Славутая сямёрка

Славутая сямёрка

12 кастрычніка 1940 года — яшчэ адна важная дата ў нашай гісторыі. Менавіта ў гэты дзень раён быў падзелены на сельсаветы. Тады іх налічвалася 13, зараз — усяго сем. Пра адметнасці сённяшняй “славутай сямёркі” — наш кароткі расказ.

АЗЯЦКІ: старажытны партызанскі край

На працягу вось ужо паўты-сячагоддзя Азяты — цэнтр розных адміністрацыйных утварэнняў: маёнтка, воласці, гміны, нават графства. Апошнія 80 год Азяты — “сталіца” найбуйнейшага і самага лясістага на Жабінкаўшчыне сельсавета. Прычым, ён ніколі не скасоўваўся і не мяняў імя. Першым азяцкім старшынёй быў вядомы падпольшчык, кіраўнік сялянскага паўстання 1933 года Лявон Багдановіч. Дарэчы, у тым узброеным выступленні супраць польскіх уладаў паўдзельнічаў і будучы старшыня Старасельскага сельсавета, легендарны партызан Міхаіл Чарнак. (Гэтыя суседнія сельсаветы аб’ядналіся летам 1954-га, а праз пяць гадоў да Азятаў была далучана яшчэ й Чыжэўшчына з навакольнымі вёскамі).
На абшарах Азяцкага сельсавета, які зараз узначальвае Ларыса Харс, месцяцца 11 населеных пунктаў, у іх ліку — аграгарадок Азяты. Працуюць Старасельская школа і Азяцкі дзіцячы сад, СДК у Азятах і сельскі клуб у Старым Сяле, Азяцкая амбулаторыя ды Старасельскі ФАП.
Азяцкі край па праве завуць старажытным, бо ва ўрочышчах Руслаўка, Воўчы Брод, Смалярня дасюль захоўваюцца дзясяткі даўніх курганоў.
Да таго ж тут жывуць працавітыя людзі. Свайго росквіту калгас-“мільёншчык” “Беларусь” (сённяшняе ААТ “Азяты Агра”) дасягнуў у 1980-я пад кіраўніцтвам Уладзіміра Свірыдава. За сваю працу больш за тры дзясяткі вяскоўцаў займелі ордэны і медалі. Улетку 2016-га азятчукі шыкоўна адсвяткавалі 500-годдзе свайго паселішча.
Азяты — малая радзіма знакамітага вучонага, фалькларыста, педагога, кіраўніка Віленскай камісіі па зборы старадаўніх актаў Юльяна Крачкоўскага.

ЖАБІНКАЎСКІ: у “сэрцы” раёна

Цэнтр яго месціцца ў Жабінцы, якая не ўваходзіць непасрэдна ў сельсавет. Сённяшнія свае абрысы на карце Жабінкаўскі сельсавет набыў ужо на нашых вачах, пасля таго як у 2012 годзе была далучана частка скасаванага Якаўчыцкага, а восенню 2017-га да горада адышлі вёскі Здзітава, Курпічы, Сцяброва і Шчэглікі. Таму сельсавет, размешчаны ў самым цэнтры Жабінкаўшчыны, хоць і ўключае 12 вёсак і аграгарадок Вялікія Якаўчыцы, самы маланаселены (у ім жыве ўсяго 930 чалавек).
Да таго ж сельсавет мае найкарацейшую гісторыю. Ён прыпыніў сваё існаванне 16 кра-савіка 1952-га, калі Жабінка стала пасёлкам, а затым (напрыканцы 1970 года) — горадам. Гарсавет паслядоўна ўзначальвалі Ніна Кавальчук, Міхаіл Варановіч, Уладзімір Цупа. 2 сакавіка 1998 года Жабінкаўскі сельсавет быў адноўлены. Доўгі час яго ўзначальвала Галіна Акуліч, затым — Алег Смаршчок, зараз — Мікалай Галавейка.
На землях сельсавета месцяцца ўгоддзі ААТ “Жабінкаўскі”, фермерскія гаспадаркі “Улас”, “Цалюк”, “Багуслаўскія хутары”, “Лясны Арэшак”, Залуззеўскі дом народнай творчасці і Якаўчыцкі СК, сярэдняя школа і дзіцячы сад у аграгарадку, фельчарска-акушэрскія пункты ў Залуззі, Пшанаях, Вялікіх Якаўчыцах.
Сярод найбольш знакамітых тутэйшых нараджэнцаў — Герой Сацыялістычнай працы, старшыня калгаса ХХІ з’езда КПСС Фёдар Валасюк, палітычны дзеяч XVIII стагоддзя Вікенцій Трэмбіцкі, доктар матэматычных навук, прафесар Яўген Завулічны.

КРЫЎЛЯНСКІ: усё тут у пары

Утвораны восенню 1940 года як Глыбокаўскі сельсавет, 16 ліпе-ня 1954-га быў перайменаваны ў Крыўлянскі, цэнтр адпаведна перанеслі ў вёску Крыўляны.
Сельсавет двойчы (у 1961 і 2012 гадах) пашыраўся за кошт земляў суседняга Якаўчыцкага. Зараз яго ўзначальвае Анатоль Марчук. Дарэчы, тут найбольшая ў раёне колькасць паселішчаў. Іх ажно 24 (з насельніцтвам 1633 чалавекі), у тым ліку два аграгарадкі — Крыўляны і Мацеевічы. Увогуле, тут усё ў пары: два сельгаспрадпрыемствы — ААТ “Вазнясенскі” і “Мацеевічы”, дзве школы — сярэдняя ў Крыўлянах ды базавая ў Мацеевічах. Адпачынак вяскоўцам дапамагаюць арганізаваць культработнікі Крыўлянскага СДК і Мацеевіцкага СК, а на ахове іх здароўя медыкі не толькі амбулаторыі, але й Агародніцкага і Мацеевіцкага ФАПаў.
Сярод нараджэнцаў гэтай зямлі ёсць сапраўды выбітныя асобы: брэсцкі епіскап Ігнацій Жалязоўскі, міністр сувязі Беларусі Іван Грыцук, дырэктар Бярозаўскай ГРЭС Іван Баярчук.

ЛЕНІНСКІ: на жабінкаўскім “экватары”

Сельсавецкія землі — у надзвычай бойкім месцы, паблізу хуткаснай міжнароднай шашы, што пралягае ад Парыжа да Масквы. Аўтастрада М 1, нібыта экватар, падзяляе Жабінкаўшчыну на паўднёвую і паўночную часткі.
Сельсавету 80 гадоў, хоць да студзеня 1971-га ён зваўся Рагазнянскім. Гэтае імя дасюль захавалася за сельгаспрадпрыемствам, вельмі паспяховым і зараз. Як сказаў бы класік: “тут вам і жытніца, і здраўніца”: ва ўрочышчы Сасновы Бор больш за паўвека працуе курортна-аздараўляльная зона, дзе месцяцца вядомыя далёка за межамі Жабінкаўшчыны санаторыі “Буг”, “Надзея” і аздараўленчы цэнтр “Арляня”. Ленінскі — край, прыцягальны для турыстаў. У яго межах адбывалася шмат гістарычных падзей, у тым ліку 17 верасня 1794-га знакамітая Крупчыцкая бітва.
У 1966-1968 гадах намаганнямі рагазнянцаў быў пабудаваны пасёлак, які 21 снежня 1970-га
афіцыйна атрымаў назву Ленін-скі. Зараз у сельсавеце, які ўзначальвае Мікалай Лугаўскі, пражывае 2480 чалавек (гэта найбольшы паказчык), маецца 11 населеных пунктаў, сярэдняя школа, яслі-сад, Дом культуры, амбулаторыя ды іншае.
Тут працуюць не толькі на зямлі, але і ў яе глыбінях, прынамсі, на торфабрыкетным заводзе “Гатча-Осаўскі”. Ленінцы паўсюль намагаюцца быць лідарамі. Вось і аграгарадок у іх узнік роўна 15 гадоў таму — найпершым у раёне.

РАКІТНІЦКІ: самы малады сельсавет

Ён, быццам кубік-галаваломка, быў складзены 55 гадоў таму (калі дакладна, 4 студзеня 1965-га). Раней гэта былі стрыганецкія і рагазнянскія землі, сталі пятровіцкімі. Нарэшце, восенню 2000-га цэнтр сельсавета перанеслі з Пятровічаў у Ракітніцу і сельсавет атрымаў сённяшні назву. На яго чале — Валерый Андраюк.
Як і Ленінскі, гэты сельсавет “прытуліўся” ля аўтастрады М 1. У 9 населеных пунктах жывуць 1735 чалавек. Амаль палова жыхароў — у аграгарадку Ракітніца.
Акрамя сельгаставарыства “Ракітніца”, вынікамі сваёй працы цешаць і мясцовыя фермеры з “Ева-Лэнда” ды “ЯКВІЛА”. Цудоўнымі прыроднымі куткамі багата Пятровіцкае лясніцтва. Аграгарадок — сапраўдны цэнтр жыцця, тут месцяцца сярэдняя школа і дзіцячы-сад, сельскі Дом культуры і бібліятэка, амбулаторыя ўрача агульнай практыкі.
Гэтая зямля ўзгадавала многіх славутасцяў. У іх ліку паэт Альбін Дзяконскі і акадэмік Андрэй Трафімук, заслужаны артыст Беларусі Іван Герасевіч і айчынны пісьменнік Расціслаў Бензярук.

СЦЯПАНКАЎСКІ: Касцюшкава вотчына

Падобна Азятам, гэты куток раёна даўно склаўся гістарычна. Калі зірнуць на карты ХVII-ХVIIІ стагоддзяў, сённяшнія сцяпанкаўскія землі з большага ўключаюць колішнія ўладанні славутага роду Касцюшкаў-Сяхно-віцкіх. Нездарма і Жабінкаўскі раённы гісторыка-краязнаўчы музей атрымаў прапіску ў вёсцы Малыя Сяхновічы, на малой радзіме Тадэвуша Касцюшкі.
Дый сельсавет, створаны ў 1940-м, ніколі не губляў свайго імя ды абшараў. Зараз ім кіруе Віктар Марковіч. У складзе сельсавета 17 населеных пунктаў, жыхароў — меней за тысячу.
На яго тэрыторыі функцыянуе ААТ “Арэпічы”, ёсць Сцяпанкаўскі дзіцячы сад, а таксама ўстановы культуры і аховы здароўя ў Сцяпанках ды Арэпічах.
Касцюшкава зямля заўсёды нараджала таленавітых людзей. У іх ліку архітэктар Рыгор Будзько, слынныя вучоныя-медыкі Данііл Крыўчэня і Рыгор Шорах.

ХМЕЛЕЎСКІ: са знакам якасці

Дзень яго нараджэння 16 ліпеня 1954 года, калі былі скасаваныя Сакалоўскі і Сцяброўскі сельса-веты, а на іх месцы ўзнік Сакскі. Толькі 3 ліпеня 1972 года яго цэнтрам стала Хмелева, адпаведна змянілася і сельсавецкае імя. Зараз у яго складзе аграгарадок ды восем вёсак, 1160 жыхароў. Старшынёй з’яўляецца Сяргей Прылуцкі.
Усё, што мае вызначэнні “Хмелева” ды “Хмелеўскі”, здаўна ўспрымаецца са знакам якасці. Выдатна працуюць хмелеўцы на зямлі, добра ўмеюць адпачыць з дапамогаю непаўторных самадзейных артыстаў з “Хмелеўскіх валацуг” і “Дараносіцы”.
Акрамя аграгарадка Хмелева, дзе ёсць сярэдняя школа, СДК, сельская бібліятэка, амбулаторыя, яшчэ адзін буйны населены пункт сельсавета — Падлессе, у якім працуюць яслі-сад і ФАП.
А яшчэ гэты куток Жабінкаў-шчыны шырока вядомы ў свеце дзякуючы мужчынскаму манастыру і цудатворнай іконе Божай Маці Чанстахоўскай. Хмелеўцы ганарацца сваімі землякамі, най-перш военачальнікам Маркіянам Германовічам і паэтам Іванам Арабейкам.
Анатоль РОСТАЎ
Фота аўтара

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top