Васіль Бурко з Жабінкі — лепшы супрацоўнік АДС

Асабліва святочным будзе сёлетняе прафесійнае свята для маёра міліцыі Васіля Бурко, прызнанага па выніках года лепшым супрацоўнікам аператыўна-дзяжурнай службы вобласці.

Як прызнаецца сёння Васіль Іванавіч, служыць у міліцыі – даўняя, юнацкая мара, якая спраўдзілася амаль 18 гадоў таму. А пачыналася ўсё са звычайнай дарогі, якую праходзіць кожны на шляху сталення. Пасля дзявятага класа роднай школы хлопец з Крыўлян закончыў Пружанскі каледж, а затым яшчэ і Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт. Для набліжэння да мары вялізнае значэнне мела служба ў арміі, якую Васіль Бурко праходзіў ва ўнутраных войсках.

Калі памужнелы юнак вярнуўся дамоў, даведаўся, што ў РАУС вельмі патрабуюцца кадры. Звярнуўся да тагачаснага зампаліта Юрыя Касмовіча, якому патлумачыў, што амаль з дзяцінства мае мару насіць міліцэйскую форму і служыць правапарадку. Таму словы Юрыя Уладзіміравіча, які прапанаваў далучыцца да шэрагаў жабінкаўскіх праваахоўнікаў, ляглі на душу маладому чалавеку, і той пасля вучэбнага цэнтра МУС Беларусі ў сакавіку 2007 года прымераў пагоны прапаршчыка міліцыі. Стаў участковым у Хмелеўскім сельсавеце, хутка займеў і лейтэнанцкае званне. Затым на працягу дзевяці гадоў Васіль Іванавіч быў старшым інспектарам інспекцыі па справах непаўнагадовых. У апошні веснавы дзень 2015-га атрымаў званне маёра міліцыі. Нарэшце, са жніўня 2019 года па сённяшні дзень Васіль Іванавіч на пасадзе старшага аператыўнага дзяжурнага АДС.

Гэткім чынам у ягоным падпарадкаванні усе, хто працуе ў “дзяжурцы” – на надзвычай важным і адказным участку раённага аддзела ўнутраных спраў.

– Аператыўна-дзяжурная служба, можна сказаць, на першым краі, бо яе спецыялістам даводзіцца прымаць званкі ад грамадзян і пасля гэтых паведамленняў вырашаць, каго з міліцыянераў даслаць на выклік. Сярод калег хачу вылучыць свайго памочніка старшага прапаршчыка Юрыя Міхайлавіча Кашалюка, – гаворыць Васіль Бурко. – На зменах адбывалася рознае. Былі выпадкі, калі даводзілася імгненна рэагаваць нават на забойствы або шчыльна кантактаваць з прадстаўнікамі РАУС суседніх Камянецкага, Пружанскага і Кобрынскага раёнаў.

Праца Васіля Іванавіча не магла застацца незаўважанай. Штогод на Брэстчыне выбіраюць лепшую аператыўна-дзяжурную службу і яе супрацоўніка. За тую пяцігодку, што Васіль Бурко праходзіць службу ў “дзяжурцы”, пакуль у Жабінцы падобных узнагарод не мелі… І вось адным лютаўскім днём 2024 года ў тэлефоне старшага аператыўнага дзяжурнага раздаўся званок. Не, гэта быў не чарговы сігнал ад грамадзян, а нечаканае, а таму надзвычай прыемнае паведамленне: па выніках года Васіль Іванавіч прызнаны лепшым па прафесіі ў вобласці. Гэта, бясспрэчна, моцна цешыць, але разам з тым накладвае яшчэ большую адказнасць. Васіль Іванавіч лічыць, што вялікую частку ўзнагароды проста павінен падзяліць з падначаленымі, паколькі толькі разам магчыма дасягнуць у жыцці поспехаў.

А яшчэ значную долю радасці хоча наш герой перадаць родным і блізкім, найперш жонцы Ірыне ды дзецям Аляксандры і Захару, якія з нецярплівасцю кожны раз чакаюць мужа і тату са службы.

– Перакананы: узнагарода не стала б магчымай без актыўнай дапамогі кіраўніцтва РАУС – сённяшняга начальніка падпалкоўніка міліцыі Аляксея Гузнова, былога кіраўніка райаддзела падпалкоўніка міліцыі Віталя Гадлеўскага, а таксама намесніка начальніка РАУС па ідэалагічнай падрыхтоўцы і кадравым забеспячэнні Яўгена Самускевіча.

Напярэдадні прафесійнага свята Васіль Бурко выкарыстаў магчымасць праз газету выказаць пажаданні калегам з Днём міліцыі:

– Хочацца ўсім пажадаць лёгкіх і спакойных змен, прафесійнага росту, мірнага неба над галавой, сіл і цярпення ў нашай няпростай, але вельмі важнай службе. Жадаю, каб кожны меў здароўе і надзейны тыл, які забяспечваюць нашы сем’і!

Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара

Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.