Яе калісьці мама вышывала

Яе калісьці мама вышывала

Вядомы мастак Віктар Васняцоў пісаў сваю карціну “Іван-царэвіч на Шэрым Ваўку” дакладна не паўстагоддзя. А вось у вышытай крыжыкам аднайменнай работы, якую захоўвае жыхарка Жабінкі Марыя Якімук, паўвекавая гісторыя. Менавіта столькі прайшло ад з’яўлення першага каляровага крыжыка на палатне да апошняга.
Вышываць карціну з Іванам-царэвічам ды Аленай Прыгожай, якія скачуць на Шэрым Ваўку па цёмным лесе насустрач шчаслівай будучыні, пачала матуля маёй суразмоўніцы Надзея Якаўлеўна Шпак. Было гэта ў 70-я гады мінулага стагоддзя. Шматдзетная сям’я, у якой выхоўвалася пяцёра дзяцей, жыла на хутары паміж Шадзямі і Баярамі. Дарэчы, за выхаванне чатырох сыноў і дачкі Надзея Якаўлеўна была ўзнагароджана медалём Мацярынства.
— Дзіву даюся, як матуля ўсё паспявала, — кажа Марыя Іванаўна, — нас выхоўвала-гадавала, гаспадарку трымала, шыла і ткала, лён і шэрсць прала, на прутках і кручком вязала, гладдзю і крыжыкам вышывала. Тата, Іван Аксенцьевіч, таксама без справы не сядзеў: новы дом уласнаручна будаваў, бо жылі ў старэнькім бабуліным, жонцы ў выхаванні дзяцей дапамагаў. Але, як вядома, на жаночыя плечы ў падтрыманні сямейнага агменю большая адказнасць кладзецца, і матуля з усімі работамі выдатна спраўлялася.
У 1972 годзе ў старой хаце Шпакоў здарыўся пажар. Ратуючы самае каштоўнае, Надзея Якаўлеўна выкінула ў акно і недавышытую крыжыкам карціну ды пакецік з мулінэ, а схема работы згарэла.
Сям’я пераехала ў Жабінку, на вуліцу 17 Верасня, куды перавезлі пабудаваны бацькам дом. Тут кожны цвік, кожная дошчачка нагадвае Марыі Іванаўне пра тату, які 38 гадоў таму пайшоў у іншы свет. А напаміны пра маму — вышытыя ручнікі, абрусы і падзорнікі ды “Іван-царэвіч на Шэрым Ваўку”.
Жанчына не можа знайсці адказ на пытанне, чаму матуля ніколі не спрабавала давышываць карціну, якую выратавала ад агню. І дачку аб гэтым не прасіла.
— 21 ліпеня 2018 года мы адзначылі маміна 86-годдзе, а 13 жніўня яе не стала, — дзеліцца мая суразмоўніца. — Калі сабраліся на гадавіну па самым блізкім чалавеку, я дастала недавышытую матуляй карціну, паклала на падушку, і так мне захацелася яе закончыць!.. У памяць аб маме… Родныя мяне падтрымалі, і я пачала шукаць схему гэтай работы. Звярталася ў часопіс “Гаспадыня”, давала аб’яву ў “Сельскай праўдзе”. Мне параілі абзваніць усе Дамы культуры. Нарэшце дапамагчы паабяцала жыхарка Ленінскага Марыя Юхімук: пры яе садзейнічанні аж з Масквы павінна была прыйсці схема “Івана-царэвіча…” разам з канвой і ніткамі. Ды, на жаль, нешта не склалася…
Марыя Якімук паўтара месяца працягвала пошукі, пакуль лёс не звёў яе з Ірынай Шчаноўскай з Вежак, якая знайшла ў адным з часопісаў адпаведны ўзор.
— Вось тут, справа ўнізе і збоку, вышывала мама, — расказвае і паказвае расчуленая ўспамінамі Марыя Іванаўна. — А злева ўжо я. Лічыла крыжыкі, падбірала мулінэ, карпатліва і з любоўю дапрацоўвала пачатае матуляй.
Карціна 80 на 60 сантыметраў, якая складаецца з больш як 52 тысяч крыжыкаў, уражвае сваім памерам і прыгажосцю. У ёй — повязь пакаленняў, цеплыня і пяшчота, любоў і клопат.
Цікаўлюся, ці прадала б Марыя Іванаўна гэты рукатворны цуд, аздоблены прыгожай рамай, калі б ёй прапанавалі вялікія грошы. Жанчына адмоўна круціць галавой:
— Не трэба нам ніякае “золата ды срэбра”: гэта карціна — памяць пра дарагую і любую матулю — шчырую працаўніцу, сапраўдную гаспадыню, майстрыху на ўсе рукі.
Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК
Фота аўтара

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top