Наша краіна 22 чэрвеня ўзгадвала самую трагічную дату ў сваёй гісторыі — пачатак Вялікай Айчыннай вайны. Менавіта беларуская зямля прыняла на сябе самы магутны ўдар ворага. Памятныя мерапрыемствы, прысвечаныя 80-м угодкам ад пачатку вайны, прайшлі па ўсёй краіне. Людзі неслі жывыя кветкі да брацкіх магіл і мемарыялаў, схілялі галовы ў памяць аб вызваліцелях.
Акурат апоўдні сотні гарадоў і прадпрыемстваў Беларусі аб’яднала агульная хвіліна маўчання. Да яе змог далучыцца кожны, каму дарагая памяць аб подзвігу народа ў гады вайны, хто цаной свайго жыцця зрабіў уклад у Вялікую Перамогу, пацярпеў ад дзеянняў нацыстаў. Жабінкаўшчына таксама далучылася да ўсебеларускай акцыі: на хвіліну спынілі вытворчы працэс на камбікормавым заводзе і ў ПМК-19, далучыліся да ініцыятывы работнікі цэнтралізаванай клубнай сістэмы і школьныя летнікі.
— Самае страшнае — гэта вайна, — сказаў былы кіраўнік ПМК-19 Пётр Вайноўскі. — Акурат 80 гадоў таму людзі планавалі прачнуцца ў выхадны дзень, каб правесці яго з сям’ёй, сябрамі, роднымі. Аднак спакойны і ціхі світанак пачаўся з разрываў снарадаў і пошчакаў куль. Аб чым марылі мае бацькі? Аб міры і спакоі, каб дзеці і ўнукі не зведалі таго, што выпала на іх долю. Гэтага нельга забыць. Трэба перадаваць малодшым пакаленням праўду аб вайне, каб яна не паўтарылася зноў, быць годнымі памяці тых, хто зведаў жахі вайны. Сёння яны ўсе: і жывыя, і мёртвыя — з намі.
Таццяна АЛОЎЧЫК

Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
