Абласны Савет “Белай Русі” на Жабінкаўшчыне

Абласны Савет “Белай Русі” на Жабінкаўшчыне

Анатоль РОСТАЎ.
Фота Святланы БЯЛЯК.

ПАМЕЖЖА ГАДОЎ — заўсёды адказны час, калі падводзяцца вынікі і плануецца жыццё надалей. Гэта стала адной з галоўных тэм на пашыраным пасяджэнні Брэсцкага абласнога Савета РГА “Белая Русь” і семінары-вучобе актыву грамадскай арганізацыі, што ладзіліся 14 снежня ў нашым раёне. Вялі мерапрыемствы прафесар Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта, ганаровы грамадзянін горада над Бугам, адначасова — старшыня абласнога Савета “Белай Русі” Пётр Пойта і яго намеснік Васіль Лашч.
Больш за тры дзясяткі актывістаў арганізацыі (у іх ліку — начальнік Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і спраў моладзі аблвыканкама Таццяна Гагакава, галоўны рэдактар газеты “Заря” і сябра рэспубліканскага Савета “Белай Русі” Аляксандр Лагвіновіч) мелі магчымасць абмеркаваць надзённыя пытанні і адначасова пазнаёміцца з жыццём нашага краю. Пра тое змястоўна распавёў гасцям старшыня Жабінкаўскага раённага выканаўчага камітэта Дзмітрый Гарадзецкі.
Сярод месцаў, дзе пабывалі прадстаўнікі актыву грамадскай арганізацыі, вылучаліся як прамысловыя, так і гістарычныя аб’екты краю. Прынамсі, на сустрэчы з дырэктарам ААТ “Вазнясенскі” Надзеяй Кандрацюк яны даведаліся пра асаблівасці работы з моладдзю на сельскагаспадарчым прадпрыемстве. Госці наведалі таксама пярвічку РГА “Белая Русь” на цукровым заводзе.
Разам з гендырэктарам прадпрыемства і сябрам рэспубліканскага Савета грамадскай арганізацыі Віктарам Міронавым ішла размова пра ўзаемадзеянне адміністрацыі і пярвічнай арганізацыі “Белай Русі” ў патрыятычным, маральным выхаванні, выпрацоўцы сацыяльнай адказнасці за лёс не толькі роднага завода, але й усяго раёна і нават краіны.
Бясспрэчна, запамінальным для гасцей з усіх куткоў Брэстчыны стаў прыезд у Спаса-Праабражэнскі мужчынскі манастыр у Хмелеве. Тут кожны меў магчымасць паслухаць расповед аб няпростай гісторыі гэтай крыніцы духоўнасці жабінкаўскай зямлі, а затым дакрануцца да мясцовай святыні — абраза Божай Маці Чанстахоўскай.
Адбыўся і яшчэ адзін візіт, журботны і сумны. Менавіта 14 снежня павінна было споўніцца 62 гады нараджэнцу Старога Сяла, генеральнаму дырэктару ААТ “Прадтавары”, ганароваму консулу Славацкай Рэспублікі ў Брэсце, сябру “Белай Русі” Міхаілу Козічу. На вялікі жаль, у сёлетнім маі Міхаіл Міхайлавіч заўчасна пайшоў з жыцця. Да месца яго пахавання на старасельскіх могілках быў ускладзены вянок.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Top