Калі рэч прымяніць не па прызначэнні

Калі рэч прымяніць не па прызначэнні

Раней не адзін раз па тэлебачанні рэкламавалі клей. Маўляў, карысная рэч: як прыклеіш, дык ні за што не адарвеш!
Можна падумаць, што ў Мікалая М. усё псуецца, бо ён часта купляе той знакаміты клей. Аднак малады чалавек знайшоў для яго іншае прымяненне, добра ведаючы, што ўдыханне клеевых пароў шкодна для здароўя. Так-так, клей у адзін момант можа атруціць чалавека.
Яшчэ летась Мікалаю М. пастановай начальніка раённага аддзела міліцыі за паяўленне ў грамадскім месцы ў стане, выкліканым ужываннем таксічных рэчываў, што зневажала яго чалавечую годнасць і прыніжала мараль, было накладзена спагнанне паводле часткі 4 артыкула 17.3 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях. Мужчына быў аштрафаваны на пяць базавых велічынь, альбо 127 з паловаю рублёў.
Мікалай налаўчыўся ўводзіць сябе ў неадэкватны стан шляхам інгаляцыйнага ўдыхання пароў клею. Пасля гэтай працэдуры ён пераставаў адчуваць сябе чалавекам: рагатаў без дай прычыны, крычаў неразумнае, хістаўся ды падаў, не арыентаваўся ў прасторы і часе, ад яго за некалькі метраў несла клеем. Пагэтаму, вядома ж, меў неахайны выгляд, які палохаў ці насцярожваў прахожых.
Значыць, на працягу года пасля накладання адміністацыйнага спагнання мужчына на шлях выпраўлення не стаў. Наадварот, яго бачылі людзі і ў парку, і на пляжы, і паблізу вакзала ў непрыстойным выглядзе. Клапоцячыся пра ягонае здароўе і жыццё, тэлефанавалі ў Жабінкаўскі РАУС…
На парушальніка парадку была заведзена крымінальная справа. Суд улічыў усе абставіны і асобу абвінавачваемага. Былі прыняты да ўвагі чыстасардэчнае раскаянне ў здзейсненым і станоўчая характарыстыка з працы, да таго ж улічана, што Мікалай мае пастаяннае месца жыхарства. У выніку суд прыйшоў да высновы, што выпраўленне яго магчыма пры знаходжанні ва ўмовах ажыццяўлення пастаяннага нагляду.
На падставе артыкула 328-2 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь Мікалаю М. назначана пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на тэрмін у адзін год без накіравання ў выпраўленчыя ўстановы адкрытага тыпу.
У сувязі з тым, што паводле заключэння судова-псіхіятрычнай экспертызы абвінавачваемы хварэе на таксікаманію, хранічны алкагалізм і мае патрэбу ў прымяненні прымусовых мер бяспекі і лячэння, на аснове часткі 1 артыкула 107 Крымінальнага кодэкса прыменена лячэнне па месцы жыхарства.
Віктар НОВІК, старшыня суда Жабінкаўскага раёна

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top