ЗНАКАМІТЫЯ ЗЕМЛЯКІ

ЗНАКАМІТЫЯ ЗЕМЛЯКІ

Званне “Ганаровы грамадзянін Жабінкаўскага раёна” ўзнікла напрыканцы 2014 года.
Аднак першае ўганараванне адбылося толькі ў ліпені 2017-га, падчас святкавання 200-х угодкаў Жабінкі. Тады Ганаровым грамадзянінам раёна быў абвешчаны Генадзь Іванавіч ВЯЛЬКО, былы дырэктар Жабінкаўскага цукровага завода (у 1972-2002 гадах), заслужаны работнік прамысловасці Рэспублікі Беларусь, кавалер ордэнаў “Знак Пашаны” і “Дружбы народаў”, акадэмік Беларускай інжынернай акадэміі.
Праз год высокага звання ўдастоены Мікалай Аляксандравіч ПРАСМЫЦКІ, які ў 1964–1975 гадах быў дырэктарам саўгаса “Рагазнянскі” імя 50-годдзя СССР, затым (у верасні 1975-га — ліпені 1977 года) — старшынёй Жабінкаўскага райвыканкама). Мікалай Аляксандравіч быў ініцыятарам будаўніцтва пасёлка Ленінскі. Ён кавалер ордэнаў Леніна, Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Працоўнага Чырвонага Сцяга, “Знак Пашаны”.
Летась апошняй пакуль па часе званне “Ганаровы грамадзянін Жабінкаўскага раёна” атрымала Валянціна Іванаўна РАЙ, якая у 1981–1995 гадах узначальвала выканаўчую галіну ўлады, а з красавіка 1991 года была яшчэ й старшынёй Жабінкаўскага райсавета дэпутатаў. Кавалер ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга, узнагароджаная медалём “За працоўную доблесць”, яна ў 1985–1990 гадах абіралася дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларускай ССР.
У працяг тэмы зазначым, што таленавітыя нараджэнцы Жабінкаўшчыны здаўна знаходзілі прызнанне заслуг, у тым ліку рабіліся Ганаровымі грамадзянамі іншых раёнаў, гарадоў, абласцей і нават краін, чым прыносілі славу не толькі асабіста сабе, але й малой радзіме.
З гэтай нагоды нельга не згадаць выбітнага ваеннага і палітычнага дзеяча XVIII стагоддзя генерала Тадэвуша КАСЦЮШКУ-СЯХНОВІЦКАГА, кавалера ордэнаў Цынцыната і “Віртуці Мілітары”, народнага героя Польшчы, ЗША і Беларусі, з 1792 года Ганаровага грамадзяніна Французскай Рэспублікі.
Іншы выхадзец з нашых земляў, нараджэнец вёскі Федзькавічы акадэмік-геолаг Андрэй Аляксеевіч ТРАФІМУК — выдатны навуковец-практык, Герой Сацыялістычнай Працы, стаў у 1983 годзе Ганаровым грамадзянінам горада Новасібірска, а ў 2000-м, на жаль, ужо пасмяротна атрымаў высокае званне “Ганаровы грамадзянін ХХ стагоддзя Новасібірскай вобласці”.
Летась сваё 70-годдзе адсвяткаваў нараджэнец жабінкаўскай вёскі Залуззе Аляксандр Сяргеевіч ПАЛЫШАНКОЎ. На працягу дзесяцігоддзя (паміж 2004 і 2014 гадамі) ён быў старшынёй Брэсцкага гарадскога выканаўчага камітэта, а ў 2014-м стаў Ганаровым грамадзянінам горада Брэста.
Нарэшце, у 2015 годзе падобным званнем, але ўжо Кобрынскага раёна ўганараваны Іван Паўлавіч МАРОЗ, колішні дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства “Кобрынская сельгастэхніка”, якое ён узначальваў у 1986–2014 гадах. Іван Паўлавіч — кавалер ордэнаў “Знак Пашаны” і Айчыны III ступені. Яго малая радзіма — невялічкая вёска Свішчы Жабінкаўскага раёна.
Анатоль РОСТАЎ

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top