НА ХУТКАСНЫМ ШЛЯХУ З МІНУЛАГА Ў БУДУЧЫНЮ
OLYMPUS DIGITAL CAMERA

НА ХУТКАСНЫМ ШЛЯХУ З МІНУЛАГА Ў БУДУЧЫНЮ

У гэтыя снежаньскія дні свой адметны юбілей святкуюць нашы пуцевікі. Вось ужо восем дзясяткаў гадоў сваёй нястомнай працай яны спрыяюць эканамічнаму развіццю Беларусі, надзейна звязваючы гонкімі рэйкамі далёкія і блізкія народы і краіны. Самы час перагарнуць летапіс Жабінкаўскай дыстанцыі пуці ад яе пачаткаў да сённяшняга дня.

Часы нараджэння і аднаўлення

У векапомным 1939 годзе, калі ў адзінай дзяржаве ўз’ядналіся беларускія землі, сярод першачарговых задач новай улады паўстаў перавод чыгункі на савецкія стандарты. 2 снежня быў падпісаны адпаведны загад наркамата шляхоў зносін СССР і ўтвораны дыстанцыі пуці з цэнтрамі ў Маладзечне, Лідзе, Варапаеве, Брэсце і Жабінцы. За нядоўгі час, адмераны да пачатку ліхалецця, жабінкаўскія пуцевікі паспелі прывесці чыгунку ў належны стан. Аднак мірнае развіццё спынілася памятным ранкам 22 чэрвеня 1941 года.
Ужо праз лічаныя хвіліны пасля нямецкага ўварвання менавіта па каналах чыгуначнай сувязі прыйшла страшная вестка пра напад ворага. А ў хуткім часе на мястэчка пасыпаліся бомбы і снарады. Жабінкаўскія чыгуначнікі паспелі адправіць цягнікі, што стаялі на станцыі, у Пінск і Баранавічы. Чыгуначныя транспартнікі выканалі свой абавязак цаной уласных жыццяў: захопленыя наступаючымі ня-мецкімі войскамі, яны былі пакараны смерцю. Тыя, хто ацалеў, працягвалі барацьбу з ворагам, у тым ліку ў партызанскіх атрадах. З гонарам у дыстанцыі згадваюць ветэранаў вайны, што працавалі ў арганізацыі, а ў гады Вялікай Айчыннай змагаліся з акупантамі, — Уладзіміра Трапезнікава, Івана Валасюка, Мікалая Грыгорыка, Міхаіла Грыгарука ды многіх іншых.
Ліпень сорак чацвёртага прынёс вызваленне. Разам з ім аднавіла працу і Жабінкаўская дыстанцыя пуці. Рамантуючы чыгуначную гаспадарку, вельмі значна пашкоджаную за гады вайны, пуцевікі шчыравалі дзеля адраджэння краю. Штодня на рамонт пуцей добраахвотна выходзіла да 300 чалавек. Як сведчыў тагачасны партыйны кіраўнік раёна Барыс Вяршынін: “Ужо на дзясяты дзень пасля вызвалення па станцыі Жабінка прайшоў першы цягнік. Кіраваў усімі аднаўленчымі работамі начальнік дыстанцыі пуці Сяргей Уладзіміравіч Нікалаеў”. Пазней за датэрміновае аднаўленне магістралі Брэст — Масква ён бу-
дзе ўганараваны вышэйшай узнагародай Савецкай краіны — ордэнам Леніна, атрымае ў ліку першых званне “Ганаровы чыгуначнік”.
1957 год прынёс істотныя змены: Жабінкаўская дыстанцыя пуці аб’ядналася з Бяроза-Картузскай, якую ўзначальваў Канстанцін Вадап’янаў. Але ж і пасля пераносу цэнтра дыстанцыі з Жабінкі ў Бярозу развіццё чыгункі на магістральным накірунку не спынялася ні на хвіліну. У 60-я і 70-я гады мінулага веку пачалося ўкараненне бясстыкавага пуці, была ўкладзена рэйкавашпальная рашотка на жалезабетонных шпалах. Гэта былі сапраўды прагрэсіўныя з’явы, якія не толькі палепшылі бяспеку на чыгунцы, але й прыкметна паскорылі рух цягнікоў.
11 кастрычніка 1978 года — дзень другога нараджэння 5-й Жабінкаўскай дыстанцыі пуці. На станцыю Жабінка быў перамешчаны апарат кіравання, які ўзначальваў Міхаіл Давыдавіч Алавяннікаў.
Час, вядома, не стаяў на месцы. Павялічваліся грузавыя і пасажырскія перавозкі, узрастала хуткасць цягнікоў. Гэта, у сваю чаргу, патрабавала далейшай рэканструкцыі пуці. Калектыў працаваў самааддана, сапраўды прафесійна, за тое неаднаразова адзначаўся высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі: Ганаровай граматай Цэнтральнага Камітэта Кампартыі Беларусі і Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, дыпломам аргкамітэта Маскоўскай Алімпіяды, грашовымі прэміямі Міністэрства шляхоў зносін СССР.
Яшчэ адной адметнай датай у летапісе дыстанцыі стала
6 лістапада 1983 года, калі з Брэста да Баранавічаў адправілася першая ў гісторыі электрычка. Справу па электрыфікацыі амаль 200-кіламетровага ўчастка працаўнікі чыгункі выканалі ў рэкордныя тэрміны: усяго за дзевяць з паловай месяцаў, замест запланаваных двух гадоў!

Надзейны падмурак

З набыццём нашай краінай незалежнасці распачаўся новы этап развіцця ўсёй Беларускай чыгункі. Нават у тыя няпростыя часы, калі перарваліся былыя саюзныя сувязі, у Жабінкаўскай дыстанцыі праводзіліся значныя работы па рэканструкцыі пуці, будаўніцтву новых пасадачных платформ.
Не забываліся і пра ўмовы жыцця працаўнікоў. За прыкладамі далёка хадзіць не трэба: на сваіх лінейных станцыях дыстанцыя пабудавала 33 кватэры, у самой Жабінцы былі ўзведзены два шматпавярховыя “чыгуначныя” дамы.
У маі 1993 года, калі дыстанцыяй кіраваў Фёдар Шорах, адбылося далейшае яе ўзбуйненне з далучэннем 51-кіламетровага ўчастка Лунінец — Пінск.
Пачатак новага веку і тысячагоддзя адзначаўся далейшай рэканструкцыяй верхняй будовы пуці. Гэта быў час, калі дыстанцыю ўзначальваў Валерый Страмук, які пазней стаў намеснікам начальніка Беларускай чыгункі. Пры ім адбыліся вельмі значныя змены, якія заклалі надзейны падмурак таго, што жабінкаўскія пуцевікі і сёння ў ліку лепшых на Беларускай чыгунцы. Асабліва важнай справай стала ў 2003-2007 гадах замена драўлянай рэйкашпальнай рашоткі на жалезабетонную на 142-кіламетровай адлегласці паміж Жабінкай і Лунінцам, адначасова рэканструяваліся шэсць мастоў, яшчэ чатыры былі капітальна адрамантаваны.
19 лістапада 2011 года адбылася чарговая запамінальная падзея, сімвалізуючая сённяшняе імклівае жыццё. У той памятны дзень упершыню паўз Жабінку праследаваў хуткасны швейцарскі электрацягнік “Штадлер”. Гэта адкрыла сапраўды новую эпоху на чыгунцы, наблізіўшы Беларусь да перадавых краін свету.
Дарэчы, і хуткасныя рэкорды на чыгунцы належаць Жабінкаўскай дыстанцыі пуці. Паміж станцыямі Даманава і Лясная пасажырскія цягнікі дасягаюць хуткасці ў 160 км/г. А эксперыментальна на гэтым участку яна была развіта нават да 176 км/г. Такога няма нідзе больш на Беларускай чыгунцы. Вядома, здзейсненае ў нашы дні рыхтавалася папярэднімі часамі і людзьмі, што прысвяцілі сваю працу роднай дыстанцыі.
Зараз у арганізацыі працуюць 589 спецыялістаў. З іх 305 — манцёры пуці, на іх плячах — асноўны груз адказнай працы. Увогуле, існуюць дзясяткі спецыяльнасцяў, задзейсненых у агульнай справе, што дазваляе бездакорна выконваць галоўнае прызначэнне чыгункі — бяспечна, бесперабойна, хутка дастаўляць да месца прызначэння людзей і грузы.
Асаблівасць дыстанцыі і ў тым, што яна мае два буйныя разгалінаванні. Таму ў Дзмітрыя Бяляна, які ўжо сем год паспяхова ўзначальвае арганізацыю, ажно два намеснікі па эксплуатацыі: у Жабінцы Анатоль Івашкевіч і ў Пінску Таццяна Былінская. (Дарэчы, Таццяна Іванаўна адзіная жанчына ў краіне, што займае гэткую пасаду, і адзіная прадстаўніца прыгожага полу ў дыстанцыі, маючая знак “Ганаровы чыгуначнік”).

А як сустрэнем юбілей?

З такім пытаннем звярнуліся да намесніка начальніка па ідэалагічнай рабоце, кадрах і сацыяльных пытаннях Вадзіма Скачыкоўскага. Ён разважліва гаворыць пра тое, што надзейнасць і безаварыйны рух чыгункі забяспечваецца рэканструкцыяй ды ўмелым яе абслугоўваннем. Таму асабліва ганарацца ў дыстанцыі станам пуці, які вызначае камп’ютарны вымяральнік, што фіксуе параметры.
— Для кожнага адхілення ёсць адпаведная ацэнка ў штрафных балах, чым іх менш — тым лепш, — тлумачыць Вадзім Аляксеевіч і з гонарам дадае: — Паводле класіфікацыі, стан пуці лічыцца выдатным, калі ніжэйшы за 39 балаў. У нашай дыстанцыі гэты паказчык найлепшы на ўсёй Беларускай чыгунцы — усяго 9 балаў! (А на 5 акалотку зусім фантастычны — толькі 3 балы). Прычым, Жабінкаўская дыстанцыя пуці перадавая па бальнасці ў краіне ўжо больш за дзесяцігоддзе.
Яшчэ за месяц да таго, як краіна ў ззянні ялінак сустрэне Новы год, жабінкаўскім пуцевікам ужо час ставіць упрыгожаную ёлку. І тое зусім нездарма: да 80-х угодкаў роднай дыстанцыі яны ў асноўным выканалі і нават перавыканалі галоўныя паказчыкі сёлетняга плана. Гэта тычыцца і аднаўленчага ды сярэдняга рамонтаў, і ўкладкі плецяў бясстыкавага пуці, новых стрэлачных пераводаў, жалезабетонных пераводных брусаў, і капітальнага рамонту пераездаў.

Памятаючы пра традыцыі

Вядома ж, усялякія поспехі немагчымы без людскога розуму і рук, адданых сваёй справе. У дыстанцыі пуці нямала ардэнаносцаў, ушанаваных у “Пакоі Славы”. Сярод іх — тры кавалеры ордэна Леніна, пяць — Працоўнага Чырвонага Сцяга, яшчэ дзесяць сталі кавалерамі ордэна “Знак Пашаны”, сямёра атрымалі ордэн Працоўнай Славы і каля двух дзясяткаў — званне “Ганаровы чыгуначнік”.
Сёлетні юбілей таксама добрая падстава, каб адзначыць лепшых з лепшых. Бо выдатныя справы, падмацаваныя любоўю да сваёй працы і сапраўдным прафесіяналізмам, выклікаюць пашану. Як пацвярджэнне прызнання заслуг — Ганаровая грамата Беларускай чыгункі інжынеру па ахове працы Сяргею Боцаху, падзяка ад начальніка чыгункі кіраўніку аддзела Дзмітрыю Пукіце і электрамеханіку Аляксандру Макею. Ганаровая грамата Брэсцкага аддзялення — майстрам Уладзіміру Скачыкоўскаму, Андрэю Гіню, Вячаславу Хаменчуку, бухгалтару Алене Раманенка, вадзіцелю Сяргею Барысюку, падзяка ад начальніка аддзялення — брыгадзірам Людміле Лосевай і Юрыю Якубуку ды іншым.
У дыстанцыі пуці моцнае прафсаюзнае аб’яднанне, якое ўзначальвае Аляксандр Шчасюк. У святочныя дні не застануцца без узнагарод і актывісты гэтай арганізацыі: Вадзім Скачыкоўскі, Мікалай Алешка, Ларыса Кіявец, Кірыл Сільчанка, Анатоль Міховіч, Ірына Точка, Барыс Кандрацюк і Андрэй Кулік.
Кожнаму асобна і ўсім разам прадстаўнікам вялікага калектыву адрасаваны прывітальныя словы начальніка дыстанцыі Дзмітрыя Васільевіча Бяляна:
— За 80 год вырашана шмат важных задач. Чыгунка прайшла імклівы шлях ад паравозаў да хуткасных сённяшніх лакаматываў. Аглядаючы гістарычны шлях, быццам падводзіш рысу і адначасова разумееш: наперадзе не менш задач, якія ставіць перад намі кожны новы дзень. Памятаючы пра традыцыі, закладзеныя некалькімі пакаленнямі пуцевікоў, патрэбна надалей рухаць справы, якія прапануе паскораны час. Сёння неабходна трымацца зада-дзенай хуткасці, высокай ступені бяспекі і пры гэтым памятаць пра эканомію рэсурсаў.
У юбілейныя дні хочацца выказаць падзяку кожнаму, хто звязаў свой лёс з Жабінкаўскай дыстанцыі пуці. Найперш — згадаць добрымі словамі ветэранаў працы, якія прысвяцілі гэтай справе жыццё. Са святам, дарагія калегі, здароўя вам і вашым сем’ям, поспехаў і ўдачы на доўгія гады!
Анатоль БЕНЗЯРУК

ВІЗІТОЎКА

Жабінкаўская — адна з буйнейшых сярод дваццаці дыстанцый пуці ў складзе Беларускай чыгункі. Сёння разгорнутая даўжыня яе галоўных, станцыйных і пад’язных пуцей складае 756,5 км. Дыстанцыя падзяляецца на чатыры ўчасткі, якія, у сваю чаргу, — на 18 акалоткаў. Яна працягнулася праз 10 раёнаў Брэстчыны ў двух важных накірунках: ад Жабінкі да Лясной і ад Жабінкі да Лунінца.

 

На здымках: сучасная тэхніка — у дапамогу пуцевікам; калектыў 1950-х гадоў; Дзмітрый БЯЛЯН.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top