Шахматы і шашкі — гульні для інтэлектуалаў

Шахматы і шашкі — гульні для інтэлектуалаў

Анатоль РОСТАЎ.

Напрыканцы лістапада ў Брэсце прайшоў шахматна-шашачны турнір сярод прафсаюзных пярвічак абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў мясцовай прамысловасці і камунальна-бытавых прадпрыемстваў. У ім годна выступілі прадстаўнікі Жабінкаўшчыны, якія вярнуліся дамоў з поспехам.
Шахматы і шашкі, якія нездарма лічацца гульнёй інтэлектуалаў і нават імператараў ды каралёў, здаўна атрымалі шырокае распаўсюджанне ў Беларусі. Вядома, не застаюцца ўбаку і прафсаюзныя арганізацыі. Каб яшчэ больш пашыраліся любімыя гульні сярод сяброў прафсаюзаў ды ўзрастала іх папулярнасць у нашай вобласці, і быў арганізаваны згаданы турнір. Месцам яго правядзення стаў шахматна-шашачны клуб у горадзе над Бугам.
Для таго, каб памерацца сіламі ў інтэлектуальных гульнях і вызначыць мацнейшых, сышліся прадстаўнікі прафсаюзаў работнікаў мясцовай прамысловасці і камунальна-бытавых прадпрыемстваў з усіх куткоў Брэстчыны. Усяго ў турніры паўдзельнічалі 20 каманд, што аб’ядноўвалі 75 спартсменаў-аматараў.
Наш раён прадстаўлялі камунальнікі. У склад каманды КУШВП ЖКГ “Жабінкаўская ЖКГ” увайшлі рабочы ўчастка “Добраўпарадкаванне і саначыстка” Валянцін Аксаментаў, спецыяліст па закупках Аляксандр Быкаў і бухгалтары Ніна Сахвон ды Наталля Мацвяюк (на здымку).
Яны годна пазмагаліся за бела-чорнымі дошкамі, таму і вынік аказаўся надзвычай прыемным: у асабістым заліку па шахматах Валянцін Васільевіч (сярод мужчын) і Ніна Мікалаеўна (сярод жанчын) былі другімі на спаборніцтве.
Агульнакамандны поспех таксама вельмі радуе: спартсмены з Жабінкаўскай камунальна-жыллёвай гаспадаркі святкавалі трэцяе месца сярод двух дзясяткаў каманд вобласці.
Віншуем іх з удалым выступленнем, зычым новых гучных перамог!

Popularity: 1%

Top