Так проста ствараць цуды

Нярэдка можна пачуць, як каго-небудзь называюць “чалавекам з вялікім сэрцам”. Гэта значыць, што ён міласэрны і поўны дабрыні, умее дзяліцца ёю з людзьмі і ўсім светам праз свае словы і ўчынкі.
Калі вам скажуць прывесці прыклады добрасардэчнасці ў жыцці, адразу ўспамінаецца выратаванне чалавека або жывёлы з агню ці вады, дапамога камусьці ў цяжкім становішчы і г. д. Так, гэта выпадкі праявы дабрыні, сапраўдныя подзвігі, але не трэба забываць, што міласэрнасць можна праявіць і ў штодзённым жыцці, у звыклых для нас рэчах. Сказаць дзякуй маме пасля вячэры, павітацца з сябрам ці нават з незнаёмым табе чалавекам, зняць кацяня з дрэва, дапамагчы бабулі данесці да хаты пакеты з крамы, падзяліцца з суседам ураджаем яблыкаў, пажадаць каму-небудзь здароўя — даказаць, што ты ветлівы і добры чалавек.
Надыходзіць пара дзівосаў — галоўныя зімовыя святы: Новы год і Раство Хрыстова. Кожны чалавек: і стары, і малы — чакае цуда. Давайце дамо трошкі адпачыць Дзеду Марозу і возьмем частку яго працы на сябе. Мы таксама можам стаць чараўнікамі і стварыць дзівоснае свята не толькі для сябе, але й для нашых блізкіх, знаёмых і незнаёмых нам людзей.
Гэта ж так лёгка — палажыць пад ялінку падарункі для нашых родных або зайсці да самотнага дзядулі і павіншаваць яго са святамі, падарыць букецік з яловых галінак, пагутарыць з ім. Гэта ж проста — перадаць падарункі ў дзіцячы дом альбо апрануцца ў касцюм Дзеда Мароза, прыйсці ў госці да якой-небудзь дзяўчынкі ці хлопчыка і пабачыць, як ззяе ад радасці маленькі тварык. Гэта ж нескладана — дарыць святочныя паштоўкі людзям на гарадскіх вуліцах…
Давайце дзяліцца з усім светам праменьчыкамі дабрыні і святлом сваёй душы! Гэта ж так проста — ствараць цуды!
Вольга ДРУШЧЫЦ

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.