Прывезлі дадому “бронзу”
Пад Баранавічамі ў пасёлку Мір прайшоў абласны этап спартыўна-масавага мерапрыемства “Абласныя спаборніцтвы па біятлоне сярод дзяцей і падлеткаў “Снежны снайпер-2020” на прызы Прэзідэнцкага клуба”. Спартыўная сустрэча сабрала больш за 200 школьнікаў, дзе спаборнічалі амаль два дзясяткі каманд. Першы дзень быў прысвечаны асабістым гонкам. Так, удзельнікі з малодшай катэгорыі вольным стылем пераадолелі дыстанцыю 1,8 км. Прадстаўнікі сярэдняй узроставай групы прабеглі 2,4 км, старэйшай — 3. На наступны дзень чакала змешаная эстафета. Жабінкаўшчыну прадставіла зборная каманда, куды ўвайшлі вучні першай гарадской, Ракітніцкай і Крыўлянскай школ. Нашы хлопчыкі і дзяўчынкі заваявалі трэцяе каманднае месца ў старэйшай узроставай катэгорыі.
У конкурсе — са сваім “сябрам”
Выхаванец Жабінкаўскай дзіцячай школы мастацтваў Кірыл Савянок, які навучаецца майстэрству ігры на баяне ў педагога Наталлі Грэцкай, прыняў удзел у ІІІ Міжнародным конкурсе “Мой сябра — баян”. Ён ладзіўся на базе Гомельскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў імя Н.Ф. Сакалоўскага. За ўдзел у такім прэстыжным мерапрыемстве Кірыл адзначаны граматай ад арганізатараў у намінацыі “Баян. Сярэдняя група”.
Разам — у кіно!
Старшыня клуба маладых спецыялістаў Яўген Мацюшын прапаноўвае ўдзельнікам аб’яднання карысна і цікава праводзіць час. Так, днямі клубаўцы пабывалі ў кінатэатры “Юбілейны” на фільме “ІІ”. Сусветная прэм’ера адбылася на Варшаўскім кінафестывалі, дзе работу адзначылі, у Беларусі карціну ўпершыню пабачылі на “Лістападзе”. Сваімі ўражаннямі ад прагляду падзялілася прадстаўнік клуба Настасся Нагар. “Кажуць, што гэты фільм пра ВІЧ, але я не згодна, — заўважыла малады педагог. — Кінастужка паказвае, як людзі ставяцца да тых, хто не падобны на іншых, асаблівы. Гісторыя пра каханне і моцнае сяброўства. Крыху жахліва, але жыццёва і праўдзіва. Калі глядзіш на экран, то падаецца, што ўсё гэта адбываецца прама на тваіх вачах!”
Хварэлі за нашых
У мінулую суботу навучэнцы 8 “Б” класа сярэдняй школы № 1 Жабінкі, якія займаюцца ў аб’яднанні па інтарэсах “Юныя турысты”, разам з яго кіраўніком Юліяй Дусь наведалі спартыўны комплекс “Вікторыя” ў Брэсце, дзе праходзяць спаборніцтвы Лігі чэмпіёнаў па гандболе. Васьмікласнікі пабывалі на захапляльнай гульні, у якой сустрэліся каманды Брэсцкага гандбольнага клуба імя Мяшкова і “Кіль” з Германіі. Ва ўпартай барацьбе брастаўчане перамаглі з лікам 33:30.
Паспяхова выйшлі з лабірынта
Навучэнцы шостых класаў першай гарадской адзінаццацігодкі прынялі ўдзел у адкрытым першынстве па спартыўным арыентаванні “Мудрагелісты лабірынт-2020”, прысвечаным Дню абаронцаў Айчыны, які адбыўся на базе Пелішчанскай сярэдняй школы Камянецкага раёна. Юныя жабінкаўцы спаборнічалі з гаспадарамі мерапрыемства. Гэта былі асабіста-камандныя выпрабаванні, якія патрабавалі ад удзельнікаў хуткасці, спрыту і кемлівасці. Добры вынік у асабістым заліку сярод хлопчыкаў 5-7 класаў паказалі шасцікласнікі СШ № 1 Мікіта Усцьянчык і Антон Шэдаў, у якіх другое і трэцяе месцы адпаведна.
Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Пелішчанскай школы Канстанцін Капаеў правёў для гасцей экскурсію па ўстанове. Вучні наведалі куток баявой славы, этнаграфічны музей, заняткі аб’яднання па інтарэсах па выяўленчым мастацтве.
Спаборніцтвы па спартыўным арыентаванні праходзілі якраз напярэдадні масленічнага тыдня, таму іх арганізатары падрыхтавалі сюрпрыз для гасцей: пачаставалі іх смачнымі блінамі і гарачым чаем.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
