Ад школьных спаборніцтваў— у вялікі спорт

Ад школьных спаборніцтваў— у вялікі спорт

Алеся ДАБРАВЕСТ.

У Крыўлянскай сярэдняй школе прайшоў алімпійскі ўрок, прысвечаны баскетболу. З навучэнцамі пятага класа яго правяла выпускніца Крыўлянскай адзінаццацігодкі, а цяпер дзеючы ігрок гродзенскай баскетбольнай каманды “Алімпія”, член нацыянальнай зборнай па баскетболе (U-20) Кацярына Карпук.
Падчас урока госця расказала пра гісторыю ўзнікнення гульні, пра тыя патрабаванні, якія прад’яўляюцца да баскетбольных мячоў, адзення суддзяў, да вышыні, памераў і колеру баскетбольнага кальца. У гутарцы вучні ўспомнілі і правілы гульні.
Далей Кацярына распавяла пра нацыянальную зборную краіны па баскетболе, яе склад, падрабязна спынілася на гульцах — выхадцах з Гродна, расказала, як праходзяць трэніроўкі і дзе. Так, каманда збіраецца, калі праводзяцца чэмпіянаты Еўропы, свету ці Алімпійскія гульні. Увесь астатні час ігракі зборнай гуляюць за свой клуб. Зараз у разгары Чэмпіянат Беларусі па баскетболе, у якім прымае ўдзел і каманда “Алімпія”. Акрамя таго, яна ўдзельнічае ва ўсходнееўрапейскай лізе, у якой гуляюць мінскія “Цмокі”, а таксама каманды з Расіі, Эстоніі, Казахстана, Літвы, Латвіі, Швецыі, Чэхіі і іншых краін.
Вучні задавалі госці і пытанні. Напрыклад, як стаць спартсменам, як трапіць у вялікі спорт. Кацярына адзначыла, што ўсё пачынаецца з малога. У яе выпадку — са школьных спаборніцтваў. Потым дзяўчына ўвайшла ў склад зборнай каманды школы, абараняла гонар установы на раённых гульнях. Там яе прыкмецілі і запрасілі ў баскетбольную каманду “Бярозаўскія лісы”, трэнерам якой з’яўляецца Валерый Трухан. У яе складзе Кацярына Карпук прымала ўдзел у спаборніцтвах рознага ўзроўню: рэспубліканскіх, Славянскай і Дзіцяча-юнацкай баскетбольных лігах, якія праходзілі як на тэрыторыі Беларусі, так і ў Польшчы, Літве, Латвіі.
Ужо ў складзе гэтай каманды яе прыкмеціў заслужаны трэнер Рэспублікі Беларусь Аляксандр Шымкавяк, які і прапанаваў дзяўчыне “змяніць жыццё да лепшага”. Вось як атрымалася ў Кацярыны: ад школьных спаборніцтваў — у вялікі спорт.
Пяцікласнікі з цікавасцю разглядалі буклеты, якія прывезла спартсменка з чэмпіяната Еўропы — 2018, сувеніры і значкі. Яны не стрымаліся і прымералі яе ўзнагароды.
Нагадваць аб сустрэчы з Кацярынай Карпук вучням будуць шматлікія фотаздымкі, якія засталіся ў іх на добры ўспамін.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Top