Сняжынкi, Ёлка, Дзед Мароз

Анатоль БЕНЗЯРУК.
Фота аўтара і Крысціны СЕМЯНЮК.

Ну як без іх уявіць навагодняе свята? Прыйдзе хутка Новы год, прамовіць з дакорам: “Не парадак!” Відаць, таму і снежань, які палову месяца не надта апраўдваў сваё імя, усё ж “злітаваўся” і па камандзе Дзеда Мароза моцна пабяліў-такі зямлю, а на галоўнай плошчы Жабінкі ўсім на радасць зазіхацела яркімі агнямі прыгажуня Ёлка. Ну а цяпер час расказаць, як адбываўся наш “Зімовы фэст”.

У ЧАКАННІ НОВАГА года мы згадваем пра цуды, верым у казку, спадзяемся на лепшае, кахаем усёй душой. Гэта час, калі ўпрыгожваюцца ўвесь горад і кожны дом. Не стаў, вядома, выключэннем і ГДК.
Адразу пасля абеду ў фае, скуль чуліся няспынна святочныя мелодыі, запрацавалі “Навагодняя майстэрня”, МультаБУМ “Навагоднія прыгоды” ды караоке — дэманстрацыя зімовых вырабаў, мульцікаў і песень.
Яшчэ да таго, як на двары выпаў снег, Сняжынкі спусціліся (ці правільней сказаць — узняліся) на сцэну гарадскога Дома культуры. Паколькі ў Жабінцы ладзіўся першы конкурс-дэфіле “Сняжынка-2019”. У ім паўдзельнічалі ажно 17 дзяўчынак ва ўзросце ад трох да дзесяці гадоў.
Адчувалася, маленькія жабінкаўскія Сняжынкі ды іх бацькі старанна рыхтаваліся, крыху хваляваліся, моцна спадзяваліся на перамогу. У адрас юных удзельніц было сказана столькі цёплых слоў, што, здавалася, вось-вось і яны растаюць пад гукі гарачых апладысментаў. Ды не, Сняжынкі, якія міжволі сталі часткаю вялікай казкі, трымаліся надзвычай непасрэдна, быццам, усё жыццё правялі на тэатральных падмостках. Прынамсі, кожны раз гучалі бурныя авацыі, як толькі з’яўлялася чарговая маленечкая лэдзі ў лёгкай беласнежнай сукенцы.
Нездарма вядучая Ганна Макавецкая прамовіла:
— Та-а-ак, та-ко-га мілага і прыгожага снегападу не памятаюць тутэйшыя мясціны!
Святочную імпрэзу прыгожа аздаблялі юныя выканаўцы з дзіцячага вакальнага калектыву “Вясёлкавы мікс” і танцавальны гурт “Непаседы”.
Можна толькі паспачуваць журы, якое ўзначальвала дырэктар раённай цэнтралізаванай клубнай сістэмы Наталля Бернат: ой, нялёгкая гэта работа — ацэньваць жывую казку! Дарослыя, якім даверылі “журыць”, доўга раіліся і нарэшце вынеслі свой вердыкт: тузін маленькіх удзельніц атрымалі з рук кіраўніка ўзорнага фальклорнага калектыву “Дараносіца” Таццяны Грыцук граматы і падарункі, яшчэ пяцёра — дыпломы і прызы пераможцаў конкурсу-дэфіле навагодняй сукенкі. З задавальненнем пералічым гэтых самых-самых, узнагароджаных у пяці розных намінацыях: Яна Валчок, Каця Літвіновіч, Насця Хахол, Аня Русак і Маргарытка Віткоўская. Дарэчы, апошнія дзве Сняжынкі аказаліся самымі маленечкімі: дзяўчынкам толькі па тры годзікі, а ўжо не стрымаеш на шляху да перамогі гэтыя цуда-ходзікі!
Варта асобна прыгадаць сяброў-спонсараў, што пашчыравалі ў арганізацыі цудоўнага конкурсу. У іх ліку — буйнейшая страхавая арганізацыя Беларусі “Белдзяржстрах” і прыватны прадпрымальнік Святлана Аксюцік, гаспадыня любімай многім жабінкаўцам крамы “Свет падарункаў”.
Як толькі Сняжынкі сталі зноў проста дзяўчынкамі, госці свята далучыліся да сапраўднага “Навагодняга перапалоху”, у якім казачныя героі праводзілі вясёлую конкурсна-гульнёвую праграму.
Між тым набліжаўся час пакінуць памяшканне. Але зусім не дзеля таго, каб разысціся па хатах. Самае “смачнае” чакала наперадзе.
На прыступках ГДК разварочвалася новая дзея — канцэрт з удзелам самадзейных жабінкаўскіх выканаўцаў Валерыя Няменьшага і Аксаны Пракошынай, Веранікі Чарнаплечай і Ягора Кірылюка ды іншых.
Надзвычай прыемную місію выканала старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Ніна Калыбская. Пры ўваходзе ў глядзельную залу ГДК кожны міжволі звяртаў увагу на незвычайна ўпрыгожаную Ёлку. Яе аздобілі сваімі вырабамі юныя жабінкаўцы. І вось цяпер Ніна Уладзіміраўна падвяла вынікі і ўзнагародзіла пераможцаў конкурсу аўтарскіх ёлачных цацак “Сукенка для Ялінкі”. Пераможцамі аказаліся Ксенія Сямейка і Віка Мухамедзіева, Ульяна Дулевіч і Алена Фядыніч, Каця Дулевіч і Мікіта Празапас. Дыпломы ІІ ступені атрымалі Міша Кіслы, Аня Працук, Даша Кавыліна і сям’я Літвіновічаў. На “бронзавым” радку апынуліся Ганна Дземянчук, Валерыя Бакун і сям’я Дулевічаў.
Як толькі адгучаў музычны нумар “На парозе Новы год”, на прыступках ГДК з’явіліся Дзед Мароз і Снягурка. На шляху ў Белавежскую пушчу яны вырашылі “спыніцца ў нашым утульным гарадку, каб застацца тут на некалькі дзён ды ўпрыгожыць агеньчыкамі прыгажуню Ёлку”, а таксама адчыніць у ГДК “Гасцёўню Дзядулі Мароза”. Узяўшы кіраванне ў свае рукі, казачны зімні Дзед прыветна звярнуўся да маленькіх і дарослых, запрасіўшы да мікрафона кіраўніка раёна Дзмітрыя Гара-
дзецкага. Са свайго боку, Дзмітрый Мікалаевіч крыху расказаў пра поспехі, што прынёс 2018-ы, падзяліўся планамі на будычыню і сардэчна пажадаў усяго найлепшага жыхарам Жабінкаўшчыны ў годзе, які надыходзіць.
Аднак, каб гэты надыход адчуў кожны, патрабавалася ліквідаваць адну “заміначку”: вельмі гожая сёлетняя гарадская Ёлка (дзякуй за тое камунальнікам) патрабавала ўмяшальніцтва Дзеда Мароза, і той скамандаваў гучна:

Зажгись огнями яркими,
Нам лица озари
И в честь всеобщей радости
Сияй! Свети! Гори!

 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда