Прэзідэнт правёў нараду з кіраўніцтвам эканамічнага блока Беларусі

Прэзідэнт правёў нараду з кіраўніцтвам эканамічнага блока Беларусі

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка нагадаў ураду аб неабходнасці вырашэння самых значных для грамадства пытанняў, якія датычацца заработнай платы, занятасці і цэн. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў 23 ліпеня на нарадзе з кіраўніцтвам эканамічнага блока краіны.

«Сёння мы спынімся на трох самых значных пытаннях, якія пастаянна знаходзяцца на кантролі ў грамадства, — зарплаты, занятасць і цэны. Я ўважліва вывучыў усе статыстычныя і аператыўныя даныя, меркаванні і настроі людзей, — сказаў Прэзідэнт. — Нейкіх асаблівых, відавочных вынікаў і поспехаў у гэтай рабоце пакуль не ўбачыў».

Аб заработнай плаце: абяцаны мінімум дасягнуты

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў цэлым па краіне дасягнуты той мінімум, які быў абяцаны з боку кіраўніцтва. Усе вобласці і Мінск у маі ў сярэднім плацілі зарплату па тысячы і больш рублёў (толькі Магілёўская вобласць не дацягнула Br7 да тысячы). «Аднак, паводле маіх даных, даход значнай часткі насельніцтва пакуль яшчэ ніжэйшы за гэты ўзровень, і не ад усіх людзей мы атрымліваем станоўчую ацэнку сваёй работы», — прадоўжыў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы прывёў у якасці прыкладу асобныя катэгорыі работнікаў (напрыклад, выхавальнікі дзіцячых садоў), якія, нягледзячы на значную нагрузку, усё яшчэ не атрымліваюць тысячу рублёў. Такіх грамадзян Прэзідэнт даручыў падтрымаць, знайшоўшы пры неабходнасці дадатковыя фінансавыя крыніцы. «Знайсці крыніцы, аж да нетрадыцыйных, каб падтрымаць гэтых людзей. Я не хачу сказаць, што мы павінны заплаціць па тысячы з нечым рублёў усім тым, хто проста прыйдзе на работу. Не, — дадаў Аляксандр Лукашэнка. — Прашу далажыць: якія меры прымаюцца па стварэнні ўмоў для дастойнага заработку тым, хто імкнецца зарабіць. Якія не проста без справы бадзяюцца (ёсць у нас і такія). Але пераважная большасць людзей хоча зарабіць. Ім трэба дапамагчы».

Акрамя таго, кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на неабходнасць вырашыць застарэлую праблему, калі рост зарплаты апярэджвае рост прадукцыйнасці працы.

Аб занятасці: удалося не дапусціць катастрофы

Што датычыцца пытанняў занятасці, то кіраўнік дзяржавы канстатаваў адсутнасць сур’ёзных праблем. «У цэлым трагізму няма. Нам удалося не дапусціць катастрофы — скочвання ў яму беспрацоўя, як гэта адбылося нават у нашых суседзяў. Менавіта катастрофы, таму што нават у самых моцных дзяржаў свету не хапіла набытага запасу трываласці, каб захаваць спакой у грамадстве, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Аднак занятасць у эканоміцы павінна забяспечвацца ўстойлівай і эфектыўнай работай прадпрыемстваў».

У той жа час Прэзідэнт падкрэсліў недапушчальнасць масавых звальненняў супрацоўнікаў.

«Людзі на прадпрыемстве — іх нельга выкідваць на вуліцу, але яны павінны працаваць. Іх трэба забяспечыць работай. Калі на прадпрыемстве не хапае традыцыйных відаў работ, то ў Мінску і ў іншых гарадах, у вёсцы цяпер шмат работы, можна зарабіць. Арганізуйце людзей», — паставіў задачу кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што Беларусь у гэтым годзе разлічвае на вельмі добры ўраджай у сельскай гаспадарцы, які можна экспартаваць і атрымаць значную грашовую выручку. У сувязі з гэтым Прэзідэнт запатрабаваў арганізаваць якасную і своечасовую ўборачную кампанію і даў адпаведныя даручэнні адказным службовым асобам.

Разам з тым кіраўнік дзяржавы выказаў занепакоенасць сітуацыяй у прамысловым сектары. На думку Прэзідэнта, прамысловасць павінна скарыстацца перавагамі таго, што ў Беларусі не была спынена вытворчасць.

Аб цэнаўтварэнні — яно застаецца на асаблівым кантролі кіраўніцтва

Прэзідэнт запатрабаваў ад урада і мясцовых органаў улады трымаць на асаблівым кантролі пытанні цэнаўтварэння. «Сітуацыя, вядома, не крытычная, але ёсць пытанні», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнікі абласцей павінны праінфармаваць Прэзідэнта аб тым, як на месцах рэалізуюцца нядаўна прынятыя кропкавыя рашэнні аб падтрымцы занятасці і стымуляванні эканамічнай актыўнасці ў цэлым. «Мы прадаставілі губернатарам, старшыням гарадскіх і раённых выканкамаў надзвычайныя паўнамоцтвы. Дзейнічайце! Далажыце, як вы іх выкарыстоўвалі, паколькі дадатковыя паўнамоцтвы — гэта дадатковая адказнасць», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

«Перад намі стаяць абсалютна зямныя задачы. Чалавек павінен хадзіць на работу, атрымліваць дастойную зарплату — заробленую, а прадпрыемствы — эфектыўна развівацца», — рэзюмаваў беларускі лідар.

«Не дапусціць, каб складанасці пераносіліся на людзей» — Лукашэнка назваў ключавую задачу для ўлады

 

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што нельга выпусціць з-пад увагі важнейшыя пытанні, ад якіх залежыць звычайнае, штодзённае жыццё людзей. «Выбарчая кампанія пройдзе, градус палітычных працэсаў знізіцца, і эканоміка апынецца ў цэнтры грамадскай увагі. Яна і цяпер нікуды не знікае. Таму сёння я запрасіў эканамічны блок кіраўніцтва цэнтральных і мясцовых органаў улады, каб разгледзець работу галін рэальнага сектара і паслуг, фінансаў, сацыяльнай сферы, якая павінна быць пад пільным нашым кантролем. Ні адно пытанне, вінцік у гэтай машыне не павінен дапусціць збою, — падкрэсліў беларускі лідар. — У пачатку года, у час выпрабавання нас «нафтавай пандэміяй», нам гэта ўдалося. Потым была вірусная, «інфармацыйная». Цяпер пачалася палітычная пандэмія».

«Але наўрад ці гэта для каго-небудзь нечаканасць. На лёгкія часы мы ніколі не разлічвалі. Разлічваць на іх нельга і ў далейшым. Аднак ключавая задача для ўсіх нас у іншым. Любой цаной мы павінны не дапусціць, каб гэтыя складанасці пераносіліся на нашых людзей і каб іх нават адчувалі людзі. Ніякія складанасці іх закранаць не павінны, з якімі мы павінны разбірацца тут», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка: работа ўсіх дзяржслужачых — ісці да людзей і размаўляць з імі

«Усім трэба ісці да людзей. Трэба пагаварыць з людзьмі, трэба людзям тлумачыць, расказваць аб сваёй палітыцы. Некаторых я ўвогуле не бачу там. Хто не хоча, не трэба, абыдземся без вас. Але наша работа, усіх дзяржаўных служачых, — ісці да людзей і размаўляць з імі», — падкрэсліў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы заявіў, што сацыяльна арыентаваная палітыка, у цэнтры якой чалавек, яго інтарэсы і патрэбы, была і застанецца цэнтральным звяном пры прыняцці любога рашэння.

«Народ для таго і паставіў нас, каб мы былі гарантам яго бяспекі і спакою. А калі ўдары будуць вельмі моцнымі, мы павінны максімальна змякчыць іх наступствы. Для гэтага трэба больш тлумачыць людзям, што адбываецца ў краіне, ды і ў свеце, і чаму мы прымаем тыя ці іншыя рашэнні», — сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў час бягучай выбарчай кампаніі ад грамадзян атрымана вялікая колькасць  ініцыятыў і пажаданняў. «Гэты моцны канал зваротнай сувязі эканамічным службам усіх узроўняў трэба выкарыстоўваць у сваёй штодзённай рабоце, — акцэнтаваў увагу беларускі лідар. — Усё, аб чым гаварылі людзі, тое распараджэнне, якое я падпісаў па выніках маніторынгу настрою людзей, павінна быць бездакорна выканана. Там пытанні нашага ўзроўню».

«У гэтай частцы новаму кіраўніцтву ўрада давядзецца падкарэкціраваць свае стыль і метады работы», — дадаў Прэзідэнт.

Лукашэнка: барацьба з каранавірусам абышлася бюджэту ў паўмільярда рублёў, але чалавек важнейшы за грошы

«Беларусы павінны ведаць, што, напрыклад, барацьба з каранавірусам ужо абышлася бюджэту амаль у паўмільярда рублёў. Тут і дадатковыя затраты на медыцыну, і сродкі на падтрымку рэальнага сектара эканомікі. Але чалавек заўсёды важнейшы за грошы», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што дзякуючы агульным намаганням айчынная сістэма аховы здароўя справілася. Колькасць хворых зніжаецца. «Я маю на ўвазе не пратэсціраваных, а рэальна хворых. Але сітуацыя ў свеце далёка не аптымістычная: гэтай хваробай заразіліся амаль 15 млн чалавек. Ёсць краіны, дзе ўводзяць паўторныя абмежавальныя меры. Гэта значыць людзей закрылі, увялі каменданцкую гадзіну, адкрылі і атрымалі новы ўсплёск хваробы, давялося зноў закрываць у кватэрах», — заўважыў Прэзідэнт.

У сувязі з гэтым, каб пазбегнуць другой хвалі, Аляксандр Лукашэнка заявіў аб падтрымцы медыкаў, якія раяць у гэтым годзе адпачываць толькі ў Беларусі. «Я папярэдзіў ужо: мы нікому нічога не забараняем, куды хочаце  едзьце, але пасля вяртання ў краіну сядзеце на каранцін за свой кошт. З усімі вынікаючымі наступствамі», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, у краіне стварылі ідэальныя ўмовы для адпачынку. «Трэба хаця б даведацца, што такое Нарач, Браслаўскія азёры, Бярэзінскі запаведнік, Белавежская пушча, пабываць на Дняпры, Прыпяці, Нёмане, Сожы, што такое Палессе паглядзець. Цудоўныя мясціны. І я ўпэўнены, што ў наступным годзе, калі будзе ўсё вельмі добра ў свеце, палавіна не паедзе за межы краіны і будзе адпачываць тут. І гэта танней абыдзецца», — сказаў Прэзідэнт.

«У нас створаны ўсе ўмовы для паўнацэннага і бяспечнага адпачынку. Таму раю: паберажыце сябе, родных і блізкіх», — заклікаў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка: у бягучым годзе небывалы ўраджай, значыць павінны быць грошы ў краіне

«У сельскай гаспадарцы — небывалы ўраджай. Такога ніколі не было ў гісторыі Беларусі, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Калі такі ўраджай, зрухі па малаку, мясе і нават па экспарце нашай сельскагаспадарчай прадукцыі, дык значыць павінны быць грошы ў краіне. У вяскоўцаў ёсць усё, каб паправіць эканамічны стан гаспадарак».

У той жа час Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на неабходнасць якаснай і своечасовай арганізацыі ўборачнай кампаніі, каб у поўным аб’ёме сабраць ураджай. У сувязі з гэтым ён даў даручэнне адказным асобам узяць пад строгі кантроль забеспячэнне ўборкі і арганізацыю экспартных паставак сельгаспрадукцыі.

Разам з тым Прэзідэнт выказаў занепакоенасць сітуацыяй у прамысловым сектары. Кіраўнік дзяржавы перакананы, што нягледзячы на эканамічныя складанасці ў свеце ў айчынных прадпрыемстваў ёсць магчымасці рэалізаваць сваю прадукцыю. У якасці прыкладу ён прывёў ЗАТ «Атлант». У гэтым годзе Мінскі завод халадзільнікаў устанавіў рэкорд па продажах, паколькі ў адрозненне ад многіх прадпрыемстваў за мяжой не спыняў вытворчасць і змог забяспечыць рост паставак сваёй прадукцыі на рынку, у тым ліку на расійскім напрамку. «Хто перашкаджае іншым прадпрыемствам такім чынам дзейнічаць? — задаўся пытаннем Прэзідэнт. — Многія так і робяць».

Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што прамысловасць павінна скарыстацца цяперашняй сітуацыяй і перавагамі таго, што ў Беларусі не была спынена вытворчасць. «Эканоміка ў свеце сціснулася. Попыт на сыравіну зменшыўся, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Калі попыт на сыравіну, матэрыялы, металы і іншае зменшыўся, значыць і цэны знізіліся. Значыць, наша прамысловасць можа купіць сыравіну танней. Але цэны на гатовы тавар не знізіліся. Чаму? Таму што эканоміка стаіць. З’явіўся дэфіцыт на многія тавары прамысловасці. Дык прадайце іх, як робяць іншыя».

Лукашэнка запатрабаваў рашуча рэагаваць на дэструктыў у СМІ, нягледзячы на электаральную кампанію

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу адказных асоб, уключаючы Адміністрацыю Прэзідэнта, на неабходнасць удзяляць больш пільную ўвагу рабоце на інфармацыйным полі: «Вядома, мяне здзіўляе апошнім часам работа Адміністрацыі Прэзідэнта, прэс-сакратара, ды, думаю, і Наталля Іванаўна (старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава. — Заўвага БЕЛТА) магла б на гэта больш уважліва паглядзець».

Пры гэтым размова ідзе не толькі пра інтэрнэт, але і пра традыцыйныя СМІ, напрыклад, газеты. «Паглядзіце на папяровыя СМІ. Я сёння ўзяў усе газеты, паглядзеў на так званую «Комсомольскую правду» ў Беларусі. Ужо хутка ў жаўцізну ператворыцца. Бачыце, кіраўнік іх, седзячы ў Маскве, не то ў Крамлі, выступіў з заявай, і пачалася тэндэнцыйная падача інфармацыі, — адзначыў Прэзідэнт. — Няхай паедуць у поле, дзе сёння ідзе сапраўды бітва, барацьба за ўраджай. Небывалы ўраджай на палях сёння стаіць. Здыміце, раскажыце, сфатаграфуйце камбайнера-тысячніка. Раскажыце аб гэтых простых людзях-рабацягах, якія кормяць краіну. Усе ж заўтра пабягуць у магазіны, гэтыя пісакі, каб купіць кавалак хлеба сабе, родным, блізкім, дзецям».

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад адказных асоб выконваць свае абавязкі, а не чакаць тых ці іншых спецыяльных указанняў. «Слухайце, мы гаспадары ў гэтай краіне. Выконвайце свае абавязкі. Не можаце — скажыце, што вы не можаце. Будуць іншыя гэтым займацца», — сказаў беларускі лідар.

«Ды і ва ўрадзе ў нас, Міністэрстве замежных спраў усе сядзяць, чакаюць каманды Прэзідэнта. Што гэта за стаўленне да краіны? BBC, «Свабода», «Свабодная Еўропа» і гэтак далей, стрымы гэтыя… Я ўжо не кажу пра тэндэнцыёз, яны ж заклікаюць да масавых беспарадкаў. Чаму вы гэта церпіце? Вы ж іх акрэдытавалі тут», — заўважыў кіраўнік дзяржавы.

Ён звярнуў увагу на неабходнасць прымаць у такіх выпадках адпаведныя меры, нягледзячы на перадвыбарны перыяд: «Не трэба чакаць ніякага канца электаральнай кампаніі. Адпраўляйце адсюль, калі яны не выконваюць нашы законы і завуць людзей на майданы».

«Паўтараць больш не буду, нягледзячы на тое, што мы ўвайшлі ў гэты складаны электаральны перыяд. Гэта ж нядобра — знявага за знявагай. Няхай мяне там выпацкалі ўздоўж і ўпоперак. Ужо накінуліся на ні ў чым не вінаватых старшынь участковых камісій. А ў іх жа сем’і, дзеці», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

БелТА

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top