новы талент – вышыванне бісерам. Першую сваю работу стварыла для Свята-Уладзімірскага храма, і быў гэта абраз святой Таццяны, якую Таццяна Курыга лічыць сваёй нябеснай заступніцай. З таго часу і пачала напаўняцца хата цудоўнымі яркімі карцінамі і святымі абразамі, асвечанымі ў храме.

Кветкі на падворку радуюць вока з ранняй вясны да позняй восені. У верасні яны яшчэ будуць квітнець і ўсміхацца. Для тых усмешак, чалавечых і кветкавых, будзе добрая нагода – споўніцца сорак гадоў, як ідуць поруч па жыцці Мікалай Аляксеевіч і Таццяна Рыгораўна – выдатныя гаспадары на хадасоўскай вуліцы Паўночнай.

Вуліца Хутарская, як гарадская

Подых сучаснага дня, мабыць, найбольш адчувальны на вуліцы Хутарской. Туды накіраваліся разам са старастам вёскі Хадасы Віктарам Барташуком. Пры пасадзе Віктар Антонавіч ужо гадоў дзесяць, наваколлі яму знаёмыя з дзяцінства, і людзі яго ведаюць выдатна. Ён, як і Мікалай Пукіта, шмат гадоў прысвяціў адкрытаму акцыянернаму таварыству “Рагазнянскі”.

– Працаваў брыгадзірам у паляводстве, – тлумачыць стараста, – гэтыя мясціны ведаю як свае пяць пальцаў. Без мяне, думаю, вы б заблукалі. Калісь ва ўсіх Хадасах было чатырнаццаць дамоў, а хутароў навокал – тры дзясяткі. Памятаю, на гэтым месцы стаяла адна хаціна, узведзеная яшчэ ў даваенную пару. Вядома, і вуліцы ніякай не было. А цяпер зірніце: Хутарская! Забудоўваецца яна хутка, на ўчастках узнікаюць будынкі, якія і хатамі назваць цяжка – сапраўдныя катэджы, як у горадзе.

Так, далучаюцца пакрысе хадасоўскія вуліцы і людзі да сучаснага жыцця, і гэта выклікае прыемнае задавальненне.

А нас, між тым, зноў чакае дарога – на гэты раз і машыны не спатрэбіцца. Дастаткова пехатою прайсціся праз санаторый “Буг” і гідравузел “Залуззе” – у аднайменную вёску Залуззе, дзе, паверце, таксама будзе цікава.

Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара

Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.