Нарыс
Світанак 22 чэрвеня Уладзімір Андрэйчаў сустракаў у Брэсцкай крэпасці. Як і 80 гадоў назад, калі пачыналася вайна. Сёлета малалетняму вязню фашызму спаўняецца дзевяць дзясяткаў. Аднак, пры магчымасці Уладзімір Барысавіч і яго родныя наведваюць Жабінкаўшчыну, дзе ледзь не абарвалася жыццё і дзе прыйшло выратаванне. Згадваючы дзяцінства, апаленае вайной, голас яго часта дрыжыць, ветэран з цяжкасцю стрымлівае слёзы.
Не навальніца пабудзіла…
За пару тыдняў да таго дня, калі хлопчыка пабудзілі выбухі, Валодзя разам з мамай Яўгеніяй Андрэеўнай і маленькай сястрой Нэлі прыехалі на канікулы ў Брэст. Бацька-інжынер павінен быў узводзіць новы чыгуначны мост праз Заходні Буг. Будаўнічы гарадок, дзе ён жыў, месціўся амаль на мяжы.
Тым памятным ранкам Вову пабудзіў жудасны грукат. Ён выбег на ганак і пабачыў тату.
— Што гэта?
— Нічога, сынок. Навальніца. Ідзі, пабудзі маму, — адказаў Барыс Рыгоравіч, хаваючы ад сына неспакой.
Тое, што гэта не прыродная з’ява, хлопчык зразумеў, калі пабачыў, як па нейтральнай паласе ля ракі, дзе яшчэ ўчора ён збіраў яйкі дзікіх качак, плотнымі радамі ідуць немцы.
У той дзень з дрыгвяных балотаў паблізу крэпасці, за некалькі гадзін да ўварвання, у неба ўзляцелі стаі журавоў. Шмат год яны жылі паблізу з чалавекам, а тут раптоўна сталі прадвеснікамі вялікае бяды. Яны пакінулі сваю абіцель, насуперак людзям, якія не маюць крылаў. А ў небе нарастаў не жураўліны крык, а гул варожых самалётаў…
Бацька паспяшыў у падраздзяленне, а маці з дзецьмі пабегла ў поле, дзе каласілася высокае жыта. Там ужо хаваліся ад абстрэлу іншыя сем’і ўсходнікаў.
— Нас адшукаў аўтаматчык, — успамінае Андрэйчаў. — Гэта быў сапраўдны арыец: высокі, з блакітнымі вачыма, апрануты ў форму з закатанымі рукавамі. Тыцнуў у мяне і сястру, спытаў маму па-польску: “То твое дзецко?” Мама мовы не ведала, таму маўчала. Тады немец загаварыў на рускай: “Советы?” Мама кіўнула, сказала, што яе муж — будаўнік. “Идите домой, но лежите на полу, пока всё не кончится”. Не ведаю, чаму ён нас пашкадаваў…
Пасля чарговага моцнага абстрэлу частка абаронцаў крэпасці і мірнага насельніцтва трапіла ў палон. Быў сярод іх і Валодзя.
— Калону з соцень палонных ахоўвалі ўсяго пяць-сем аўтаматчыкаў, і я не мог зразумець, чаму ніхто не бяжыць ці не нападае на немцаў. У нейкі момант я рвануў у вузкі завулак і пабег дамоў, дзе застаў маму, якая ўжо і не чакала пабачыць мяне жывым.
На наступны дзень за Андрэйчавымі заехаў хтосьці з мясцовых і адвёз сям’ю ў Хмелева. Гэтая вёска назаўсёды стала для Уладзіміра Барысавіча роднай. Спыніліся ў Казыркаў, хоць мясцовы стараста і прасіў гаспадыню Ярыну Макараўну гнаць прэч уцекачоў, каб не наклікаць бяду на сяло. Ды жанчына ўважліва зірнула солтысу ў вочы і адказала:
— Што іх чакае, тое і нам будзе…
Першыя месяцы жылі спакойна. Вова стаў пастушком. Аднак у пачатку 1942 года акупанты сталі збіраць усходнікаў у Жабінку. У мястэчку было створана гета. Пасля знішчэння яўрэяў іх месца занялі жонкі і дзеці чырвоных камандзіраў.
Каля “жывой” яміны
— Нас увогуле не кармілі — што мясцовыя кідалі праз агароджу, тое і елі, — успамінае былы маленькі вязень. — Гета займала невялікі квартал з прыватных дамоў. У хатах сялілі па некалькі сем’яў. Часам выганялі на розныя работы: сячы лес, мыць і цыраваць салдацкую адзежу… Нярэдка ад голаду і антысанітарыі паміралі дзеці, “квітнелі” вошы і тыф.
Валодзя часам пакідаў гета. Гэта было не складана, бо спачатку за ўсходнікамі ніхто не сачыў. Так, віселі грозныя надпісы: выхад за тэрыторыю караецца смерцю, аднак ахова з’явілася пазней.
Хлопчык добра вывучыў тутэйшую гаворку, прыдбаў у храме алавяны нацельны крыжык, вывучыў “Ойча наш”, і калі на вуліцы сустракаў немцаў, гаварыў, што мясцовы. Як прымушалі гэта даказаць, Вова чытаў малітву і яго адпускалі (усходнікаў лічылі бязбожнымі атэістамі).
Праз паўгода, восенню 1942-га, немцы аб’явілі збор для адпраўкі ў Германію. Вязняў было з паўтысячы. Іх перавезлі ў школу і пачалі некуды адводзіць групамі па 20-30 чалавек.
Валодзя адчуў трывогу надвячоркам
27 кастрычніка, калі апынуўся на ўскрайку Жабінкі, у месцы, якое тубыльцы звалі Сабачым кутком.
— Пасля таго, як карнік піхнуў чобатам жанчыну з дзіцём на руках, я раптам скурай адчуў, якую “Германію” нам рыхтуюць, і зашаптаў маме: “Будуць страляць, бяжым!” А яна, як зачараваная, толькі моўчкі лашчыла мяне па галаве…
Вочы Уладзіміра Барысавіча намачылі слёзы. Ён стрымаўся, а потым працягнуў нялёгкі ўспамін:
— Усім загадалі раздзецца дагала. Я зноў — матулі: “Мама, бяжым!” А яна стаіць здранцвелая, павольна здымае адзежу… Людзей расстрэльвалі, многія падалі ў яму яшчэ жывымі. Мы наблізіліся да краю, а там усё “дыхае”. Тады я рвануў маму за руку і пацягнуў за сабой сястрычку. Кінуліся да кустоў, аўтаматная чарга прайшла побач. Беглі, колькі маглі, пакуль не ўпалі без сіл, да раніцы хаваліся на ўзлеску, карміліся карэннямі, грыбамі і ягадамі, начавалі ў добрых людзей на сенавале. Нарэшце вярнуліся ў Хмелева, больш немцы і паліцаі нас чамусьці не чапалі… З той пары я ўжо нічога не баюся. Бачыў, як гінулі людзі, навучыўся пабірацца і нават красці, каб пракарміць матулю ды сястру. Я памятаю, як стаяў пазней пад залпамі “Кацюш”. Мяне глушыла, быццам заганяла ў зямлю, ды страху не было ўжо і грама…
Ён лічыць сябе народжаным двойчы: упершыню — у кастрычніку 1931 года, другі раз — амаль дзень у дзень — у кастрычніку сорак другога, калі пазбегнуў гібелі…
— І ўсё ж як цяжка чытаць спісы мёртвых, знаходзячы сярод закатаваных уласнае прозвішча…
“Мы здалёку, ды вы нам блізкія”
Мінула амаль восем дзясяткаў гадоў. Ужо для чацвёртага пакалення казацкага роду Андрэйчавых, чые вытокі з кубанскіх стэпаў, лясістае Палессе — другая радзіма. А для малодшага брата Уладзіміра Барысавіча Валерыя нават першая.
Памятаю, яны завіталі на Жабінкаўшчыну ў жніўні 2003 года. Тады Уладзімір Андрэйчаў дастаў стос папер, адшуканых у архівах, і сказаў:
— Толькі пад семдзесят гадоў я атрымаў пасведчанне малалетняга вязня… Сваім тагачасным, дзіцячым разуменнем мне здавалася, што ў натоўпе былі тысячы людзей. Але ж цяпер я думаю — іх было значна менш. Людзей групамі падводзілі да месца расстрэлу і нішчылі. Зямлёй прысыпалі забітых і параненых, а затым — новы слой з людзей. Нам пашанцавала больш, чым астатнім…
Запомніліся словы Андрэйчава, сказаныя пры першай сустрэчы:
— Добры дзень, а мы жывыя…
Побач са старэйшымі братам і сястрой стаяў Валерый. Ён — пасляваеннае дзіця, нарадзіўся ў Хмелеве. На вуліцы Міру Уладзімір Барысавіч вельмі ўважліва слухаў расповед пра трагедыю, а потым звярнуўся да сястры:
— Вось так, Нэлі, скульптар твайго лёсу не ведаў, калі ляпіў жанчыну з дзяўчынкай на руках… Усё ж як цікава: фантазія майстра аказалася падобнай на рэальнасць!
Тады я напісаў нарыс пра лёс Уладзіміра Андрэйчава. Аднак упершыню яго імя з’явілася на старонках жабінкаўскай раёнкі значна раней — яшчэ ў красавіку 1948 года. Газета расказвала: у раённым конкурсе чытальнікаў перамог шасцікласнік Хмелеўскай школы Уладзімір Андрэйчаў. Ён хораша прачытаў верш Уладзіміра Маякоўскага “Аб савецкім пашпарце” і паэтычны Коласаў твор “Над магілай партызана”.
Другая наша сустрэча адбылася праз дзесяцігоддзе, калі дзеці Яўгеніі Андрэйчавай прыехалі з Краснадара, каб паставіць з блаславення айца Серафіма паблізу Спаса-Праабражэнскага храма новы помнік па матулі.
У Яўгеніі Андрэеўны трагічны лёс. Восенню 1942-га яна пазбегла смерці, але знайшла яе восенню пяцьдзясят трэцяга. У той дзень успыхнуў пажар, які знішчыў шмат хмелеўскіх хат. Жанчына паспела выпхнуць у акно малодшага сына, але сама захлынулася ў дыме.
У 2016 годзе Уладзі-
мір Андрэйчаў паў-дзельнічаў у Брэсце ва ўрачыстасцях, прысвечаных 75-годдзю з дня пачатку вайны і абароны Брэсцкай крэпасці. Сёлета таксама
завітаў у памятны дзень на 80-я ўгодкі падзей, якія бачыў на свае дзіцячыя вочы. І разам з горадам над Бугам абавязковымі месцамі наведвання становяцца для яго Жабінка і Хмелева. Паколькі моцным магнітам цягне Андрэйчавых пабываць на месцы, дзе іх расстрэльвалі, і на пагосце, дзе матуліна магіла. Гэта самыя галоўныя прыпынкі ў іх падарожжах.
22 чэрвеня гэтага года Уладзімір Барысавіч прыязджаў сюды з дачкой Маргарытай. Дапамагалі наведаць святыя для іх месцы дырэктар тэрытарыльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання Ленінскага раёна горада Брэста Надзея Селівонік і вадзіцель Веніямін Саган.
Чаму цяпер прысвечана жыццё нашага героя? Уладзімір Барысавіч — прафесар, доктар тэхнічных навук, акадэмік, ардэнаносец, удастоены слаўнага звання “Ганаровы будаўнік Расіі”. Акрамя прафесійных узнагарод, ён з гонарам носіць ордэны “За антыфашысцкае супраціўленне”, “Слава Расіі”, медалі “Няскораныя”, “За абарону Брэста”. Доўгі час Уладзімір Андрэйчаў быў прарэктарам Кубанскага дзяржаўнага політэхнічнага ўніверсітэта, а затым прэзідэнтам асацыяцыі “Кубаньнафтагазбуд”. На рахунку гэтага прадпрыемства, што займаецца будаўніцтвам нафтагазавых аб’ектаў, такія гучныя маштабныя праекты, як “Блакітны паток” і “Сахалін-2”. Яны надзейна злучылі усход з захадам і поўнач з поўднем.
Уладзімір Барысавіч доўга заставаўся жвавым, бы ртуць, але прыйшоў час і на дзявятым дзясятку перадаў справу ў больш маладыя рукі.
Пасляслоўе
Жыве ў народзе прыкмета: калі нехта пройдзе цераз полымя — загартуецца, як булат, і будзе гарэць для іншых доўгім святлом жыцця. Калі ўжо гэтак блізка быў подых смерці, лёс дараваў 10-гадоваму хлопчыку паратунак. Дзеля працягу маладога жыцця былі і ўсмешка фартуны, і божая падтрымка за дзіцячыя слёзы, за пакрыўджанае маленства.
Сёння — на парозе 90-годдзя — ён зноў плакаў у Жабінцы, згадваючы на вуліцы Міру пра вайну, і ў Хмелеве над магілай маці, якой сказаў на развітанне:
— Да сустрэчы, мая дарагая…
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара
На здымках: Уладзімір Барысавіч АНДРЭЙЧАЎ схіліў калені на месцы магілы, дзе маглі ляжаць і яго астанкі; пад шатамі высокіх хмелеўскіх сосен магіла Яўгеніі Андрэеўны АНДРЭЙЧАВАЙ, да якой завіталі сын і ўнучка.

Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
