Анатоль БЕНЗЯРУК. Фота аўтара.
Сёлета грамадскае аб’яднанне “Беларускае таварыства інвалідаў” адзначае круглую дату — 30 гадоў з дня свайго заснавання. З гэтай нагоды ў горадзе над Бугам ладзіўся ўжо сёмы па ліку абласны фестываль творчасці інвалідаў, вядомы пад красамоўнаю назвай “Разам мы мацнейшыя”.
ІМПРЭЗА ЛАДЗІЛАСЯ 21 лістапада ў канцэртнай зале Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра. Групу жабінкаўцаў, якім творчасць дапамагае ў паўсядзённым жыцці знайсці сябе ў прыгожым мастацтве наперакор усялякім хваробам, узначальвала старшыня раённай арганізацыі “БелТІ” Анжэла Шыкунец.
Па словах Анжэлы Міхайлаўны, зала сапраўды бурліла, калі шматлікія выступоўцы са ўсіх без выключэння куткоў Берасцейшчыны, што дэманстравалі свае таленты ў музычным, песенным, разнастайных выяўленчых жанрах, узнімаліся на сцэну па ўзнагароды.
Трэба сказаць, на гэты раз было надзвычай прадстаўнічае журы, узначаленае Марыяй Аласюк. На Брэстчыне Марыя Дзмітрыеўна вядомая тым, што шмат гадоў і сіл прысвяціла культуры вобласці, выяўляючы нават у самых глыбінках палескай зямлі сапраўды таленавітыя самародкі.
Паколькі год для арганізацыі выдаўся асабліва святочным, шмат цёплых слоў гучала і ў адрас арганізатараў таварыства, згадваўся шлях, пройдзены за 30 гадоў, распавядалася пра мэты, якія патрэбна ажыццявіць далей. Сярод ганаровых гасцей пачэснае месца займаў намеснік старшыні “Беларускага таварыства інвалідаў” Сяргей Драздоўскі. Дарэчы, Сяргей Яўгенавіч ра-зам з кіраўніком арганізацыі Уладзімірам Патапенкам у далёкім ужо 1988 годзе стаяў ля самых вытокаў. Віншаванні з нагоды юбілею прагучалі і з вуснаў старшыні праўлення абласной арганізацыі “БелТІ” Валянціны Ізаак, а таксама ад Святланы Бароўскай, якая знайшла досыць цёплых слоў, каб выказаць падзяку ад імя камітэта па працы і сацыяльнай абароне насельніцтва аблвыканкама ў адрас усіх людзей, што насуперак няпростым жыццёвым абставінам адшукалі ў сабе сілы, каб ствараць прыгожыя і запамінальныя творы. За тое кожны быў адзначаны дыпломам удзельніка і падарункам, прыдбаным за кошт найбуйнейшых прадпрыемстваў вобласці, такіх, як “Савушкавы прадукт”, ды іншых. Былі названы і найлепшыя, адзначаныя ў сваіх намінацыях.
Надзвычай прыемна, што ў ліку апошніх апынуліся і прадстаўнікі Жабінкаўшчыны.
Дыплом трэцяй ступені за свае карціны “Пацалунак”, “Кветкі”, “Конь на вадапоі” атрымала Лідзія Піліпаўна Варабей. Свае палотны жанчына стварае з дапамогай вышыўкі крыжыкам, яе карпатлівая праца пакінула добрае ўражанне ў журы і гледачоў.
У намінацыі “Выяўленчае мастацтва. Жывапіс” святкаваў перамогу на фестывалі Вадзім Віктаравіч Дрыч. Ён прыгадаў, што ўжо з другога класа займаўся маляваннем, яшчэ ў дзяцінстве меў за свае творы два міжнародныя дыпломы. Сапраўднае другое дыханне адкрылася ў творчасці, калі выйшаў на пенсію. Сёлета на суд аматараў мастацтва Вадзім Віктаравіч прадстаўляў акварэлі “Брэсцкая крэпасць”, “Дойлідства старажытнай Русі”, “Восень”. Апошні твор, які самадзейны майстар лічыць найбольш удалым, прысвяціў каханай жонцы Іне Віктараўне.
На здымку: уладальнік дыплома першай ступені на фестывалі “Разам мы мацнейшыя”
Вадзім ДРЫЧ са сваімі творамі.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%