“СМАКАТА! — гавораць людзі. — Страву гэту не забудзем!”

Святлана ЯНЧУК — повар ад Бога. “Смачную” адукацыю атрымала больш за тры дзясяткі гадоў таму, з іх апошнія восем паспяхова рэалізуе свае прафесійныя навыкі ў кафэ цукровага завода.
17 студзеня Святлана Мікалаеўна адзначыла свой прыгожы паўвекавы юбілей. Аднак энергіі, хуткасці і спрыту ў рабоце ў яе столькі, нібы за плячыма толькі 20! Калегі так і называюць Святлану: “наш энерджайзер”. Яны з цеплынёй і павагай гавораць, што старшы повар — гэта прыклад для пераймання: адказная, руплівая, сапраўдны майстар сваёй справы.
Не шкадуе слоў пахвалы пра сваю падначаленую інжынер-тэхнолаг комплексу грамадскага харчавання Дар’я ГРЫГОР’ЕВА:
— Святлана Мікалаеўна — высакакласны спецыяліст па планаванні, прычым усе яе задумы ў прыгатаванні рознай смакаты заўжды рэалізуюцца. Яна ведае, як вырашыць усялякую праблему. Ёй можна даверыць любую справу і любую страву. Святлана можа прыгатаваць усё, што заўгодна, аднак кароннымі, фірменнымі яе стравамі можна назваць каралеўскія катлеты, шашлык закусачны, калабкі з мяса, закускі “Плато” і з фарэллю, рулецікі са скумбрыі. Мы любім, цэнім і паважаем нашу Святлану Мікалаеўну. Дай Бог ёй здароўя, бадзёрасці, фантазіі, творчасці і доўгіх гадоў жыцця!
Старшы повар Ганна ГАЛАВЕЙКА, якая вучыла Святлану Янчук усім прамудрасцям прафесіі, сцвярджае, што вучаніца пераўзышла на сённяшні дзень свайго настаўніка.
— Святлана ўсё хапае на ляту. З ёй лёгка, проста, можна звярнуцца з просьбай, і яна ніколі не адмовіць, дапаможа, параіць, знойдзе выйсце з сітуацыі. У нас даволі складаная работа, вы сабе нават уявіць не можаце, колькі чалавек нам трэба накарміць за дзень. А ў выніку «Смаката! — гавораць людзі. — Страву гэту не забудзем!»
Святлана Янчук неаднаразова ўдзельнічала ў конкурсах прафесійнага майстэрства, у майстар-класах, якія праводзіліся паміж цукровымі прадпрыемствамі, і атрымлівала заслужаныя ўзнагароды — граматы і дыпломы.
Аднак галоўнымі дэгуста-тарамі сваіх страў наша гераіня лічыць мужа Віктара і сыноў Арцёма ды Івана. Яна — клапатлівая жонка і матуля, сапраўдная гаспадыня, якая ведае, як прыгатаваць і прыгожа падаць. Святлана — душа любой кампаніі. Калі збіраецца з калегамі, сябрамі, сталы ломяцца ад багацця і разнастайнасці страў, якія найчасцей атрымліваюць ацэнку “пальчыкі абліжаш”.
Наталля ВАЛОШКА

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.