Экалагічная дабрачынная акцыя “Збяры накрыўкі — выратуй жыццё!” аб’яднала сотні людзей. Яе ўдзельнікі па ўсёй Беларусі, у тым ліку і жыхары нашага горада, не выкідваюць пластыкавыя накрыўкі, а збіраюць іх: сродкі ад утылізацыі накіроўваюцца на лячэнне хворых дзяцей.
Берагчы навакольны свет і дапамагаць тым, каму гэта неабходна, вельмі важна, таму на Жабінкаўшчыне акцыя набыла больш шырокі маштаб. Ініцыятарамі сталі педагогі Маціевіцкай базавай школы, якая адзіная ў раёне мае статус “зялёнай” — на базе ўстановы рэалізуецца экалагічны праект. Настаўнікі прапанавалі стварыць вялікае сэрца, у якое ўсе жадаючыя змогуць апусціць сабраныя накрыўкі. На дапамогу прыйшоў кіраўнік ААТ “Жабінкаўскі” Міхаіл Вячорка. Такая адказная справа — зрабіць вялікае сэрца — была даручана газаэлектразваршчыку гэтай гаспадаркі Ігару Кунаху, які выдатна справіўся з задачай. Гатовае сэрца спачатку ўсталявалі ў Маціевіцкай школе, але было вырашана перадаваць добрую эстафету па ўсіх установах адукацыі раёна. Цяпер яно знаходзіцца ў першай гарадской. У акцыі ўжо паўдзельнічалі хлопчыкі і дзяўчынкі з фізкультурна-аздараўленчага лагера з кругласутачным знаходжаннем “Асілак”.
Адміністрацыя і педагогі Маціевіцкай дзевяцігодкі дзякуюць работнікам “Жабінкаўскага” за дапамогу ў рэалізацыі ідэі і нагадваюць, што паўдзельнічаць можа кожны жадаючы!
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
