“Карупцыя — ядавітая субстанцыя”

“Карупцыя — ядавітая субстанцыя”

Анатоль БЕНЗЯРУК.
Фота Святланы БЯЛЯК.

На вялікую нараду, што ладзілася ў гарадскім Доме культуры 14 снежня, былі закліканы прадстаўнікі літаральна ўсіх калектываў раёна, кіраўнікі арганізацый і прадпрыемстваў, бухгалтары, прафсаюзныя актывісты. Такая масавасць невыпадковая: пытанне, што разглядалася ў пашыраным фармаце, тычылася праблемы надзвычай вострай і небяспечнай для любой дзяржавы. Імя ёй — карупцыя
НЕЗДАРМА ВЕЛЬМІ ПРАДСТАЎНІЧЫМ выглядаў і прэзідыум мерапрыемства: акрамя старшыні райвыканкама Дзмітрыя Гарадзецкага і яго намеснікаў, тут знаходзіліся кіраўнікі распарадчай і судовай галін улады Анатоль Шалтанюк і Віктар Новік, усіх без выключэння праваахоўных органаў раёна.
З асноўным дакладам прысутных азнаёміў старшы пракурор аддзела па барацьбе з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю пракуратуры Брэсцкай вобласці Аляксандр Конюшка. З выступлення Аляксандра Мікалаевіча стала відавочна: заганная з’ява, што завецца карупцыяй, здольная, “як ядавітая субстанцыя, уздзейнічаць на грамадства”, падрываючы правы чалавека, аўтарытэт органаў улады і самыя асновы дзяржавы.
Свае тэзісы дакладчык падмацоўваў шматлікімі прыкладамі. Назавем толькі некалькі яскравых лічбаў. Матэрыяльныя страты на Брэстчыне ад злачынстваў, здзейсненых карупцыянерамі, склалі 800 тысяч рублёў, з іх толькі крыху больш за палову былі вернуты на стадыі папярэдняга следства. Сярод выяўленых злачынстваў карупцыйнай накіраванасці пераважаюць хабар (прыблізна палова) і крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі (амаль кожнае трэцяе ў вобласці). Пры гэтым застаецца значнаю колькасць цяжкіх злачынстваў, звязаных з карупцыяй, — 61 працэнт. Сярод сфер эканомікі, у якіх найчасцей выяўляюцца падобныя заганныя факты, — будаўніцтва, прамысловасць, транспарт, дзяржкіраванне. Практыка пракурорскіх праверак сведчыць: адзін з найбольш карумпаваных сектараў эканомікі — гэта дзяржаўныя закупкі. Штогод Беларусь губляе ад карупцыі пры дзяржзакупках астранамічную лічбу: ад 600 да 800 мільёнаў долараў. Прычым, як правіла, палову гэтай сумы складае прамая карупцыя (хабары, адкаты), а другая палова знікае праз набыццё непатрэбных альбо няякасных тавараў і паслуг. Каб гэтага не адбывалася, толькі сёлета з ініцыятывы пракуратуры вобласці былі адменены 22 пачатыя з яўнымі парушэннямі заканадаўства працэдуры дзяржзакупак на суму прыблізна ў 4 мільёны рублёў.
Напрыканцы Аляксандр Мікалаевіч зазначыў, што важнае значэнне надаецца камісіям па супрацьдзеянні карупцыі. Невыпадкова наступным было прадастаўлена слова намесніку старшыні райвыканкама Дзянісу Гардзееву, які ўзначальвае падобную раённую структуру. Адзначыўшы, што менавіта на камісіях ляжыць асноўная функцыя ў прафілактыцы і папярэджванні карупцыйных праяўленняў, Дзяніс Уладзіміравіч прызнаў: у іх рабоце назіраюцца праявы фармалізму, а таму прызваў наладжваць дзейнасць камісій, здольных на справе супрацьстаяць карупцыі.
У сваёй прамове начальнік Жабінкаўскага РАУС Андрэй Лагота не толькі згадаў гісторыю гэтай пачварнай з’явы, якая бярэ пачатак яшчэ з часоў, калі толькі складваліся першыя дзяржавы на Зямлі, але заўважыў, што органы правапарадку выяўляюць факты карупцыі на Жабінкаўшчыне з 2012 года, нават у органах улады.
Старшыня суда раёна Віктар Новік, са свайго боку, заклікаў прысутных жыць паводле сумлення, у ладах з законам, старацца ліквідаваць заганную з’яву ў самым яе зародку, пакуль ёсць толькі перадумовы карупцыйных правапарушэнняў.
Усё, што было сказана, і многімі, спа-дзяюся, узважана ды асэнсавана, сведчыць: супрацьдзейнічаць той ядавітай субстанцыі, пра якую ішла размова, можна толькі комплекснымі метадамі як прафілактычнай, так і карнай накіраванасці з удзелам кожнага грамадзяніна.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Top