Сустрэча ў “Вазнясенскім”

Сустрэча ў “Вазнясенскім”

Зала ў адміністрацыйным будынку ААТ “Вазнясенскі” 17 верасня поўнілася працаўнікамі, што прыйшлі на размову з начальнікам упраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама генерал-маёрам міліцыі Аляксандрам Астрэйкам. Госця прадставіў намеснік старшыні Жабінкаўскага райвыканкама Сяргей Леванюк.

ПЕРШ-НАПЕРШ Аляксандр Вячаслававіч падзякаваў дырэктару гаспадаркі Надзеі Кандрацюк за экскурсію-знаёмства з сельгас-прадпрыемствам, дзе створаны належныя ўмовы для працы і адпачынку работнікаў. Са свайго боку, Надзея Рыгораўна адзначыла дапамогу праваахоўнікаў падчас уборачнай кампаніі і пры навядзенні парадку на зямлі.
Аляксандр Астрэйка адразу падкрэсліў, што прыезд яго ці нейкага іншага кіраўніка ні ў якім разе не павінен парушаць тэхналагічны працэс, таму ён пастараўся лаканічна спыніцца на самым галоўным — захаванні жыцця людзей. “Хоць зараз і няма баявых дзеянняў ды нейкіх тэхнагенных катастроф, — падкрэсліў прамоўца, — аднак ад знешніх прычын людзі ўсё ж гінуць і ў наш мірны час. Адбываецца гэта ў аўтааварыях, пры злачынствах, няшчасных выпадках, у пажарах, ад самагубстваў. З пачатку года лічба такіх страт дасягнула на Брэстчыне 600 чалавек”.
Асаблівы клопат — стан на дарогах, дзе ў ДТЗ загінулі 44 чалавекі. Прычым палова з іх — пешаходы і веласіпедысты. Усё ж колькасць ахвяр транспартных здарэнняў з году ў год змяншаецца (яшчэ на памяці час, калі іх было ў 2-3 разы больш), аднак для грамадства “нават адзін загінулы ўжо шмат”. Тым больш калі гэта дзіця (такіх выпадкаў чатыры). Нярэдка да злачынства прыводзіць ужыванне спіртнога. Узбуджана 40 крымінальных спраў у адносінах да асоб, якія паўторна кіравалі аўто на падпітку.
На Брэстчыне адбылося 27 забойстваў. Гэта менш, чым у іншых абласцях, аднак за кожным выпадкам — чалавечае гора. Зноў жа нярэдка віной таму — алкаголь, ужыванне яго ў сямейна-бытавых умовах. Таму Аляксандр Вячаслававіч заклікаў прысутных не заставацца ўбаку, каб засцерагчы і чалавека, і тых, хто навокал, ад супрацьпраўных дзеянняў.
Яшчэ адна праблема, на якую звярнуў увагу кіраўнік абласнога ўпраўлення МУС, — злачынствы з дапамогай “сусветнай павуціны”. На Брэстчыне выяўлена каля 700 такіх фактаў, прычым самі пацярпелыя нярэдка дапамагалі здзейсніць злачынствы, калі з дапамогаю інтэрнэту пераводзілі невядомым грошы або давяралі ім рэквізіты сваіх пластыкавых картак.
Падводзячы вынікі сустрэчы, Аляксандр Астрэйка заўважыў: “Штомесяц сустракаюся з гра-мадзянамі на месцах, бо не ўсё ў вобласці можна разгледзець за скупымі аператыўнымі зводкамі. Параўноўваю ваш раён з тым, што бачу ў іншых. Уражанне — станоўчае, нездарма Жабінкаўскі РАУС — у ліку лепшых у вобласці. Тут сапраўды праваахоўнікі стаяць на варце спакою грамадзян”.
Анатоль БЕНЗЯРУК

Фота аўтара
На здымку: дырэктар “Вазнясенскага” Надзея КАНДРАЦЮК расказвае начальніку УУС аблвыканкама пра поспехі сваёй гаспадаркі.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Top