Гэтае мілае слова “Мілан”

Гэтае мілае слова “Мілан”

Назва італьянскага горада даўно спалучаецца ў Жабінцы з дабрачыннасцю

Анатоль РОСТАЎ.
Фота аўтара.

ШМАТГАДОВАЕ СУПРА-ЦОЎНІЦТВА, якое даўно перарасло ў сяброўства, паяднала дзяцей і педагогаў Жабінкаўскай школы-інтэрната з дабрачынным італьянскім фондам “Аюцімолі а вівера” (“Дапаможам ім жыць”). Самыя трывалыя сувязі — з прадстаўнікамі фондавага камітэта “Мілана Эст” (“Мілан-Захад”). Таму без усялякага перабольшвання можна сказаць: для выхаванцаў Жабінкаўскай школы-інтэрната назва горада Мілан даўно надзвычай мілая.
Пачынаючы з 90-х гадоў, многія навучэнцы наведваюць сонечную Італію, гасцююць у сем’ях, прымаюць у сябе дарагіх гасцей, якія сапраўды дапамагаюць ім жыць. Дзеля гэтага здзяйсняюцца праекты “Аздараўленне”, “Груз надзеі”, “Працоўны водпуск”, “Галья”.
Рэалізацыя апошняга праекта, прысвечанага стаматалагічнаму абслугоўванню дзяцей, стала прычынай апошняй па часе сустрэчы з міланцамі, што адбылася напрыканцы красавіка ў Жабінцы. Ра-зам з дырэктарам школы Аляксандрам Кавальчуком Джузэпа Каяца і Серэна Дэль Гуэра (дарэчы, сама доктар) сустрэліся з галоўным урачом райбальніцы Анатолем Лаўрукевічам, наве-
далі стаматалагічныя кабінеты, паразмаўлялі з урачом Мікалаем Новікам, які распавёў, што зроблена з боку жабінкаўцаў, каб навучэнцы інтэрната мелі здаровыя зубы. Прынамсі, летась італьянцы выдаткавалі сродкі на праект “Галья”. Дабрачынныя ахвяраванні пайшлі на добрую справу: для лякарні ў Жабінцы былі прыдбаны стаматалагічныя прыборы і якасныя замежныя матэрыялы.
Далейшая размова працягвалася за круглым сталом у кабінеце кіраўніка ўстановы. Госці не толькі пачулі з вуснаў Анатоля Іванавіча, як развіваецца ахова здароўя ў раёне, але і даведаліся пра шматвекавыя сувязі Брэстчыны з Міланам. Прынамсі, пра тое, што яшчэ ў XVI стагоддзі, за часамі каралевы Боны Сфорца (прыроднай міланкі) пачалася меліярацыя Палесся (у памяць пра тое пад Кобрынам дасюль існуе канал Бона), беларускія шляхцянкі апранулі італьянскія строі, частку паселішчаў на Жабінкаўшчыне каралева атрымала ва ўласнасць, дзе правяла першы ў гісторыі перапіс, і нават герб сённяшніх Пружан мае сваё паходжанне ад герба роду Сфорца і горада Мілана.
Іншыя прадстаўнікі італьянскай дэлегацыі — Марыа Карманёла, Алесандра Фрова, Джада Дэла Ночэ, Марыза Джыльё і Алесандра Спана — падрабязней пазнаёміліся з жыццём выхаванцаў школы-інтэрната. Замежныя госці атрымалі сапраўдную асалоду ад дзіцячага канцэрта. Са свайго боку, італьянскія сябры арганізавалі для хлопчыкаў і дзяўчынак вялікую забаўляльную праграму. Усе вучні атрымалі не толькі прыемныя ўражанні, але й памятныя падарункі.
На здымках: з “фірмовай” еўрапейскай усмешкай Джузі КАЯЦА ажыццяўляла “праверку” стаматалагічных кабінетаў; Мікалай НОВІК тлумачыць замежнай госці, як жабінкаўцы скарысталіся дабрачыннай дапамогай.

 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Top This site is protected by WP-CopyRightPro