Генерал і радавы

Ёсць у Булата Акуджавы вядомая песня “Бери шинель, пошли домой”, а ў ёй — радкі: “Мы все — войны шальные дети: и генерал, и рядовой…” Ліхалецце, сапраўды, не зважала на чыны-званні. Часам гінулі генералы, а выжывалі радавыя, наадварот здаралася стокроць часцей…
У іх біяграфіях нямала падабенства. Абодва рускія, нарадзіліся ў бедных сялянскіх шматдзетных сем’ях (у генерала было восем братоў і сясцёр, у радавога — шасцёра). У першыя дні Вялікай Айчыннай ваявалі пад Жабінкай і апошні спачын знайшлі на беларускай зямлі.
Генерал-маёр Іван Сідаравіч ЛАЗАРЭНКА (1895–1944) стаў правобразам гераічнага генерала Талызіна з рамана “Жывыя і мёртвыя” Канстанціна Сіманава.
Летам саракавога, калі яго 42-ю
стралковую дывізію перакінулі ў Брэсцкую крэпасць, Лазарэнка ўжо меў за плячыма чатыры вайны: імперыялістычную, грамадзянскую, іспанскую і фінскую. Баявы вопыт — каласальны. Таму аднаго погляду хапіла, каб ацаніць сітуацыю, і камдыў пачынае пісаць рапарты. У іх папярэ-
джвае: войскі надта блізка каля мяжы — пры раптоўным нямецкім уварванні ёсць пагроза разгрому. Мо, думаеце, да слоў поўнага Георгіеўскага кавалера, на гру-дзях якога зіхацелі два ордэны Чырвонага Сцяга, прыслухаліся? Наадварот, Лазарэнку пачалі папракаць у “панікёрстве”.
А калі ранкам 22 чэрвеня 1941 года ўсё здарылася, як ён прадракаў, ужо не мела сэнсу пасыпаць галаву попелам. Патрабавалася дзейнічаць. І ён дзейнічаў, наколькі дазвалялі абставіны. На свой страх і рызыку пад шалёным агнём вывеў з Брэста астаткі дывізіі. Заставалася надзея на 459-ы стралковы і 472-і артылерыйскі палкі, якія базіраваліся пад Жабінкай, а таму цалкам захавалі баяздольнасць. Больш-менш арганізавана атрымалася злучыць з імі часткі 44-га і 455-га палкоў, мотастралковую роту 84-га разведбата.
Астатнія байцы дывізіі, што не загінулі ў першыя гадзіны вайны, працягвалі змагацца ў крэпасці або далучыліся да ваеннаслужачых 28-га стралковага корпусу і біліся на подступах да Жабінкі разам з воінамі 22-й танкавай дывізіі.
Тым часам 472-і артполк, у якім служыў наш другі герой — Андрэй Пятровіч ПАТУРАЎ (1916-1994), заняў абарону на рубяжы Жабінка — Федзькавічы.
Андрэй Патураў нарадзіўся 25 верасня 1916 года ў вёсцы Страляжка Горкаўскай вобласці. 27 верасня трыццаць сёмага быў прызваны Шакунскім РВК у Чырвоную Армію. Баявое хрышчэнне атрымаў у складзе роднага артпалка ў лютым 1940 года ў Фінляндыі. Цяпер, летам сорак першага, усё было інакш. Перавага была на баку ворага, і 23 чэрвеня давялося адступіць да Кобрына. Праз два дні 42-я стралковая дывізія поўнасцю страціла артылерыю, а радавы Патураў трапіў у палон. Да самага канца вайны ён знаходзіўся ў лагеры для ваеннапалонных.
Зведаў “прывабнасці” лагернай сістэмы і генерал, але не нямецкай, а савецкай. У ліпені арыштаванага Лазарэнку абвінавацілі ў “разгубленасці” і “бяздзейнасці”, прысудзілі расстрэл, які ўсё ж замянілі дзесяццю гадамі пазбаўлення волі. У 1942-м, калі становішча ў тэатры ваенных дзеянняў склалася крытычнае, дзверы вязніцы перад Іванам Лазарэнкам расчыніліся. Ён зноў трапіў на перадавую — на Заходні, Бранскі, Цэнтральны франты, быў двойчы паранены. 24 кастрычніка 1943 года ваенны трыбунал зняў з Івана Сідаравіча судзімасць. Гэтаму не ў малой ступені паспрыяў будучы маршал Ракасоўскі, які таксама ў свой час зведаў увесь “смак” ГУЛАГу. Лазарэнка зноў стаў камдывам, узначаліў 369-ю стралковую дывізію, якая вызваляла Беларусь. Ні ў сорак першым, ні пазней ён ніколі не хаваўся за спінамі сваіх байцоў. Загінуў 26 чэрвеня 1944 года на перадавой пад Магілёвам (у машыну камдыва трапіў снарад). 21 ліпеня Івану Лазарэнку пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. І нават нягледзячы на гэта, адважны военачальнік канчаткова быў рэабілітаваны толькі 24 лютага 2010 года.
Радавы перажыў генерала на паўвека. Пасля вызвалення з нацысцкага палону не паехаў дамоў на Волгу, вярнуўся ў мясціны, дзе для яго пачыналася вайна. У 1948 годзе Андрэй Патураў пасяліўся ў Шпіталях, ажаніўся, стаў кавалём у калгасе “Усход”. Кляпаў сярпы і косы, аднаго разу атрымаў незвычайны заказ. На месцы колішняй вёскі Драмлёва быў насыпаны трохметровы курган, на яго вяршыні планавалася ўсталяваць мемарыяльны камень са згадкай пра трагічную падзею. 50-гадовы каваль са Шпіталёў высек радкі: “11-ІХ-1942 г. Здесь фашистские палачи зверски сожгли деревню Дремлево и 286 ее жителей. Вечная память жертвам фашизма”.
16 красавіка 1967 года валун быў уладкаваны на вяршыню кургана, а з 1982-га з’яўляецца кампазіцыйнаю часткаю мемарыяла “Драмлёва”. Размешчаны на бетоннай аснове, сімвалізуючай раскрытае жураўлінае крыло.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.