У Ленінскай сярэдняй школе, піянерская дружына якой носіць імя воіна-афганца Валерыя Мігеля, прайшла дэкада грамадзянска-патрыятычных спраў, прысвечаная памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў “Афганістан у лёсах нашых землякоў”.
Пачалася яна з урачыстай лінейкі, на якой настаўнікі разам з вучнямі ўзгадалі падзеі Афганскай вайны і ўшанавалі памяць загінулых хвілінай маўчання. У фае школы была наладжана тэматычная выстава “Іх подзвіг мы не забудзем”, з якой вучні змаглі даведацца пра сапраўдных герояў вайны ў Афганістане. Таксама быў аформлены інфармацыйны стэнд “Абпаленыя Афганам”, які дапамог дзецям зразумець, што героямі не нараджаюцца, а становяцца звычайныя юнакі, лёс якіх пачынаецца з бесклапотнага дзяцінства.
У межах дэкады ва ўсіх класах школы прайшлі інфармацыйныя гадзіны “Дзеці вайны”, “Агнём абпаленае дзяцінства”, “Памятаем і ганарымся”, якія нагадалі пра падзеі вайны ў Афганістане, каб даць магчымасць школьнікам зразумець, дзеля чаго гінулі салдаты і афіцэры і якой цаною здабываўся мір.
Члены атрада “Міласэрнасць” сустрэліся з маці Валерыя Мігеля, земляка, што загінуў у Афганістане, правялі акцыю “Абеліск”, у межах якой прыбралі яго магілу. Воіну-інтэрнацыяналісту, які сумленна выканаў свой доўг, быў адведзены асобны дзень пад назвай “Афганская вайна — жывая памяць”, што скончыўся ўскладаннем кветак да месца пахавання героя.
Паміж вучнямі 9-11 класаў адбыўся міжшкольны валейбольны турнір, прысвечаны памяці Валерыя Мігеля і Васіля Дудара, які стаў традыцыйным ва ўстанове.
У рамках дэкады навучэнцы паглядзелі фільмы пра вайну ў Афганістане, што заснаваны на рэальных падзеях і героі якіх з’яўляюцца сапраўдным прыкладам мужнасці, годнасці і самаахвярнасці.
Дэкада завяршылася, але мы спадзяемся, яна пакінула штосьці важнае ў сэрцы кожнага, прымусіла задумацца, многае пераасэнсаваць і пераацаніць адносіны да жыцця, таварышаў, сваёй Радзімы.
Надзея МОТЫЛЬ, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Ленінскай сярэдняй школы
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
