Люблю цябе, мой жабінкаўскі край!

Люблю цябе, мой жабінкаўскі край!

Нашаму раёну 80! Слаўны юбілей, і цудоўная нагода для жабінкаўцаў прызнацца ў любові малой радзіме, яе краявідам і гасцінным жыхарам.

Людміла АСТРОЎСКАЯ:
— Вось ужо 50 гадоў, як горад Жабінка стаў для мяне самым родным куточкам. Заўсёды радавалася яго святам, новабудоўлям, ганарылася поспехамі жыхароў. Не магла надыхацца яго паветрам, калі студэнткай вярталася з далёкага Магілёва і шумнага Мінска. За гэтыя гады райцэнтр перамяніўся, стаў больш прыгожым і сучасным. Вельмі люблю праводзіць час у лясах, якія з усіх бакоў атуляюць Жабінку. Яны надаюць сілы, супакойваюць, частуюць сваімі дарамі. Хацелася б, каб наш Здзітаўскі лес стаў такой жа добраўпарадкаванай зялёнай зонай, як яго “сабраты” каля Гродна і Магілёва. Жадаю роднаму гораду і раёну квітнець і харашэць, быць чыстымі, утульнымі і любімымі для жыхароў!

Ларыса МАЦВЯЮК:
— Як можна не любіць мясціны тыя, дзе ты на свет з’явіўся, рос і працаваў? Яны для нас найлепшыя, святыя, дзе нарадзіўся, там згадзіўся, хтось сказаў. Жабінкаўшчына — гэта мая зямля, мая радзіма. Тут я знайшла сваю другую палавінку, мы стварылі моцную сям’ю, выгадавалі дзетак. Шмат гадоў я шчыра і аддана працавала ў рэдакцыі “Сельскай праўды”, а пасля — у сярэдняй школе № 3. Усіх калег, дарэчы, памятаю да гэтай пары.
Тут, на Жабінкаўшчыне, могілкі, дзе ляжаць мае бацькі, бабулі і дзядулі, куды наведваемся не толькі на Дзяды і Радаўніцу, а даволі часта. Адчуваю повязь з родам і жабінкаўскай зямлёй, якой ніколі не здраджу.

Аляксандр КАВАЛЬЧУК:
— Мая малая радзіма — вёска Сакалова. Скончыў Хмелеўскую сярэднюю школу, пасля педінстытута імя А.С. Пушкіна вярнуўся працаваць у Жабінку. Лічу, што галоўнае багацце нашага раёна — людзі, добрыя, чулыя, спагадлівыя. Багата Жабінкаўшчына і на народныя звычаі і традыцыі: на нашу Хмелеўскую Сёмуху, напрыклад, прыязджаюць з усіх куткоў Берасцейшчыны і нават іншых краін. Асабліва шмат гасцей прымае Хмелева на свята Праабражэння Гасподняга. Славяцца на ўсю рэспубліку і за яе межамі знакамітыя “Хмелеўскія валацугі”. А якая ў нас прырода! Не любіць гэты край немагчыма!

Алена БОЙКА:
— Я нарадзілася ў вёсцы Старое Сяло Жабінкаўскага раёна. Усе мы родам з дзяцінства, а яно было цікавым і насычаным. Нашым класным кіраўніком быў вядомы ў раёне настаўнік гісторыі Аляксей Фёдаравіч Алясюк. Ён стварыў музей Вялікай Айчыннай вайны ў Старасельскай школе, а мы былі экскурсаводамі. Летам прымалі школьнікаў з другіх раёнаў, хадзілі да помніка-шалаша ў лес, дзе ў час вайны месціўся атрад Чарнака. Ездзілі з настаўніцай музыкі Людмілай Васільеўнай Каржук выступаць у Дом піянераў на конкурсы. Усяго не пералічыш! Помню і люблю сваю першую настаўніцу Веру Сцяпанаўну Алясюк, выкладчыкаў беларускай мовы і літаратуры Валянціну Рыгораўну Канапалюк і біялогіі Марыю Ігнатаўну Алексіевіч — ды што там, усіх настаўнікаў Старасельскай школы. Яны прывілі любоў і пашану да малой радзімы, і з ёю знітавана ўсё маё жыццё.

Зарыніка ПЛАШКЕВІЧ:
— За апошнія гады Жабінка заўважна папрыгажэла. Прыемна бачыць, як паступова горад набывае еўрапейскі выгляд: праз адкрыццё кавярні і піцэрыі, барбер-студыі, устаноўку тэматычных скульптур. Люблю прагулкі па гарадскім парку і цэнтры горада. Зімой прыгажосці і таямнічасці Жабінцы надае святочная ілюмінацыя. Але горад мне родны і любімы ва ўсе поры года.

Аляксей СТРУК:
— Калі вяртаешся з Мінска ці Брэста ў родную Жабінку, наймацней адчуваецца павольная плынь жыцця ў райцэнтры, цішыня, яго кампактнасць і прыгажосць. Любімыя мясціны — возера Візжар і рака Мухавец, дзе адпачываем усёй сям’ёй. Садзік, школа, родныя, сябры — усё блізка і дорага сэрцу. Некалькі гадоў працаваў у Брэсце, але вярнуўся ў Жабінку, бліжэй да дома, да сваёй сям’і. Віншую родны раён з юбілеем і абяцаю рупіцца на яго карысць і надалей.
P.S. Для мяне асабіста Жабінкаўшчына стала роднай амаль сем гадоў таму. Люблю яе за цішыню, спакой, за зеляніну ўвесну, чырвань лісця ўвосень, за тое, што займела тут сяброў і працу, што задавальненне мне прыносіць. Квітней-красуй, наш жабінкаўскі край, каб неўзабаве стогадовы юбілей адзначыць і каб нікому не прыйшлося выбіраць: застацца тут ці лепшага шукаці.
Апытанне правяла Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК

 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top