З перапісчыкамі праведзена вучоба

З перапісчыкамі праведзена вучоба

Да перапісу насельніцтва засталіся лічаныя дні: кожнаму беларусу прыйдзе СМС аб пачатку гэтага маштабнага мерапрыемства. Рэспандэнтам прапануюць адказаць на 49 пытанняў, у тым ліку аб адукацыі, сродках існавання, занятасці, колькасці дзяцей, жыллёвых умовах.
Нагадаем: перапісацца можна будзе праз інтэрнэт, на стацыянарных участках, у сябе дома падчас вуснага апытання перапісчыка. Тыя, хто да 18 кастрычніка запоўняць анкету ў інтэрнэце, будуць выдалены са спісаў, таму перапісчыкі да іх не пойдуць.
Пакуль жа ідуць падрыхтоўчыя работы і вырашаюцца арга-нізацыйныя пытанні. Сярод іх, напрыклад, уводны сход часовага перапіснога саставу, які адбыўся днямі ў абноўленай зале кінатэатра “Юбілейны”. Яго ўдзельнікі атрымалі планшэты з праграмай “Перапісчык”, ліхтарык, свісток, бэйджык і сумку.
Перапісчыкі (а іх на Жабін-каўшчыне чатыры дзясяткі чалавек) даведаліся, як паводзіць сябе з рэспандэнтамі ў розных сітуацыях, што ім дазволена, а што — не. З 4 па 30 кастрычніка іх працоўны дзень будзе доўжыцца з 9 раніцы да 19 гадзін (у вёсцы) і да 21 гадзіны — у горадзе.
Начальнік аддзела па аказанні страхавых паслуг прадстаўніцтва Белджзяржстраху па Камянецкім раёне Таццяна Руцюк расказала, што на гэты час перапісчыкі будуць застрахаваны і іх планшэты — таксама.
Начальнік аддзела аховы правапарадку Жабінкаўскага РАУС Дзмітрый Салей паабяцаў дапамогу з боку міліцыі, калі давядзецца перапісваць асоб, што вядуць асацыяльны лад жыцця.
Потым перапісчыкі паглядзелі відэафільм аб правядзенні перапісу і напрыканцы сустрэчы сфатаграфаваліся.
Святлана БЯЛЯК
Фота аўтара

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Top