На сувязі 24 гадзіны ў суткі

На сувязі 24 гадзіны ў суткі

Служыць справе і людзям — такое жыццёвае крэда намесніка галоўнага ўрача Жабінкаўскай ЦРБ па медыцынскай частцы Ганны Бурак. Любімай справе яна прысвяціла амаль 40 гадоў, і ўвесь гэты час яе прафесійная дарога непарыўна звязана з Жабінкаўшчынай.

Успаміны пра малую радзіму

У невялічкай вёсцы Шавялі, што ў Ляхавіцкім раёне, нарадзілася і расла Ганна Ігнацьеўна. Сям’я была дружнай і працавітай. Тата рупіўся шафёрам, мама — на хлебапякарні. У працы яны гадавалі і сваіх дачушак — Аню, Алену і Аксану. А ў часы адпачынку і ў святы ў сям’і гучалі песні: бацькі мелі цудоўныя галасы, хораша спявалі, гэты талент перадалі і сваім дзецям.

Дом Буракоў у Шавялях вылучаў-ся сярод іншых і быў відаць здалёк: аранжава-жоўты, нібы сонейка, з разьбянымі аканіцамі. Такім яго і зараз у памяць аб самых родных людзях захоўваюць дочкі, падтрымліваюць у ім парадак. Яны прыязджаюць сюды ўжо са сваімі сем’ямі, каб адпачыць, наталіць сэрца ўспамінамі, надыхацца гаючым паветрам малой радзімы, набрацца сілы і моцы ад роднай зямлі ды бацькоўскай хаты, дзе, як вядома, спіцца найлепш.

Калі мары здзяйсняюцца

Яшчэ ў пятым класе Аня Бурак вырашыла, што стане медыкам. Неяк настаўніца рускай мовы прынесла на ўрок карціну: пад Паўночным ззяннем імчыць па снезе аленевая запрэжка… І папрасіла вучняў напісаць па малюнку творчую работу. Аніна сачыненне было лепшым, і педагог зачытала яго ўсім дзецям. Вучні пачулі кранальную гісторыю пра ўрача, які спяшаецца на выклік. Так і яна хацела ў будучым дапамагаць і быць карыснай людзям. Таму пасля заканчэння Падлескай дзесяцігодкі залатая медалістка Ганна Бурак падала дакументы ў Віцебскі дзяржаўны медыцынскі інстытут і, як і належыць выдатніцы, здавала толькі адзін уступны іспыт — фізіку. Атрымаўшы на экзамене “пяцёрку”, яна была залічана ў кагорту студэнтаў запаветнай установы.

Гады вучобы незабыўныя

Вучылася Ганна Ігнацьеўна з вялікім задавальненнем і ахвотаю. Найбольш падабалася хірургія. Цікава было на лекцыях і практычных занятках: установа вызначалася моцным прафесарска-выкладчыцкім саставам. Аня Бурак і ў ВНУ зай-малася на выдатна: атрымлівала павышаную стыпэндыю, а на працягу года — нават ленінскую. Абіралася дэпутатам Віцебскага гарсавета, удзельнічала ў самадзейнасці, наведвала лыжную секцыю, тройчы ездзіла на студатрадаўскія будоўлі.

Інтэрнатуру праходзіла ў Брэсцкай абласной бальніцы. Па размер-каванні чырвонадыпломніца Ганна Бурак атрымала накіраванне ў Жабінкаўскую раённую бальніцу на пасаду загадчыка тэрапеўтычнага аддзялення. У 1983 годзе яна прыехала ў Жабінку, дзе і пачалася яе працоўная дзейнасць.

Аддзяленне, якое стала родным

Маладога спецыяліста цёпла, па-бацькоўску сустрэў тагачасны галоўны ўрач райбальніцы Віктар Санюк. “Я адчувала ўсебаковую падтрымку Віктара Аляксандравіча і была за гэта яму вельмі ўдзячная, — заўважыла ў размове Ганна Ігнацьеўна. — Маім галоўным настаўнікам у рабоце стала ўрач Галіна Маркаўна Туроўская. Калі ішлі з ёю на абход, толькі дзіву давалася: як можна ведаць кожнага пацыента?! Імя, месца жыхарства, ягоныя праблемы са здароўем. Цяпер за гады практыкі сама такая”.

Свой першы працоўны дзень Ганна Бурак памятае і цяпер: “У аддзяленне паступіў пацыент з абвостранай бранхіяльнай астмай. Такія хворыя накіроўваюцца толькі ў рэанімацыю, а ў нас яе тады не было. Разумела: сітуацыя складаная, і патрэбна хутка прымаць рашэнне. Тэлефанавала ў Брэсцкую абласную бальніцу, раілася з калегамі. Дапамагаў і кансультаваў тагачасны загадчык хірургічнага аддзялення райбальніцы Анатоль Касянкоў. І з сітуацыяй справіліся. З-за адсутнасці рэанімацыі да нас у аддзяленне паступалі ўсе цяжкія хворыя — з інсультамі, інфарктамі, і мы самі іх выходжвалі, ставілі на ногі. Праца вельмі падабалася, цяжкасці не палохалі, наадварот, загартоўвалі. Я шмат чытала, вучылася — удасканальвалася прафесійна. У некаторых выпадках дапамагалі і інстытуцкія канспекты, я іх і цяпер захоўваю. Калектыў тэрапеўтычнага аддзялення заўсёды вызначаўся згуртаванасцю, узаемападтрымкай, мы ўсё пераадольвалі разам. У маім падначаленні знаходзіліся чатыры ўрачы і два пасты медыцынскіх сясцёр. З цягам часу аддзяленне, якое ўзначальвала на працягу 17 гадоў, стала для мяне родным. Былі моманты, калі прапаноўвалі працу ў сталіцы, у абласным цэнтры, але я засталася ў Жабінцы, бо любіла тое, чым займалася, і адчувала, што патрэбная тут”.

На адказнай пасадзе

З 2000 года Ганна Бурак — намеснік галоўнага ўрача райбальніцы па медыцынскай частцы. Яна адказвае за арганізацыю лячэбна-дыягнастычнага працэсу ва ўстанове. Кожную раніцу ёй здаюць свае справаздачы дзяжурны ўрач, фельчары хуткай дапамогі, урачы-рэаніматолагі. Такім чынам Ганна Ігнацьеўна даведваецца, што адбылося за суткі, ці здараліся неардынарныя сітуацыі, абмяркоўвае з калегамі стан хворых і прымае дзейсныя рашэнні. На працягу дня яна можа ўдзельнічаць у кансіліумах па цяжкіх і праблемных пацыентах, што знаходзяцца на лячэнні ў аддзяленнях райбальніцы. Ганна Ігнацьеўна ўзначальвае лячэбна-кантрольную і фармакалагічную камісіі, па пераліванні крыві, закупках медабсталявання і іншыя. Разам з рабочай групай выязджае ва ўстановы аховы здароўя раёна для аказання кансультацыйнай дапамогі і з праверкамі. Ну, і канечне, робіць абходы сваіх пацыентаў у тэрапеўтычным аддзяленні. За ўсе гады працы ў райбальніцы Ганна Ігнацьеўна ніколі не пакідала лячэбнай практыкі, заўсёды вяла палаты, каб не губляць як тэрапеўт прафесійных навыкаў.

Як расказала суразмоўца, яна на сувязі 24 гадзіны ў суткі. Нават ноччу яе мабільны заўсёды побач. Калі здараюцца экстраныя, складаныя сітуацыі, медыкі тэлефануюць начмеду, каб пракансультавацца, параіцца — яна ў курсе ўсіх спраў.

Пра калег і сямейную справу

У размове Ганна Бурак цёпла гаварыла пра калег, адзначала іх прафесіяналізм, адказнае стаўленне да сваіх абавязкаў. Асабліва гэта праявілася падчас складанай эпідэміялагічнай сітуацыі, якую перажывалі разам. “Няпроста было, але ўсе малайцы, добра спрацавалі, — зазначыла Ганна Ігнацьеўна. — У калектыве адчуваліся разуменне, узаемападтрымка, а гэта самае галоўнае”.

За гады працы мая суразмоўца неаднойчы адзначалася граматамі раённага і абласнога ўзроўняў, абіралася дэпутатам райсавета. У ліку высокіх узнагарод — нагрудны знак “Выдатнік аховы здароўя Рэспублікі Беларусь”, які ёй уручаў у сталіцы тагачасны міністр аховы здароўя краіны Васіль Жарко.

Дачка Вольга не пайшла па матулінай сцяжынцы: выкладае замежную мову ў першай гарадской школе. А вось родная пляменніца Наталля — акушэр-гінеколаг Ляхавіцкай райбальніцы, скончыла той самы Віцебскі медінстытут, які ёй параіла Ганна Ігнацьеўна. А гэта значыць, медыцынская справа жыве ў сям’і!

“Дача — мая аддушына”

Так кажа Ганна Бурак пра сваё ўлюбёнае месца. Вы б бачылі, колькі тут кветак! Адной каралевы-ружы больш за 20 кустоў, растуць лілеі, гартэнзіі. Водар красак разносіцца па ўсім наваколлі. Участак упрыгожваюць туі, якія гаспадыня сама пасадзіла, ёсць ажыны, дурніцы, растуць пладовыя дрэвы. На адной грушы ажно тры віды: гэта яе рук справа — умее Ганна Ігнацьеўна прышчапляць. Ёсць і агарод, багаты гароднінай.

“Гонар дачы — альтанка, якую пабудавалі нашы мужчыны: зяць, муж і сват, — кажа суразмоўніца. — Мы любім тут адпачываць сям’ёй, і калег я запрашаю ў госці”.

У доміку ёсць печка, у якой Ганна Ігнацьеўна гатуе смачную бабку з бульбы. На дачу яна ездзіць на веласіпедзе — хутка дабіраецца, дый для здароўя карысна.

Горад, сэрцу дарагі

“Маленькая Жабінка стала для мяне другой радзімай, роднай і дарагой, — кажа Ганна Бурак.

— Тут я рэалізавалася ў прафесіі, стварыла сям’ю, набыла сяброў. За гэты час райцэнтр моцна змяніўся: пашырыліся яго межы, ён утульны, прыгожы — сапраўдны еўрапейскі гарадок. І ў райбальніцы адбыліся значныя змены. Некалі я пачынала працаваць у яе старым корпусе, дзе зараз месціцца тэрапеўтычнае аддзяленне. На маіх вачах узводзіўся новы будынак лякарні, праходзілі рамонты аддзяленняў, паліклінікі — і цяпер гэта сучасная медустанова, дзе рупяцца добрыя спецыялісты, маецца найноўшае абсталяванне. Адрамантаваны таксама сельскія амбулаторыі і ФАПы — усё робіцца дзеля людзей, іх камфорту і дабрабыту, і гэта правільна.

Хочацца, каб жабінкаўцы не хварэлі, добра сябе адчувалі, на гэта і накіраваны намаганні медыкаў. Мы заўсёды на варце здароўя нашых землякоў!”

Алёна НІКАНЧУК

Фота аўтара

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro