Дарагая цана вызвалення

Дарагая цана вызвалення

Бягуць імкліва хвіліны, зліваюцца ў гадзіны, дні, тыдні, месяцы… Усё далей адыходзяць падзеі, якія разгортваліся на шматпакутнай беларускай зямлі ў саракавыя гады мінулага стагоддзя, але памяць наша застаецца жывой.
Усё менш і менш сведкаў ліхалецця, удзельнікаў баявых дзеянняў той крывавай Вялікай Айчыннай. Аднак нашчадкі памятаюць і свята шануюць подзвіг сваіх дзядоў і прадзедаў, якія аддалі жыцці за мірнае неба над нашай краінай.
21 ліпеня зноў запалаў Вечны агонь ля помніка воінам-вызваліцелям Жабінкі. На высокім пастаменце, трымаючы зброю ў руках, навечна застыў салдат, сурова паглядаючы на пліты з прозвішчамі сваіх баявых таварышаў, якім не выпала шчасце вярнуцца дадому жывымі, абняць і прытуліць да грудзей любімых і дарагіх людзей. Байцы знайшлі спачын у жабінкаўскай зямлі і назаўжды засталіся ляжаць тут. Для іх, салдат Вялікай Айчыннай, вызваленне Жабінкі каштавала вельмі дорага: за яго яны заплацілі сваімі жыццямі.
…З дынамікаў даносіцца голас дыктара, які пранікнёна чытае верш пра Радзіму, вызваленне і пераносіць прысутных у падзеі, што адбываліся тут 76 гадоў таму. Так, 21 ліпеня 1944 года падчас Люблін-Брэсцкай аперацыі савецкія войскі ачысцілі Жабінку ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гэты дзень мы ўзгадваем з вялікай удзячнасцю. У баях за вызваленне чырвонаармейцы праявілі мужнасць, адвагу і смеласць, каля трыццаці воінаў, якія вызначыліся ў баях на Жабінкаўшчыне, былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі.
Метраном гучна адлічвае секунды. Углядаючыся ў полымя Вечнага агню, кожны прысутны мог узгадаць родных і блізкіх, якім выпала нарадзіцца, жыць або ваяваць у тыя агнявыя саракавыя. Практычна ў кожную сям’ю зазірнула ліхалецце, якое калечыла ці забірала жыцці родных людзей. Таму жывыя кветкі, што ляглі да пастамента і плітаў з прозвішчамі, — гэта і ўспаміны, і даніна пашаны загінулым. Самае малое, што можам зрабіць мы, нашчадкі, — захоўваць у памяці іх подзвіг. Без іх гераізму не было б святкавання Дня вызвалення горада!
Святлана БЯЛЯК
Фота аўтара

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top