Са святам, берасцейцы!

Са святам, берасцейцы!

Сёння адметны дзень для кожнага, хто завецца берасцейцам. Роўна 80 год таму, 4 снежня 1939-га, на карце краіны ўзнікла наша вобласць. Працяглы час, што аддзяляе нас ад гэтай знакавай даты, абумовіў поспехі, якімі ганарыцца Брэстчына сёння.
Мабыць, самы распаўсюджаны выраз, якім вызначаюць горад над Бугам дый усю Брэстчыну, — “заходнія вароты краіны”. Дарэчы, Брэст — найбуйнейшы ў свеце населены пункт, у якога гарадскія межы супадаюць з дзяржаўнымі. Праз наш рэгіён праходзяць важныя транспартныя шляхі, у тым ліку міжнародная траса М 1. Напярэдадні Алімпійскіх гульняў-1980 магістраль, што перасякае і жабінкаўскія землі, фактычна перажыла другое нараджэнне.
Неўзабаве Брэст стаў не толькі сухапутнымі, рачнымі, але й паветранымі варотамі Беларусі. Дзеля гэтага быў узведзены Брэсцкі аэрапорт. Па тэрыторыі вобласці працягнуліся два магістральныя газаправоды і нафтаправод, што паспрыяла газіфікацыі палескага краю.
Адна з найбольш адметных будоўляў 70-х гадоў — узвядзенне камбіната нярудных матэрыялаў пад Мікашэвічамі, што і цяпер не мае сабе роўных у Еўропе. Да таго ж на поўдні абласнога цэнтра сфарміраваўся новы прамысловы вузел. З году ў год Брэст усё больш пашырае свае межы, набліжаючыся да Жабінкі — свайго горада-спадарожніка.
У вобласці актыўна ўкараняюцца навукова-тэхнічныя дасягненні ў розных сферах дзейнасці. Існуюць буйны завод бытавой хіміі ў Брэсце, прадпрыемства па вырабе сянажных вежаў у Баранавічах, завод электрарухавікоў у Лунінцы… І гэты спіс можна доўжыць далей.
Важкія вынікі дасягаюцца і ў сельскай гаспадарцы. Доўгі перыяд ранейшыя, савецкія паказчыкі заставаліся ўзорам для сучаснай Беларусі. І гэта не дзіўна, бо ўжо напрыканцы 1980-х у грамадскім сектары Брэстчыны атрымана больш за мільён тон зерневых і зернебабовых культур. Пераўзысці гэты адметны “дажыначны” рэкорд вобласць здолела толькі праз чвэрць стагодзя, ужо ў новых эканамічных умовах, што склаліся пасля стварэння незалежнай беларускай дзяржавы. Апошнія 25 гадоў сталі часам паступовага адраджэння эканомікі, ужо з 1996-га пачаўся прырост вытворчасці. Зараз у аграрным сектары вобласць вылучаецца трывалымі ўраджаямі, будаўніцтвам сучаснай сацыяльнай інфраструктуры на сяле, у тым ліку газіфікацыяй, узвядзеннем жылля ў аграгарадках, якіх на Брэстчыне больш за 200.
Асаблівая ўвага надаецца развіццю прамысловага комплексу, дзе задзейснены кожны чацвёрты працаўнік народнай гаспадаркі, дзейнічаюць каля трохсот асноўных прадпрыемстваў, развіваюцца малы і сярэдні бізнес. Брэстчына — асноўны вытворца газавых пліт, шырокавядомых пад гандлёвай маркай “Гефест”, вырабляе больш за 90 % рэспубліканскіх аб’ёмаў кавальска-прэсавых машын, каля паловы баваўнянай тканіны і драўнянастружкавых пліт, вядома сваімі панчошна-шкарпэтачнымі вырабамі, цукрам, сырамі і каўбасамі. Актыўна дзейнічае свабодная эканамічная зона “Брэст”.
Сённяшняя Брэстчына — навуковы рэгіён з развітай сістэмай ВНУ, універсітэты дзейнічаюць не толькі ў горадзе над Бугам, але й у Баранавічах і Пінску. Шмат увагі ўдзяляецца сістэме аховы здароўя. З гонарам засведчым: наша вобласць — адзін з найбольш развітых спартыўных рэгіёнаў Беларусі. У Брэсце існуюць аб’екты еўрапейскага ўзроўню: вяслярны канал і спорткомплекс “Брэсцкі”, палац гульнёвых відаў спорту “Вікторыя”, Лядовы палац, стадыёны “Будаўнік” і “Дынама”, што дазваляе прымаць значныя міжнародныя спаборніцтвы. Выступаць у паўсілы, маючы такія пляцоўкі, проста недапушчальна. Нездарма днямі брэсцкія футбалісты прынеслі шыкоўны падарунак сваім балельшчыкам, стаўшы ўпершыню чэмпіёнамі Беларусі!
За 80 гадоў прыкметна змянілася і культурнае жыццё рэгіёна. Сярод шматлікіх аб’ектаў — Брэсцкі тэатр лялек, які пасля цудоўнага абнаўлення да 1000-годдзя горада над Бугам зноў адамкнуў свае дзверы перад маленькімі гледачамі. Сярод шматлікіх гучных праектаў — Міжнародны тэатральны фестываль “Белая Вежа”, які штогод збірае на берагах Буга майстроў сцэны з усяго свету. Адметная рыса сённяшняга часу — беражлівыя адносіны да гістарычнай спадчыны. (Зараз пад аховай больш за 700 помнікаў мінулага). У гэтым прывабна выглядае і наш раён, дзе сустракае наведвальнікаў раённы гісторыка-краязнаўчы музей у Малых Сяхновічах.
Анатоль РОСТАЎ

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top