Горка, санкi, гоман, смех…

Горка, санкi, гоман, смех…

Днямі выпаў доўгачаканы снег. Усе дахі, агароджы, узбочыны ўпрыгожылі пушыстыя шапкі. А тыя, каму не хапала святочнага настрою, напэўна, адчулі набліжэнне навагодняй казкі.
Але больш за ўсіх падарунку прыроды радуюцца дзеці! Зараз з кожнай горкі гучыць радасны смех, ляцяць снежкі, нібы з-пад зямлі вырастаюць снегавікі.
Апрабаваць лядзянку выйшлі браты Ласі. Марк, Данііл і Максім не стамляюцца зноў і зноў залазіць па крутым схіле і з’язджаць уніз. Іх старэйшы брат Мікіта ўжо пайшоў дахаты: мабыць, стаміўся ад галавакружных спускаў.
Сустрэлі на горцы і малышку Серафіму з татам Андрэем. Дзявочыя вачаняткі нясмела выглядвалі з-пад шапкі. Але вось санкі хутка пакаціліся ўніз — і на дзіцячым твары расквітнела шчаслівая ўсмешка!
Сіноптыкі сцвярджаюць, што белая казка не пратрымаецца доўга. Аднак маленькім жабінкаўцам хопіць гэтых цудоўных дзён, каб на ўвесь год зарадзіцца бадзёрасцю, весялосцю і адчуваннем свята!
Тэкст і фота Крысціны СЕМЯНЮК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Top