Калі ў дом пагрукала бяда

Калі ў дом пагрукала бяда

Анатоль БЕНЗЯРУК.

Час ад часу ў рэдакцыю звяртаюцца чытачы з просьбай патлумачыць, як у раёне праводзяцца пахаванні, куды патрэбна перш-наперш звяртацца, калі ў дом раптам пагрукала бяда і даводзіцца праводзіць у апошні шлях блізкага чалавека.
ЯК ГАВОРЫЦЦА ў класічным творы, чалавек смяротны, часам раптоўна смяротны. На жаль, бывае, трагічная навіна прыходзіць знянацку, выклікаючы разгубленасць, смутак, а разам з імі неабходнасць тэрмінова займацца пахаваннем.
Адказваючы нашым чытачам, звярнуліся па тлумачэнні на гэты конт да кіраўніка Жабінкаўскага загса Галіны Аксюцік і начальніка аддзела сацыяльнай абароны ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Святланы Трафімчук.
Галіна Пятроўна расказала, што тэрмін для рэгістрацыі смерці заканадаўства вызначае ў сем дзён. Права здзяйсняць працэдуру маюць не толькі загс, але і сельвыканкамы.
Рэгістраваць факт спачыну можа не толькі сваяк, але ўвогуле любы чалавек, каму давяраюць родзічы памерлага. Дзеля гэтага патрабуецца падаць у загс (ці сельвыканкам) пашпарт нябожчыка (альбо іншы дакумент, што засведчыць ягоную асобу), пашпарт заяўніка, урачэбнае пасведчанне аб смерці, якое выдаецца медыцынскай установай.
Як правіла, рэгістрацыя праводзіцца па апошнім месцы жыхарства памерлага або там, дзе адбылася ягоная смерць. Зараз абавязкова паведамляць, дзе плануецца пахаванне на могілках (для сельскай мясцовасці — у сельвыканкам ці ў ЖКГ — для гараджан).
Каб атрымаць дапамогу на пахаванне, напрыклад, пенсіянера, загс выдае даведку, з якой патрэбна звярнуцца ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне раённага выканаўчага камітэта. Калі памёр працуючы, дапамога ў яго пахаванні аказваецца па апошнім месцы працы.
Са свайго боку, Святлана Дзмітрыеўна патлумачыла: упраўленне дзейнічае на падставе Закона Рэспублікі Беларусь “Аб пахаванні і пахавальнай справе” (зацверджаны ў лістападзе 2001 года) і “Інструкцыі па выплаце органамі па працы, занятасці і сацыяльнай абароне дапамогі на пахаванне за кошт сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання” (існуе з канца 2002 года).
Паводле згаданага закона дапамога выплачваецца асобам, што бяруць на сябе абавязак пахавання нябожчыка (за выключэннем асоб, што маюць права на пакрыццё расходаў на пахаванне адпаведна заканадаўству аб абавязковым страхаванні ад няшчасных выпадкаў на вытворчасці і прафесійных захворванняў) і не атрымаўшых дарам гарантаваныя паслугі ў пахаванні, калі зварот на пакрыццё расходаў адбыўся не пазней за шэсць месяцаў са дня смерці, а ў выпадках доўгага пошуку памерлага — не пазней за шэсць месяцаў з дня пахавання.
Памер дапамогі ў снежні складае 999 рублёў 70 капеек. Ён выплачваецца за кошт сродкаў:
— бюджэту дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва краіны — у выпадку зыходу асобы, на якую на дзень смерці ці на працягу не менш за 10 гадоў распаўсюджвалася дзяржаўнае сацыяльнае страхаванне і выплачваліся абавязковыя страхавыя ўзносы; пенсіянера, што атрымліваў пенсію са сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання; беспрацоўнага, зарэгістраванага ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне; дзяцей названых асоб, што не дасягнулі 18 гадоў (навучэнцаў да 23-гадовага ўзросту);
— мясцовага бюджэту — у выпадку зыходу асобы, за якую альбо якою не выплачваліся на дату смерці абавязковыя страхавыя ўзносы або выплачваліся меней за дзесяць гадоў, не пенсіянера, зарэгістраванага на дзень смерці ў Жабінкаўскім раёне, ці смерці яго дзяцей, не дасягнуўшых 18 гадоў (навучэнцаў да 23-гадовага ўзросту); у выпадку нараджэння мёртвага дзіцяці праз 196 дзён цяжарнасці, адзін з бацькоў якога пражывае на Жабінкаўшчыне; пры пахаванні асобы, што адбывала пакаранне ў выпраўленчай установе, але да гэтага мела рэгістрацыю ў нашым раёне; у выпадку пахавання асобы без адпаведнага месца жыхарства альбо памерлага на тэрыторыі Жабінкаўшчыны, чыя асоба не вызначана РАУС.
Асобна скажам пра пахаванне інваліда Вялікай Айчыннай вайны або асобы, што атрымлівала пенсію за асаблівыя заслугі перад краінай. Дапамога пры іх праводзінах у іншы свет выплачваецца ў памеры двухмесячнай сумы пенсіі, але не менш па памеры за сярэднюю зарплату ў рэспубліцы (тых самых 999 рублёў і 70 капеек).
Для афармлення дапамогі асоба, што арганізуе пахаванне, прадастаўляе ва ўпраўленне наступныя дакументы: заяву, пашпарт ці іншы дакумент, які сведчыць пра асобу заяўніка, даведку аб смерці; даведку пра нараджэнне (пры яе наяўнасці) — у выпадку скону дзіцяці (дзяцей), даведку пра тое, што памерлы ва ўзросце ад 18 да 23 гадоў на дзень смерці набываў веды ў адпаведнай навучальнай установе — калі нябожчык у згаданым маладым узросце.
Дапамога на пахаванне ў выпадку смерці застрахаванага (акрамя застрахаванага, які плаціў узносы самастойна ў парадку, вызначаным заканадаўствам, або з’яўляецца пенсіянерам) выдаецца плацельшчыкам узносаў па апошнім месцы працы нябожчыка. Дапамога на пахаванне, калі памірае дзіця застрахаванага, таксама выплачваецца плацельшчыкам узносаў па апошнім месцы працы аднаго з бацькоў (усынавіцеля, удачарыцеля) ці апекуна.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Top