75 — ГЭТА НЕ МЯЖА!

Тры чвэрці веку таму ў гэты свет прыйшла Вольга БЕНЗЯРУК, якую не адно пакаленне жабінкаўцаў называе сваёй любімай настаўніцай. А для блізкіх і родных Вольга Рыгораўна перш-наперш — цудоўная маці і бабуля, чулая жанчына і выдатная сяброўка на ўсё жыццё.

У далёкім ужо студзені 1947 года некалькі жанчын з Дрэбска Лунінецкага раёна пайшлі пешшу ў суседнюю вёску Кажан-Гарадок у сельсавет, каб зарэгістраваць немаўлятак, якіх нарадзілі завейнай зімою. Неўзабаве Рыгор і Ева Мялешкі трымалі ў руках пасведчанне аб тым, што ў іх 22 студзеня нарадзілася дачка Вольга.
Волеччына маленства было звычайным для пасляваенных дзяцей. Яны вельмі стараліся вучыцца, дапамагалі бацькам, а калі падраслі, разам з дарослымі да сёмага поту шчыравалі ў мясцовым калгасе “Маяк камунізму”. Гэткім чынам, як падышла для Вольгі Рыгораўны пара пенсіі, у яе да агульнага стажу дадаліся і тры гады “калгаснага”.
Вользе вельмі хацелася вучыцца далей, стаць настаўніцай. Пасля заканчэння Кажан-Гарадоцкай сярэдняй школы дзяўчына падала дакументы ў Пінскае педвучылішча, а пазней завочна закончыла і беларускае аддзяленне філфака Брэсцкага педінстытута.
Вольга Бензярук усё жыццё аддала педагагічнай працы, у тым ліку пятнаццаць гадоў — у Жабінкаўскім райаддзеле адукацыі, дзе прайшла, так бы мовіць, “школу” ад эканаміста па кадрах да інспектара райана.
Вольга Рыгораўна з мужам Расціславам Мацвеевічам вырасцілі дваіх дзяцей — Анатоля і Наталлю, памаглі ім атрымаць вышэйшую адукацыю, каб мець працу па душы. Юбілярка — бабуля пяцярых унукаў: Уладзіміра і Алены, Кірыла, Лізаветы і Генадзя. Двое з іх школьнікі, адзін — студэнт, а яшчэ двое, атрымаўшы ўніверсітэцкую адукацыю, ужо аддаюць сябе працы. І на ўсіх у цудоўнай жанчыны хапае цеплыні, клопату ды старання. Па характары Вольга Рыгораўна гаваркая і таварыская, таму мае нямала харошых сяброў і сябровак.
Сёння мы ўпэўнена гаворым Вользе Рыгораўне: 75 — гэта не мяжа, а толькі чарговая жыццёвая прыступка. Наперадзе — восемдзесят гадоў і болей.
Дык жывіце ў здароўі, радасці, каб людзям побач з вамі яшчэ доўга было хораша і ўтульна!
Наталля ЗАРЭЧНАЯ

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.