РАГОЗНА: там, дзе служыў святар-патрыёт

У вёсцы, першую памятку пра якую знаходзім у хроніках 11 сакавіка 1582 года, бераглі ўсё роднае і спрадвеку народнае. У 1930-я гады ў Рагозне жыла і працавала вядомая скульптарка Бальбіна Відацкая. А яшчэ шмат вырабаў мясцовых майстрых упрыгожваюць раённы гісторыка-краязнаўчы музей. На адным даматканым ручніку – выява царквы, мабыць, у памяць пра родны храм, што знік у агні. Там служыў айцец Мікалай Міхалоўскі (1901–1943).

У Жабінцы ёсць вуліца, што вядзе да Пакроўскага храма. Яна носіць імя мужнага святара і шчырага патрыёта, забітага ў вайну за сувязь з партызанамі. А ў Рагозне, дзе служыў да сваёй пакутніцкай смерці айцец Мікалай, 8 лістапада 2007 года быў асвечаны ўладыкам Іаанам храм у імя вялікамучаніка Дзімітрыя Салунскага. Пры ўваходзе ў будынак – напамін пра двух пакутнікаў: святога Дзімітрыя, забітага рымскімі воінамі ў 306 годзе ад Раства Хрыстова, і рагазнянска настаяцеля, закатаванага нямецкімі салдатамі праз 16 стагоддзяў.

І храм, і людзі ў агні

У людской памяці айцец Мікалай і сёння застаецца чалавекам сумленным і высакародным. Старажылы згадваюць, што бацюшка шмат рабіў, каб рагазнянцы далучаліся да духоўных каштоўнасцяў і галоўных хрысціянскіх запаветаў.

З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны святар адкрыта заклікаў вернікаў маліцца пра перамогу дабра над злом. Ён ведаў пра здзекі гітлераўцаў з мірных людзей. Нават ягоны Свята-Крыжаўзвіжанскі храм акупанты ператварылі ў салдацкую казарму, чым апаганілі царкоўныя святыні. Міхалоўскі вырашыў дапамагаць народным мсціўцам. Рызыкуючы жыццём, бацюшка перадаваў у атрад імя Чарнака прадукты, медыкаменты, нават зброю.

Неўзабаве над яго галавой пачалі згушчацца хмары. Аднойчы, калі мужны святар у чарговы раз вёз “гасцінцы” партызанам, яго вазок спынілі немцы, старанна абшукалі і знайшлі схаваныя гранаты. На допытах айца Мікалая катавалі да паўсмерці, а потым яшчэ жывога пакутніка кінулі ў яміну.

На календары было 27 верасня 1943 года – дзень Узвіжання Жыватворнага Крыжа Гасподняга – прастольнае свята Крыжаўзвіжанскай царквы ў Рагозне. У такі дзень настаяцель павінен быў служыць у храме…

Неўзабаве знік у агні і храм, што асірацеў без святара. Удава айца Мікалая прасіла дазволу, каб перапахаваць скатаванае цела мужа, але ў адказ пачула рэзкае: “Найн!” Толькі пасля вайны сваякі перавезлі астанкі на могілкі каля Чаравачыцкай царквы. На помніку пад партрэтам святара-патрыёта пазначаны гады жыцця і лаканічны надпіс: “Замучаны немцамі”.

…А каляндар яшчэ не паспеў перагарнуць апошні лісток трагічнага 1943 года, як зноў у Рагозна завітала бяда.

Каля апоўначы 21 снежня ў вёску ўехалі дзве машыны з карнікамі. Пачалася экзекуцыя. Салдаты ў нямецкай форме метадычна палілі хаты рагазнянцаў, якіх вінавацілі ў дапамозе партызанам. Як прыгадваў жыхар вёскі Уладзімір Верамяюк, гітлераўцы хутка разбегліся па вёсцы і пачалі пускаць пад стрэхі ракеты. Пераляканыя сялянкі спрабавалі выносіць свае пажыткі, ды хутка кінулі дарэмную справу, бо на кон было пастаўлена большае – жыццё.

У тую гарачую зімнюю ноч жыцця пазбавіліся ад рук злачынцаў Таццяна Чарнейка, Ганна Верамяюк, Вольга Верамяюк, Ганна Клімук, Яўфімія Сац, Дар’я Сац і Фёкла Ніжнік.

Хаваючы сляды злачынстваў, нацысты не дазволілі адразу несці на могілкі целы забітых. Гэта вяскоўцы зрабілі пазней патаемна.

Згадкі пра гібель аднавяскоўцаў і ахвярны подзвіг рагазнянскага настаяцеля дасюль жывуць сярод людзей. Нездарма ў 2013 годзе на адроджаным Рагазнянскім храме ўсталявана мемарыяльная дошка ў гонар мужнага святара, а праз чатыры гады ў Жабінцы ўзнікла і вуліца, што носіць яго ахвярнае імя.

Спадчына, якой прысвечана жыццё

Пра тое, як жыло ранейшае сяло, яшчэ памятаюць найстарэйшыя рагазнянкі Надзея Захараўна Кавальчук, Ксенія Мікалаеўна Хмарук і Марыя Феадосьеўна Дзенісюк. Жанчыны размянялі дзясяты дзясятак і дасюль з’яўляюцца носьбітамі жывой памяці.

А вакол чаго яшчэ на вёсцы жыццё гуртавалася? Вядома, вакол чытальні і клуба. Калісь тут быў сапраўдны багаты асяродак народных традыцый, і падтрымлівала яго, збіраючы па крупінках спадчыну, тагачасная загадчыца клуба-бібліятэкі, колішняя вясковая стараста і дэпутат Ленінскага сельсавета Лідзія Пугач. Лідзія Феадосьеўна першая, хто сустрэлася нам на вясковай вуліцы і запрасіла ў хату, каб распавесці пра сябе і свой род, паказаць безліч узнагарод, атрыманых за працоўнае жыццё.

– У Малых Сяхновічах зараз існуе раённы музей, – успамінае Лідзія Феадосьеўна. – Дык вось, калі ён ствараўся, з Рагазнянскага клуба-бібліятэкі было перададзена шмат народных рэчаў. Зробленыя нашымі дамавітымі матулямі і бабулямі, яны і зараз упрыгожваюць этнаграфічную залу музея. Мабыць, кожны, хто зблізу ці здалёк да нас едзе, дзівуецца, наколькі ж таленавітымі былі нашыя продкі.

Лідзія Пугач цікавіцца і гісторыяй сваёй сям’і. Яна нават склала ўласны радавод, дзе самае пачэснае месца займае тата – Феадосій Андрэевіч Гайчук, які прайшоў праз дзве вайны (грамадзянскую і Вялікую Айчынную), і нават расказваў, што бачыў на ўласныя вочы легендарнага начдыва Васіля Чапаева. І вось такое яшчэ супадзенне: тая памятная сустрэча, пра якую існуе сямейнае паданне, адбылася пад Уфой. А цяпер, праз сто гадоў, унукі Лідзіі Феадосьеўны жывуць у сталіцы Башкартастана.

У размове прыгадалі і лёс рагазнянца Валерыя Мігеля – ён адзін з чатырох жыхароў Жабінкаўскага раёна, што склаў галаву на Афганскай вайне. Цяпер яго пахаванне зберагаецца на мясцовых могілках і кожны год 15 лютага становіцца месцам, куды едуць у жалобе воіны-інтэрнацыяналісты.

Сённяшняе жыццё ў Рагозна, хоць і месціцца яно паблізу хуткаснай шашы Брэст – Мінск – мяжа Расійскай Федэрацыі, плыве павольна. А нам – зноў час выпраўляцца ў дарогу. Толькі збочым на ўскрайку Рагозна на аўтазапраўку і рухаемся далей – у вёску Хадасы, якая таксама месціцца на шашы.

Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара

Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.