“Жалезная” лэдзі працуе ў ПМК-10

“Жалезная” лэдзі працуе ў ПМК-10

Святлана БЯЛЯК. Фота аўтара.

За сваю больш чым паўвекавую гісторыю Жабінкаўская ПМК-10 зрабіла значны ўнёсак у развіццё роднага краю, бо пабудавала звыш 700 капітальных аб’ектаў, а таксама больш за 170 тысяч квадратных метраў жылля для гараджан і вяскоўцаў.
Каб своечасова выконваць падрадныя работы, тут арганізавана падсобная гаспадарка. Ёсць растворны вузел, лесапільны і сталярны цэхі, па вырабе зварных металаканструкцый і нарыхтовак з труб, пляцоўка з кранам для вытворчасці вырабаў з жалезабетону.
У цэхах задзейнічана не так многа работнікаў, аднак іх уклад у агульную справу важкі: яны дапамагаюць збалансаваць забеспячэнне будаўнічых аб’ектаў і эканоміць грошы.
Сапраўдны гонар цэха металаканструкцый —
работнікі, а дакладней, работніцы. Алена Дрозд і Надзея Багіна — зваршчыцы, а Ірына Садоўская — падсобны рабочы. Нетыповая для жанчын прафесія, аднак яны не саступаюць калегам-мужчынам. Тут, у цэху, вырабляюцца ўсе нестандартныя элементы для будоўлі — сеткі, арматурныя ўстаноўкі, кранштэйны і іншыя вырабы. У цэлым да 200 тон зварных металаканструкцый і нарыхтовак у год. Тут “нараджаюцца” таксама наборы для ўстройства вадасцёкаў і дахаў (парапеты, злівы, жалабы, варонкі, фартухі, каўпакі).
Алена Міхайлаўна галоўным чынам зварвае металічныя рашоткі на машынах кантактнай зваркі. У яе гэта атрымліваецца спрытна і акуратна.
— Тут ужо справа звычкі, — усміхаецца зваршчыца. — За чвэрць веку навучылася… Люблю працаваць з металам. Такая я “жалезная” лэдзі…
Проста дзіву даешся, як гэтая “лэдзі” спрытна накідвае на стол арматурыны, хуценька накладвае іх адна на адну, шчоўк-шчоўк — і чарговая ячэйка сеткі надзейна замацоўваецца кантактнай зваркай. Не звяртаючы ўвагі на лязгат металу, жанчына паспявае расказаць вясёлы выпадак са свайго жыцця, праверыць трываласць шва на рашотцы і пералічыць, колькі іх за сёння ўжо “наварыла”.
Алена Міхайлаўна, нягледзячы на чыста мужчынскую прафесію, захавала жаноцкасць, прывабнасць, прыцягальнасць. Яна — душа любой кампаніі. З Аленай лёгка працуецца калегам, нягледзячы на тое, што яна, як брыгадзір, мае ў падначаленні некалькіх мужчын, дый родныя ніколі не чуюць ад яе скаргі на цяжкасці. Мо таму, што ў хаце клопатаў не менш (як-ніяк, нарадзіла і выгадавала пяцярых дзяцей!), дый лічыць сябе вынослівай і моцнай.

Popularity: 1%

Top