19 мая – Міжнародны дзень памяці людзей, памерлых ад СНІДу

19 мая – Міжнародны дзень памяці людзей, памерлых ад СНІДу

Яшчэ адна магчымасць паказаць блізкасць праблемы

Штогод у трэцюю нядзелю мая прынята ўспамінаць людзей, якія памерлі ад СНІДу. Упершыню гэты дзень адзначылі ў 1983 годзе ў амерыканскім Сан-Францыска. Згодна са статыстыкай Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, на планеце жыве больш за 42 мільёны чалавек, інфіцыраваных вірусам імунадэфіцыту чалавека, і кожны дзень гэтая лічба павялічваецца яшчэ на 14-15 тысяч. За апошнія 25 гадоў ад СНІДу памерла каля 25 мільёнаў чалавек.

Па стане на 1 сакавіка бягучага года ў Беларусі зарэгістравана 27 314 выпадкаў ВІЧ-інфекцыі, у Брэсцкай вобласці – 2076 выпадкаў, на Жабінкаўшчыне з 1987 года – 18.

98 працэнтаў пацыентаў, якія стаяць на ўліку, рэгулярна наведваюць урача і маюць паказанні, атрымліваюць бясплатна антырэтравірусныя лекавыя сродкі, што дазваляюць нейтралізаваць уздзеянне віруса на арганізм чалавека. Вірус паражае клеткі імуннай сістэмы, выклікае іх гібель. У сувязі з гэтым імунітэт чалавека падае, і паступова ВІЧ-інфекцыя пераходзіць у сваю апошнюю стадыю – СНІД. Пры гэтым аслаблены арганізм падвяргаецца захворванням, з якімі імунная сістэма здаровага чалавека звычайна спраўляецца.

Тэма гэтага дня падкрэслівае важнасць разумення многіх аспектаў, што тычацца жыцця асобнага чалавека і грамадства ў цэлым і дае магчымасць падумаць пра сябе і блізкіх, ушанаваць памяць тых, хто пайшоў у іншы свет, і зрабіць усё, каб зразумець жыццё людзей, хворых на ВІЧ/СНІД. Адным са знакаў памяці і салідарнасці з тымі, каго закранула праблема інфіцыравання, з’яўляецца чырвоная стужка. Гэты сімвал стварыў у 1991 годзе мастак Франк Мур. У гэты дзень існуе традыцыя шыцця квілтаў – палотнаў, карцін з лапікаў тканіны, прысвечаных памяці блізкіх людзей, а таксама традыцыя высаджваць дрэвы памяці па ліку гадоў, што прайшлі з пачатку сусветнай эпідэміі СНІДу.

Дзень памяці – гэта яшчэ адна магчымасць паказаць рэальную блізкасць праблемы і нагадаць аб тым, што для абароны ад ВІЧ-інфекцыі неабходна захоўваць нескладаныя правілы бяспечных паводзінаў і своечасова абследавацца на ВІЧ. Страх перад дыягназам і адтэрміноўка тэсціравання змяншаюць шансы на паўнавартаснае і працяглае жыццё.  Толькі пры раннім выяўленні ВІЧ-інфекцыі і своечасовым лячэнні чалавек можа, як і ўсе, працаваць, ствараць сям’ю, нараджаць здаровых дзяцей. Працягласць яго жыцця не будзе адрознівацца ад сярэднестатыстычнай.

Аляксандра ЖАГАЛЬСКАЯ, урач-інфекцыяніст паліклінікі Жабінкаўскай ЦРБ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: unranked

Top