Каб у жытло прыйшло цяпло

Каб у жытло прыйшло цяпло

Сёлета даволі рана пачалі падаваць цяпло ў сацыяльныя аб’екты і кватэры жыхароў Мінска – з 23 і 24 верасня адпаведна. Спецыялісты адзначаюць, што гэта самы ранні пачатак ацяпляльнага сезона за апошнія дзесяць гадоў. У сацыяльных аб’ектах Брэстчыны батарэі пацяплелі з 25 верасня. Адпаведане распараджэнне падпісаў старшыня абласнога выканаўчага камітэта Анатоль Ліс.

У жабінкаўскія яслі-сады, школы і бальніцу, як паведаміў галоўны інжынер мясцовай жыллёва-камунальнай гаспадаркі Генадзь Хількевіч, цяпло пачне паступаць з 27 верасня. А вось жыхарам шматпавярховак прыйдзецца яшчэ некаторы час пахутацца ў пледы, пакарыстацца абагравальнікамі.

Увогуле, тым, хто неўзабаве будзе прыходзіць дадому ў цёплую ўтульную кватэру, можна пазайздросціць. Але шмат на Жабінкаўшчыне яшчэ і такіх гаспадароў, якія абаграваюць сваё жыллё ўласнымі сіламі – распальваюць печ ці кацёл. Яны распачалі сёлетні ацяпляльны сезон дакладна раней за ўсіх – як толькі ночы і раніцы сталі халоднымі. Але для гэтага сельскім і гарадскім жыхарам трэба было назапасіць дроў і брыкету. Дапамагае дбайным гаспадарам у тым, каб у жытло прыйшло цяпло, філіял “Жабінкаўскі райпалівазбыт”. Яго начальнік Аляксандр Андраюк падзяліўся, што на сённяшні дзень арганізацыя адгрузіла насельніцтву 2037 тон брыкету, што на 160 тон больш у параўнанні з мінулагоднім перыядам. Чаргі на яго атрыманне няма, існуючыя заяўкі будуць задаволены ў бліжэйшыя дні. Асноўны пастаўшчык гэтага віду паліва – торфабрыкетны завод “Гатча-Осаўскі”. Аднак Жабінкаўскі райпалівазбыт плануе ў бліжэйшы час набыць вуглевыпальвальную печ, каб самастойна вырабляць вугаль і рэалізаваць яго.

Рэалізацыя дроў райпалівазбытам у параўнанні з мінулым годам павялічылася нязначна. Сёлета насельніцтва і арганізацыі атрымалі 1100 кубічных метраў (летась на 38 менш). Аляксандр Андраюк адзначыў, што заключаны дамовы з Кобрынскім і Брэсцкім доследнымі лясгасамі, дровы пастаўляюцца ў неабходнай колькасці, таму чакаць тым, хто пакіне заяўку, давядзецца нядоўга.

Традыцыйна нормы водпуску на адно домаўладанне складаюць 3 тоны брыкету або 4,9 кубічнага метра дроў ці 2,4 тоны брыкету плюс 1,5 кубічнага метра дроў для распальвання.

– Тона брыкету адпускаецца насельніцтву па цане 88,77 руб., – расказвае начальнік райпалівазбыту. –Адзін куб колатых дроў 27,7 руб., пілаваных – 21,57 руб. (без уліку кошту дастаўкі). Для інвалідаў І і ІІ груп, а таксама ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны цэны льготныя.

Трэба сказаць, што попытам у жабінкаўцаў карыстаюцца бярозавыя дровы ў сетках па восем кілаграмаў: для распальвання лазні ці мангала, а таксама вугаль у пакетах па тры кілаграмы.

Аляксандр Пятровіч разумее, што з распаўсюджваннем газіфікацыі і электрыфікацыі попыт на цвёрдае паліва будзе зніжацца, трэба шукаць новыя формы выпуску прадукцыі. Але ў сельскай мясцовасці, ён упэўнены, у аддаленых ад цывілізацыі вёсках работнікаў райпалівазбыту з “цяплом” у кузаве будуць чакаць з радасцю і нецярпеннем.

…Як бы там ні было, на двары не месяц май, кожнаму хочацца камфортнай тэмпературы і ўтульнасці ў доме. А ацяпленне: ці то газавае, ці то цэнтральнае, ці то паравое, ці то пячное – дорыць душы пацяпленне. З пачаткам ацяпляльнага сезона вас, спадары!

Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Top