Разлічыўся… саджанцамі фундуку

Разлічыўся… саджанцамі фундуку

Канстанціну М. у таварыстве з абмежаванай адказнасцю “Вігоз” было даручана комплекснае абслугоўванне будынкаў, а таксама пасадка фундуку.
Вырошчваннем ляшчыны ў “Вігозе” займаюцца не першы год. Яшчэ ў мінулым кастрычніку паспелі пасадзіць частку дрэўцаў фундуку, як нахапіліся халады. Пасадку астатніх адклалі на вясну ўжо гэтага года.
У сакавіку, як Канстанцін уладкаваўся на працу ў ТАА “Вігоз”, кіраўніку таварыства неабходна было тэрмінова ехаць у камандзіроўку ў Грузію. Таму свайму рабочаму (а гэта і быў Канстанцін М.) ён даверыў ключы ад склада для таго, каб той, пакуль кіраўнік таварыства будзе адсутнічаць, высадзіў 130 саджанцаў фундуку.
Дырэктар вярнуўся з “краіны высокіх гор”, агледзеў гаспадарку: усё быццам у парадку, пасадка праведзена. Але надышоў красавік, цёплыя дзянькі, трэба паліваць саджанцы, і тут выявіўся падман: замест дрэўцаў у зямлю былі ўторкнуты… галінкі фундуку, якія былі абрэзаны пасля пасадкі саджанцаў.
Кіраўнік таварыства з абмежаванай адказнасцю звярнуўся да праваахоўных органаў, каб адшукалі злачынцу. Следчыя адразу ж выйшлі на Канстанціна, і ў хуткім часе стала вядома, што той саджанцамі фундуку разлічыўся з Раманам П., якому запазычыўся грошай.
Канстанцін ведаў, што Раман вырошчвае розныя экзатычныя расліны, і прапанаваў купіць у яго саджанцы фундуку ў разлік за існуючы доўг. Той згадзіўся. Калі прыехалі на склад, Канстанцін вынес сем звязак саджанцаў, у кожнай па 10 штук.
Загрузіўшы іх у аўтамабіль, паехалі на Раманаў участак. Там гаспадар даў Канстанціну яшчэ 50 рублёў і аб’явіў, што той можа спаць спакойна, бо ягоны доўг пагашаны. Спакой, аднак, у Канстанцінаву душу так і не прыйшоў…
На судзе мужчына чыстасардэчна раскайваўся ў здзейсненым. Тое, што да крымінальнай адказнасці ён прыцягваўся ўпершыню і мае на ўтрыманні двух малалетніх дзетак, дало падставу для высновы, што мэты крымінальнай адказнасці могуць быць дасягнуты без ізаляцыі яго ад грамадства.
Такім чынам, на аснове часткі 1 артыкула 205 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь суд назначыў Канстанціну М. пакаранне ў выглядзе 200 гадзін грамадскіх работ.
Хоць даўно народ так лічыў, а цяпер і яму нарэшце стала зразумелым, што разлічвацца крадзеным — толькі шкодзіць сабе…
Людміла РУБАШЭЎСКАЯ, суддзя суда Жабінкаўскага раёна

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Top