Дом, у якім пануе творчасць

Гісторыя Жабінкаўскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі (ці Дома піянераў і школьнікаў) пачала свой адлік з красавіка 1968 года. Тады ўзначальвала  ўсёй піянерскай работай у раёне Ніна Куніцкая. Ніна Дзмітрыеўна стала і першым дырэктарам Дома піянераў.

Цяпер “ля штурвала” Галіна Іванова – сёмы па ліку кіраўнік. Яна, як і яе папярэдніцы, намагаецца захаваць і працягваць усе добрыя справы. Напрыклад, добрая традыцыя – вахта памяці да 9 Мая, прыём у піянеры напярэдадні Дня Перамогі.

Сёння ў цэнтры дзейнічаюць 83 аб’яднанні па інтарэсах, у якіх займаюцца творчасцю і развіваюць свае таленты 945 дзяцей і падлеткаў. У гэтым ім дапамагаюць такія ж няўрымслівыя і творчыя педагогі: Наталля Сцепанюк, Наталля Уласюк, Алена Філіманюк, якія больш за два дзясяткі гадоў прысвяцілі працы з дзецьмі. Ёсць і маладыя педагогі – Вікторыя Міцковіч, Антон Пацай. Усяго ў штаце рупіцца 14 чалавек. Іх выхаванцы ўдзельнічаюць і, як правіла, перамагаюць у абласных конкурсах і фестывалях. РЦТДіМ ганарыцца Насцяй Калячка, што займаецца вакалам, фларыстамі Ягорам Цыбульскім і Марыяй Постнікавай, Кацярынай Шахалевіч, якая стварае непаўторныя керамічныя вырабы.

Дзеці і падлеткі штодня спяшаюцца ў цэнтр творчасці. Тут яны атрымліваюць навыкі будучых прафесій, знаходзяць сабе заняткі па душы і сяброў. Хлопчыкі захапляюцца разьбой па дрэве, турызмам, велатурызмам, шахматамі. Дзяўчынкі – бісерапляценнем, саломкай і мяккай цацкай. У некалькіх музычных гуртках займаюцца будучыя артысты і спевакі. Перамогі выхаванцаў цэнтра ў шматлікіх конкурсах уражваюць. Скажам, толькі з выставы-конкурсу дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Калядная зорка” юныя жабінкаўцы прывезлі восем дыпломаў, узялі гран-пры і ўзнагароду “Крыштальны зубр” у рэспубліканскім конкурсе “Юныя таленты Беларусі”. Перамогі можна пералічваць бясконца.

Наперадзе – доўгачаканыя летнія канікулы. Хлопчыкі і дзяўчынкі з карысцю правядуць час у летніку “Калейдаскоп”. Ім дапамогуць у гэтым таленавітыя і творчыя педагогі РЦТДіМ.

Лідзія ІВАНІХІНА.

Фота Крысціны СЕМЯНЮК.

На здымках: на занятках гуртка “Мяккая цацка”; куток гісторыі піянерыі.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна