І за кратамі даўгі не знікаюць

І за кратамі даўгі не знікаюць

І за кратамі даўгі не знікаюць

Стараселец Ш., які неаднойчы бываў ужо на лаве падсудных, і сёлета таксама гэтага не абмінуў. Праўда, дзякуючы амністыі, абвешчанай у краіне з нагоды 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, суровага пакарання за хуліганскі ўчынак ён пазбегнуў. Між тым, у таварыша ёсць даўгі перад дзяржавай — досыць шмат іх накапілася. Вось і ўзнікае ў судовых выканаўцаў праблема: як жа спагнаць тое, што чалавек вінен? Гэтая гісторыя цягнецца ўжо не першы год, калі будзе фініш — зусім не зразумела. Сам даўжнік неаднойчы казаў: “Мне ў турме лепей, чым на волі…” Хоць і за кратамі ягоныя штрафы нікуды не дзенуцца…

“Калекцыянер”

Пэўным чынам грамадзяніна П. можна назваць “калекцыянерам”. Але, калі іншыя збіраюць нейкія гістарычныя ці фальклорныя рэчы, карціны або маркі, дык жабінкавец займеў іншае, у поўнай меры шкоднае “хобі”. Ён назапасіў вялікую колькасць даўгоў! Тут і аліменты (гора-бацька зусім не звяртае ўвагу на тое, як гадуецца яго дзіцё), і штрафы (імі ён завінаваціўся перад дзяржавай), і пазыкі на карысць розных устаноў… Адным словам, усіх “кветачак” і не пералічыш у гэтым “букеце”. Што ж з такой “калекцыяй” рабіць? Каб быў сумленным чалавек, шукаў бы выйсце, працаваць пайшоў. А ў П. зусім іншы падыход: плаціць не жадае, ад судовых выканаўцаў бегае, бы нейкі заяц у лесе. Аднак раней ці пазней усё ж вяртаць узятае давядзецца.

Калі краіна цябе прытуліла

Жыве ў Залуззі К. Хоць ён і грамадзянін суседняй дзяржавы, ды знайшоў сабе прытулак у нас. У Беларусі паставіліся да К. з разуменнем. Атрымаў ён від на жыхарства, здаецца, жыві-радуйся, прымай як належнае адносіны новай для цябе зямлі і людзей. Аднак К. на тое аказаўся няздольны, неаднойчы парушаў беларускія законы, спраў назапасіў не толькі адміністрацыйных, але й крымінальных. За гэта атрымаў дэпартацыю, бо не зразумеў галоўнага: трэба быць ласкавым да краіны, што дала табе прытулак. Цяпер К. зноў за мяжой. Як толькі паспрабуе вярнуцца ў Беларусь, давядзецца яму абавязкова вяртаць у поўнай меры даўгі, што засталіся непагашанымі.
Аляксандр КРУК, судовы выканаўца аддзела прымусовага выканання Жабінкаўскага раёна

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Top