Прафесіянал і настаўнік для моладзі

Прафесіянал і настаўнік для моладзі

Калектыў ПМК-10 даволі малады, штогод сюды прыходзяць па размеркаванні выпускнікі каледжаў, вышэйшых навучальных устаноў. Яны маюць тэарэтычныя веды, а на першым працоўным месцы атрымліваюць практычныя. І тут важна, каб яны не расчараваліся ў прафесіі і не “збеглі” ў іншую сферу пасля неабходнага часу адпрацоўкі. Адно з вырашэнняў гэтага пытання — аказваць ім усялякую падтрымку з боку вопытных і добразычлівых работнікаў. У брыгадзе электрыкаў, напрыклад, гэта майстар электрамеханічных работ Віктар Грыгарук. Ён закончыў Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт і зараз працуе ў ПМК-10.
— Аб’ёмы работ наша арганізацыя выконвае немалыя, і электрыкі паўсюль патрэбны, — кажа Віктар Міхайлавіч. — Аднак важна не толькі валодаць ведамі, але і правільна іх прымяняць, бо электрычны ток, самі разумееце, памылак не даруе.
Вопыту Віктару Грыгаруку не займаць, і ён сам ахвотна дзеліцца ім з тымі, хто папаўняе шэрагі Жабінкаўскай ПМК-10. Памятае, як і яго, “навабранца”, некалі цёпла і добразычліва прынялі ў калектыве.
— Тых, хто прыходзіць па размеркаванні і плануе працаваць, а не проста адпрацаваць, падтрымліваем, дапамагаем асвоіцца, паказваем і падказваем, каб не дапускалі памылак у рабоце, — кажа Віктар Міхайлавіч.
Ён — выдатны настаўнік для моладзі. Не шкадуе слоў пахвалы, калі “вучні” робяць усё правільна. У брыгадзе электрыкаў усе адчуваюць падтрымку і сяброўскае плячо, дапамагаюць адзін аднаму — узаемавыручка вельмі важная, бо ўсе “хварэюць” за адну справу.
Майстар ЭМР Віктар Грыгарук знаходзіць “плюсы” ў тым, што ў тандэме працуюць людзі розных пакаленняў. Старэйшыя — вопытныя, да задання падыходзяць адказна, а моладзь усё схоплівае на ляту: з’яўляецца новае абсталяванне, мадэрнізуюцца старыя сістэмы, маладым разбірацца ў гэтым прасцей, бо яны лепш “падкаваныя” ў электроніцы.
Віктар Міхайлавіч ведае, як “настроіць” калектыў электрыкаў на працоўны лад. У асноўным усе маладыя спецыялісты хутка становяцца “сваімі”.
У брыгадзе электрыкаў ПМК-10 ведаюць, што ад зладжанасці дзеянняў усіх работнікаў залежыць дзейнасць усяго прадпрыемства. А значыць, нічога нельга ўпусціць з поля зроку. Да Віктара Грыгарука часта ідуць калегі параіцца, бо ведаюць: майстар талковы, прафесіянал, любую праблему дапаможа вырашыць.
Лідзія ІВАНІХІНА.
Фота Крысціны СЕМЯНЮК.

Popularity: 1%

Top