Уладзімір СКАЧЫКОЎСКІ: “Добрых слоў зашмат не бывае”

Уладзімір СКАЧЫКОЎСКІ: “Добрых слоў зашмат не бывае”

Памятаеце, як у дзіцячай песеньцы шкадавалі, што дзень нараджэння бывае толькі раз на год? А што рабіць, калі ты прыйшоў на свет у самы рэдкі дзень календара? Сёння наша сустрэча з Уладзімірам Скачыкоўскім — адным з васьмі жабінкаўцаў, якія нарадзіліся 29 лютага.

Месяц, якому не пашанцавала…

Час развітвацца з апошнім зімнім месяцам. Хоць сёлета, па шчырасці, люты не апраўдаў свайго наймення — зусім не “злаваўся”, выдаўся па-вясенняму мяккім, дажджлівым ды “плюсавым”.
Гэта калісь люты быў у валёнкі абуты. Зараз толькі і застаецца скардзіцца: няма таго, што раньш было… Хоць навошта бедаваць, лічыць Уладзімір Аляксеевіч, асабліва, калі год высакосны і твой дзень нараджэння нарэшце ёсць у календары. Яшчэ і дата выдалася круглая.
Да слова, лютаму даўно не шанцуе. У рымлян яго звалі фебруарыус — ахвярны месяц. Ім завяршаўся год. А таму з часам ён скараціўся на два дні: спачатку Юлій Цэзар за кошт лютага павялічыў свой месяц юліус, а затым тое самае зрабіў імператар Аўгуст. Гэтак у летніх месяцах стала па 31 дню, а зімні скараціўся да 28. Калі разыходжанні ў календары сталі надта прыкметнымі, вырашылі ўсё ж кожныя чатыры гады вяртаць “пакрыўджанаму” фебруарыусу яшчэ дзянёк.

…і чалавек, які адчувае сябе шчаслівым

Уладзімір Скачыкоўскі — патомны чыгуначнік. Дынастыя пуцевікоў, якую пачаў дзед Адам Дзям’янавіч, агулам ужо больш за 180 гадоў шчыруе на чыгунцы. Зараз, акрамя Уладзіміра, у Жабінкаўскай дыстанцыі пуці працуе на пасадзе намесніка начальніка па кадрах ды сацыяльных пытаннях і яго старэйшы брат Вадзім.
Сёння ва Уладзіміра Аляксеевіча добрая нагода прымаць віншаванні ад родных-блізкіх. Аднак спачатку спыталіся, ці святкуе ён дні нараджэння выключна ў высакосныя гады?
— Навошта чакаць так доўга? — адказаў з усмешкай юбіляр. — Калі гады “звычайныя”, нярэдка сябры ў разгубленасці. Ніхто не ведае, як “правільна” віншаваць. Вось і тэлефануюць — адзін
28 лютага, другі — 1 сакавіка. Мабыць, толькі брат заўсёды звоніць 28-га ды прыгаворвае: “Зімой нарадзіўся — тады і святкуй!” Ад астатніх добрыя словы, якіх, вядома, зашмат не бывае, прымаю два дні запар — і ў апошні зімовы дзень, і ў першы веснавы. Вось як! Быццам і няма ў календары майго дня нараджэння, а віншаванняў у два разы больш атрымліваецца!
Зараз — іншая гісторыя.
29 лютага на календары нарэшце “намалявалася”. Да таго ж — чырвоным колерам. Воляй-няволяй прыгадаеш, што дата ў біяграфіі круглая.
А таму самыя родныя сабраліся, каб адзначыць цудоўны дзень для ўсёй сям’і. Не, не трэба вясну прыспешваць (яна і так ужо за вокнамі буяе). Неабходна татаў і мужаў дзень святкаваць, які бывае яшчэ радзей, чым раз у год!
Разам з жонкай Марынай, дзецьмі Арцёмам і Сафіяй ён заўсёды адчувае сябе шчаслівым чалавекам.

Падарункі сваімі рукамі

Браты Скачыкоўскія — хлопцы ўмелыя, нярэдка шчыруюць ра-зам. Розніца толькі ў матэрыялах: старэйшы ў вольны час стварае вырабы з дрэва, малодшы — з металу.
— Вадзім на мой дзень нара-джэння заўсёды дорыць рэч, зробленую ўласнымі рукамі, мае розныя варштаты і майструе ўсё што заўгодна. Аднойчы прывёз прыгожую драўляную шыльду для маёй хаты, іншым разам — паштовую скрыню. Цяпер кожны раз, як вымаю з яе свежую прэсу, згадваю, што гэта братаў падарунак. А мае сямейныя знаходзяць безліч добрых слоў, дораць усмешкі, даражэйшыя за золата.
Валодзевы вырабы таксама знаходзяць сваіх адрасатаў — перш-наперш сяброў, знаёмых, сваякоў.
Захапленне прыйшло крыху нечакана. Гадоў пяць таму Уладзімір працаваў са зварачным апаратам, вось нехта і прапанаваў:
— Ты гэтак увішна ўпраўляешся з металам, мо нешта і мастацкае зрабіць зможаш? Паспрабуй…
Ідэя спадабалася. Вырашыў стварыць ружу з падковай на шчасце. А як атрымалася, захацелася працягу. “Рэцэпт” у майстра просты: балгарка, зварка і тое, што ў галаве! Фантазіі ўдосталь хапае, таму ў яго калекцыі назбіраецца ўжо больш за сотню вырабаў: падстаўкі, нажы, лаўкі, вітражы…
— Хутка закончу ў лазні адзін з такіх вітражоў з павуцінай і павучком, — гаворыць Скачыкоўскі. — Часам ідэя ўзнікае знянацку. Аднойчы мінчанін пажадаў мець металічную падстаўку для зборніка вершаў Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна. Тры дні і адна ноч — і заказ выкананы! Метал у руках цяплее, калі ўкласці ў яго часцінку таленту і каліва душы. Рэч, зробленая з любоўю, лепш за словы перадае прыемныя адчуванні і робіць незабыўным падарунак, прыдатны на ўсё жыццё.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top