Пра ацяпляльны сезон і Еўрапейскія гульні

Святлана БЯЛЯК.

На чарговым пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта, якое правёў яго старшыня Дзмітрый Гарадзецкі, быў разгледжаны шэраг пытанняў. З інфармацыяй аб выніках ацяпляльнага сезона 2018-2019 года і задачах па падрыхтоўцы народнагаспадарчага комплексу да чарговага выступіў начальнік аддзела архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі Аляксандр Казак. Ён адзначыў, што падрыхтоўчая работа да асенне-зімовага перыяду 2018/2019 года праводзілася на Жабінкаўшчыне арганізавана і дазволіла забяспечыць у цэлым устойлівае функцыянаванне аб’ектаў энергетычнай, газавай, жыллёва-камунальнай і дарожнай гаспадарак, транспарту, сувязі, устаноў і арганізацый сацыяльнай сферы. Не дапушчана сур’ёзных аварый, няшчасных выпадкаў, зрываў цепла- і электразабеспячэння. Цеплавая энергія падавалася спажыўцам згодна з тэмпературнымі графікамі, паліва ў кацельні пастаўлялася бесперабойна, не было збояў з пастаўкай жабінкаўцам прыроднага і звадкаванага газу.
Дырэктар КУШВП ЖКГ “Жабін-каўская ЖКГ” Павел Заграй, у сваю чаргу, расказаў, што было зроблена, каб у дамах і кватэрах жыхароў горада і раёна было цёпла. Так, да пачатку ацяпляльнага перыяду былі ў поўным аб’ёме праведзены работы па прафілактычным рамонце і іспытах абсталявання 16 кацельняў (пяці газавых, трох камбінаваных, сямі на мясцовых відах паліва і адной электракацельні), праведзены іспыты 51,2 км цеплавых сетак, ачышчаны ўнутры 49 катлоў. Да пачатку ацяпляльнага сезона былі створаны запасы дроў — 1615 кубоў (101 % да задання), торфабрыкету — 102 т (102 %),
драўляных трэсак — 504 кубічныя метры (101 %).
Летась Жабінкаўская ЖКГ замяніла 3 км цеплавых сетак ІП-трубамі ў аднатрубным вылічэнні пры заданні 2,8 км (мадэрнізацыя цеплавой сеткі ў мікрараёне цукровага завода). Дарэчы, гэтая работа будзе працягнута і сёлета.
Каб знізіць кошт цеплавой энергіі, дзве кацельні (у аграгарадку Сцяпанкі і вёсцы Арэпічы) пераведзены на аўтаматычны рэжым работы. У выніку сабекошт 1 Гк у іх склаў 123 і 193 руб./Гкал суадносна.
Пасля абмеркавання першага пытання райвыканкам прыняў адпаведныя рашэнні. Сярод іх, напрыклад, афармленне ў тэрмін пашпартоў гатоўнасці аб’ектаў да работы ў асенне-зімовы перыяд 2019-2020 года; забеспячэнне запасаў паліва ў кацельнях; праверка дымавых і вентыляцыйных каналаў жылых дамоў і інш.
Па другім пытанні — “Аб развіцці прыдарожнага сэрвісу і інфра-структуры на тэрыторыі Жабін-каўскага раёна і іх гатоўнасці да абслугоўвання гасцей ІІ Еўрапейскіх гульняў” — дакладвала начальнік аддзела эканомікі Ларыса Сняжко.
Яна паведаміла, што ў нашым раёне прыдарожны сэрвіс на аўтадарогах агульнага карыстання прадстаўлены двума пунктамі харчавання на трасе М-1/Е30, у плане будаўніцтва — яшчэ адзін (на тэрыторыі Ленінскага сельсавета). Дзеючыя аб’екты прыдарожнага сэрвісу адпавядаюць еўрапейскім патрабаванням. Цяпер тэрыторыя вакол іх прыводзіцца ў належны парадак, аб’екты сэрвісу аснашчаны плацежнымі тэрміналамі, бесправадным падключэннем да сеткі інтэрнэт. Наведвальнікам прапануюць шырокі выбар сувеніраў з выявамі Беларусі і інфармацыйныя буклеты, меню на замежнай мове.
Пасля абмеркавання гэтага пытання райвыканкам прыняў адпаведныя рашэнні.

 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда