Галоўнае, каб хацелася вяртацца дадому

Галоўнае, каб хацелася вяртацца дадому

Часам можна абысці паўсвета, а шчасце сваё па суседству знойдзеш. Менавіта так атрымалася ў Вольгі і Віктара Цупаў, якія амаль 12 гадоў пражылі на адной вуліцы, а пазнаёміліся, калі Віктар прыйшоў у дом да Аляксея Ячніка нешта спытаць па рабоце. Яны абодва ветурачы, разам працуюць у Жабінкаўскай ветлячэбніцы, таму агульных тэм для гутаркі хапае… А тады, у тую памятную сустрэчу, калі Віктар пабачыў дачку Аляксея Аляксеевіча Вольгу, агульных тэм (ці прычын?) для гутаркі з калегай аказалася яшчэ болей. Слова за слова, сустрэча за сустрэчай, і маладыя зразумелі, што хочуць ісці па жыцці ра-зам, ды хутка згулялі вяселле. Віктар, які з дзяцінства любіў і шкадаваў усё жывое, здзейсніў сваю мару — атрымаў вышэйшую адукацыю ў Віцебскай ветэрынарнай акадэміі імя Чырвонага сцяга. Першы практычны вопыт у якасці маладога спецыяліста атрымаў у калгасе “Прамень”, а зараз рупіцца ў Жабінкаўскай ветэрынарнай станцыі.
Чым жа паланіла Вольга Віктарава сэрца? Шчырасцю, жыццялюбствам, майстравітымі рукамі. Здаецца, любы занятак у Вользіных руках спорыцца. А як лоўка і акуратна вышываць карціны крыжыкам навучылася! Дзе Вольга — там утульнасць і цеплыня яе жаночых рук. Рука-дзеллю, якім захапілася яшчэ ў дзяцінстве дзякуючы майстрысе-матулі, і дагэтуль прысвячае любую вольную хвіліну. Таму і прафесію сабе выбрала суладна душы — закройшчык-кравец у Брэсцкім вучылішчы
№ 26, а потым удасканальвалася ў Віцебскім індустрыяльна-педагагічным каледжы, дзе атрымала спецыяльнасці тэхнолага швачнай вытворчасці і майстра вытворчага навучання. Затым вышэйшую адукацыю набыла ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П.М. Машэрава. Пэўны час працавала на Брэсцкай фабрыцы “Надзея” (шыла школьнае адзенне), у прыватных фірмах.
Цікава, што потым сустракала пашытую ўласнаручна вопратку, на дзяўчатках-вучаніцах Маціевіцкай базавай школы, куды ў 2014 перайшла выкладаць працоўнае навучанне і дзе на палову стаўкі працуе ў школьнай бібліятэцы.
Вольга і Віктар Цупы лічаць сябе шчаслівымі. У іх — дружная, моцная сям’я, ёсць работа, якая прыносіць задавальненне, гадуюць дваіх дзетак.
Дачка Кацярына ўжо дарослая — як-ніяк дзевяцікласніца! Яна любіць чытаць вершы і, як і матуля, захапляецца рука-дзеллем. Разам яны вырабляюць непаўторныя шэдэўры з пацерак, бусінак, кавалачкаў тканіны, гафрыраванай паперы, шнурочкаў, провалачак!
Сын Андрэйка вучыцца ў трэцім класе. Ён удумлівы, разважлівы хлапчук, любіць прыроду і займаецца каратэ, у школе на занятках атрымлівае добрыя адзнакі.
— Быць клапатлівай мамай, жонкай, гаспадыняй няпроста — шчыра прызнаецца Вольга. — Кручуся, нібы вавёрка ў коле. Зразумела, стамляюся за дзень, бо ў нашай школе і субота працоўная, і на канікулах мы, настаўнікі, рупімся, як пчолкі. Застаецца ўсяго адзін выхадны, калі трэба паклапаціцца пра сям’ю, дом, вырашыць шматлікія пытанні. Акрамя таго, настаўніку і ветурачу заўжды могуць пазваніць у любы час сутак — і трэба адказаць, параіць, дапамагчы. Ведаю, многія бацькі часам просяць бабуль-дзядуляў пасядзець з дзецьмі, каб адпачыць, некуды схадзіць. Настаўнікам гэтая дапамога лішняй не бывае, каб пачытаць, палюбавацца акаляючым асяроддзем і проста адпачыць.
А для Вольгі Цупы лепшы “рэлакс” — уласныя сад, кветнік і гародчык.
— У нас шмат кветак, гэта заслуга жонкі, — з цеплынёй у голасе гаворыць Віктар. — Садзім таксама гародніну і садавіну. Дагэтуль растуць і пладаносяць яблыкі, якія садзілі ля дома яшчэ мае бацькі. Вельмі люблю раніцай прайсціся басанож па расе, удыхнуць свежы водар квітнеючага сада — гэта неперадаваемыя адчуванні. Маем гаспадарку — трымаем свіней, свойскую птушку. Работы шмат, толькі паспявай… Выхадныя пралятаюць як адно імгненне. Хочацца дадаць восьмы дзень, каб паспець адпачыць.
Жыццёвае крэда мужа і жонкі Цупаў — усё, за што бярэшся, трэба рабіць добра або не брацца ўвогуле.
Іх ідэальны вечар — калі ўся сям’я разам. Смакату на вячэру, дарэчы, можа прыгатаваць і Віктар.
…Сям’я — гэта жыццё. Тут ёсць месца абсалютна ўсяму: радасцям і смутку, святам і будням, смеху і слязам. Галоўнае, каб заўжды хацелася вяртацца дадому.
Лідзія ПЕНДЗІКОЎСКАЯ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Top